Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі лекар зь Нямеччыны: у мяне няма аптымізму, што эпідэмію ў Беларусі ўдасца ўтрымаць пад кантролем


Апусьцелы цэнтар Бэрліну каля Брандэнбурскай брамы

Лекар беларускага паходжаньня зь нямецкага гораду Дортмунд Аляксандар Глугоўскі расказвае, якія захады супраць пандэміі каранвіруса прымаюцца ў Нямеччыне і параўноўвае іх з тым, што адбываецца ў Беларусі.

Сьцісла

  • Нават сусьветна вядомы Інстытут імя Робэрта Коха памыліўся ў ацэнцы маштабаў і небясьпекі пандэміі
  • Улады Нямеччыны спазьніліся з прыняцьцем жорсткіх абмежавальных захадаў
  • Цяпер у краіне дзейнічае жорсткі карантын
  • У Беларусі кідаецца ў вочы адсутнасьць дастатковай i своечасовай інфармацыі, а таксамат закрытасьць прыняцьця рашэньняў
  • Улічваючы асаблівасьці віруса і захворваньня, якое ён выклікае, няма аптымізму, што эпідэмію ў Беларусі ўдасца ўтрымаць пад кантролем

— Як нямецкія ўлады адказалі на пандэмію? Ці аказалася нямецкая сыстэма аховы здароўя падрыхтаванай да такога выкліку?

— Зразумела, што ёсьць уласьцівыя любой складанай сыстэме хранічныя і надзённыя праблемы. Аднак, арганізацыя і інфраструктура, тэхнічная аснашчанасьць, фінансаваньне і даступнасьць насельніцтву — цудоўныя ў параўнаньні з большасьцю іншых краін.

Аляксандар Глугоўскі
Аляксандар Глугоўскі


Наколькі можна быць гатовым да падобнай сытуацыі? Нават адзін з сусьветных профільных цэнтраў — інстытут Робэрта Коха ў Бэрлін — нядаўна прызнаў, што да сярэдзіны лютага не прагназаваў разьвіцьця падобнага драматычнага сцэнару ў Эўропе і сьвеце.

Хоць, нават мне, не эпідэміёлягу, пасьля пацьверджаньня Кітаем у пачатку студзеня інфармацыі аб перадачы віруса паміж людзьмі, і хуткім разрастаньні эпідэміі ў Кітаі ў другой палове студзеня зь першымі выпадкамі ў краінах па пэрыфэрыі, стала відавочным, што пандэміі не пазьбегнуць.

У маім дакладным прагнозе няма нічога дзіўнага. Сама складанасьць калектыўнага прыняцьця рашэньняў часта вызначае інэртнасьць і адставаньне ад сытуацыі.

Але нават з улікам гэтага адставаньня магутны патэнцыял аховы здароўя Нямеччыны аказаўся на вышыні і цяпер больш-менш пасьпяхова рыхтуецца да магчымых сцэнараў разьвіцьця эпідэміі. Працуюць экспэртныя групы асноўных міністэрстваў і профільных спэцыялістаў — мэдыкаў, мэнэджэраў, эканамістаў, фінансістаў і лягістыкаў. Практычна ў кругласутачным рэжыме працуе фэдэральны крызісны штаб.

У краіне з улікам вопыту і памылак суседніх краін, пастаяннага маніторынгу сытуацыі і рэкамэндацый навукоўцаў паэтапна прымаюцца неабходныя карантынныя захады і абмяжоўваюцца сацыяльныя кантакты.

Разгортваньне цэнтру для прыёму хворых на каранавірус у адным з выставачных цэнтраў Бэрліну
Разгортваньне цэнтру для прыёму хворых на каранавірус у адным з выставачных цэнтраў Бэрліну

Ідзе мабілізацыя стацыянарных рэзэрваў, у лябараторыях выпрабоўваюцца патэнцыйныя прэпараты і мэтодыкі лячэньня, працуюць навукова-дасьледчыя цэнтры. Асноўныя супрацьэпідэмічныя рэглямэнтацыі, указы і рэкамэндацыі прымаюцца на фэдэральнай узроўні. У іх рамках — свабода дзеяньняў на ўзроўні зямель.

Цяпер бальніцы спрабуюць вызваліць месцы ў рэанімацыях і трымаць іх свабоднымі для covid-пацыентаў. За кожнае свабоднае абсталяванае месца дзяржава плаціць €600 за суткі.

— Якія ў краіне прынятыя абмежавальныя захады?

— У Зямлі Паўночны Рэйн-Вэстфалія, дзе я жыву, як і ва ўсёй ФРН, з 22 сакавіка па 19 красавіка (а хутчэй за ўсё і даўжэй) уведзеныя жорсткія карантынныя абмежаваньні:

  • працуюць толькі дыскаўнтэры і невялікія прадуктовыя крамы, аптэкі, лячэбныя ўстановы, гарадзкія службы і некаторыя прадпрыемствы, якія забясьпечваюць функцыянаваньне неабходнай інфраструктуры.
  • зачыненыя ўсе ўстановы грамадзкага харчаваньня, кінатэатры, тэатры, бібліятэкі, музэі, спартовыя і фітнэс-цэнтры, касмэтычныя салёны, цырульні і да т. п.
  • ужо некалькі тыдняў, як зачыненыя ўсе навучальныя і дашкольныя ўстановы.
  • забаронена зьбірацца больш за два чалавек, калі яны не сваякі і не партнэры, якія жывуць сумесна.
  • дыстанцыя паміж людзьмі павінна захоўвацца ня менш за паўтара мэтра
  • пакупкі дазволена рабіць ў найбліжэйшых крамах
  • можна займацца спортам па-за домам, але ня больш за два чалавекі разам

У першыя дні гэта нярэдка парушалася, таму 25 сакавіка ўзмацнілі жорсткасьць пакараньняў — ад 200 да 25 000 эўра. На людзей, якія зьбіраюцца групамі больш за 10 чалавек, могуць завесьці крымінальную справу.

Апусьцелы гістарычны цэнтар Дрэздэну
Апусьцелы гістарычны цэнтар Дрэздэну

— У чым галоўнае адрозьненьне сыстэм аховы здароўя Нямеччыны і Беларусі?

— У Нямеччыне дзяржава фінансуе асноўныя навуковыя цэнтры і ўнівэрсытэцкія клінікі, якія акрамя лячэньня пацыентаў, вядуць і навуковыя дасьледаваньні. Астатнія стацыянары — прыватныя або іх курыруюць рэлігійныя дабрачынныя фонды асноўных цэркваў — Каталіцкай «Карытас» і Эвангелічнай «Дыяканія».

Няма паліклінік, але ёсьць прыватныя праксісы (кабінэты) лекараў агульнага профілю, хатніх лекараў, лекараў вузкіх спэцыяльнасьцяў. Часам, некалькі такіх лекараў аб’ядноўваюцца ў агульны праксіс.

Практычна адсутнічае выклік лекара на дом. Толькі ў выпадку вельмі цяжкай або пагрозьлівай сытуацыі абгрунтаваны выклік аналяга хуткай дапамогі. Распаўсюджана сыстэма прыватных фірмаў, якіх субсыдзіруе дзяржава, для пастаяннага мэдычнага сястрынскага догляду на хаце за цяжкімі хранічнымі хворымі або пажылымі людзьмі з мэдычнымі паказаньнямі.

Часовыя павілёны для прыёму людзей з падазрэньнем на каранавірус каля гарадзкой бальніцы Дортмунду
Часовыя павілёны для прыёму людзей з падазрэньнем на каранавірус каля гарадзкой бальніцы Дортмунду

— Значыцца, усё ж нават такая моцная і добра арганізаваная сыстэма аховы здароўя, як нямецкая, спазьнілася з рэакцыяй на каранавірус?

— Паколькі ўлады кіраваліся рэкамэндацыямі інстытуту Робэрта Коха, то, як я ужо казаў, з прычыны недакладнага прагнозу пандэміі кохаўскімі экспэртамі, было спазьненьне. Былі і некаторыя першапачатковыя памылковыя рашэньні.

Гэта абумовіла частку далейшых тэхнічных і арганізацыйных праблем, характэрных для ўсіх краін. Напрыклад, недахоп патрэбных сродкаў індывідуальнай абароны, прамаруджваньне з пачаткам карантыну.

Адной з сур’ёзных памылак, было рашэньне не адмяняць правядзеньня традыцыйнага штогадовага Рэйнскага карнавалу ў канцы лютага, у якім за некалькі дзён прымае ўдзел некалькі мільёнаў жыхароў заходняга рэгіёну. Пасьля карнавалу ўзьнік асноўны ачаг эпідэміі ў ФРН.

На міжвольную недаацэнку сытуацыі таксама паўплывала пасьпяховая і хуткая (без сьмяротных зыходаў) лякалізацыя першага эпізадычнага ачага ў Мюнхэне ў канцы студзеня.

— Як ва ўмовах пандэміі каранавіруса аказваецца дапамога тым, хто ня мае страхоўкі (калі такія ёсьць)?

— Любы чалавек, які жыве ў Нямеччыне або прыяжджае ў краіну, абавязаны мець мэдычную страхоўку або забясьпечваецца ёю, як, напрыклад, уцекачы. Таму такой праблемы не існуе.

Правядзеньне тэстаў на каранавірус у адной зь лябараторый Бэрліну
Правядзеньне тэстаў на каранавірус у адной зь лябараторый Бэрліну

— Ці ёсьць у Нямеччыне розьніца ў падыходзе да хворых паміж прыватнымі і дзяржаўнымі бальніцамі? Ці адыгрывае ролю маёмасная няроўнасьць, узровень даходу пацыентаў?

— У аснове аховы здароўя ФРН — абавязковае страхаваньне усяго насельніцтва з гарантаваным законам аднолькавым узроўнем і даступнасьцю мэдычнага забесьпячэньня.

Група з высокім узроўнем даходаў і дзяржаўныя служачыя маюць права прыватнай страхоўкі, якая дае магчымасьць некаторых пераваг — меншы час чаканьня кансультацыі ў спэцыялістаў высокага ўзроўню, разьмяшчэньне ў аднамеснай палаце і т. д. Але не ў аб’ёме мэдычнай дапамогі.

Няма істотнай розьніцы ў чыста мэдычным аспэкце паміж дзяржаўнымі і прыватнымі стацыянарамі і бальніцамі пад патранажам Каталіцкай і Эвангелічнай цэркваў.

— Як вам зь Нямеччыны бачыцца сытуацыя з пандэміяй каранавіруса ў Беларусі? Наколькі спазьніліся з рэакцыяй? Ці ня позна ўжо ўводзіць карантын?

— Першае, што кідаецца ў вочы — адсутнасьць дастатковай i своечасовай інфармацыі. Закрытасьць прыняцьця рашэньняў. Складана рабіць нейкія высновы, калі ня ведаеш, на якія прагнозы і мадэлі экспэртаў абапіралася кіраўніцтва дзяржавы, прымаючы стратэгію практычнай адсутнасьці карантынных мер — як унутры краіны, так і на зьнешніх межах.

Зыходзячы толькі з эпідэміялягічных здагадак і ўлічваючы спэцыфіку Беларусі — агульную шчыльнасьць і разьмеркаваньне насельніцтва, дэмаграфічны склад, а таксама асаблівасьці віруса SARS-CoV-2 — яго высокую кантагіёзнасьць, працягласьць бессымптомнага інкубацыйнага пэрыяду і лятальнасьць (на цяперашні момант на парадак вышэйшую за лятальнасьць пры эпідэміях сэзонных грыпаў), мне прынятая ў Беларусі стратэгія бачыцца больш чым рызыкоўнай.

Нагадаю, я не эпідэміёляг і таму не экспэрт у поўным сэнсе. Аднак адсутнасьць дастатковай і даступнай інфармацыі з абгрунтаваньнем як прынятых, так і не прынятых мераў, і драматычнае разьвіцьцё падзеяў у краінах, якія згубілі час для жорсткіх карантынных абмежаваньняў з наступным каляпсам структур аховы здароўя і высокай сьмяротнасьцю, а таксама паступовая вымушаная зьмена тактыкі і ўзмацненьне жорсткасьці абмежаваньняў у Вялікабрытаніі, ЗША і нават Швэцыі, не пакідае мне дастатковага аптымізму.

Зносіны зь некалькімі калегамі ў Беларусі, іх ацэнка сытуацыі і яе дынамікі таксама выклікае занепакоенасьць прагнозам. Магчыма, стаўка робіцца на інфэкцыяністаў і санітарна-эпідэміялягічную службу Беларусі, узорную ў часы СССР. Магчыма, яна структурна і функцыянальна эфэктыўная і цяпер.

Аднак, паўтару: улічваючы асаблівасьці віруса і захворваньня, якое ён выклікае, у мяне няма аптымізму, што эпідэмію ўдасца ўтрымаць пад кантролем.

Хутчэй за ўсё, кіраўніцтвам Беларусі прадугледжаныя рэзэрвовыя сцэнары, распрацаваныя эпідэміёлягамі. Але пытаньне, наколькі яны эфэктыўныя? Калі і нават той, які прымяняецца цяпер, не выглядае адэкватным праблеме.

***

Аляксандар Глугоўскі — лекар-кардыёляг. Нарадзіўся ў Менску, з 2002 году жыве і працуе ў Фэдэратыўнай Рэспубліцы Нямеччыне. Цяпер — лекар у Добраахвотнай фэдэральнай мэдычнай службе BFD у горадзе Дортмунд.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG