Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: «У нас няма ніякай самаізаляцыі», пацыентаў ня варта ізаляваць «аж на 14 дзён»

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка 13 красавіка прыняў з дакладам міністра аховы здароўя Ўладзімера Караніка і шэраг іншых чыноўнікаў. Сам ён заявіў, што «ніхто ад каранавірусу ў нашай краіне не памрэ»​, а таксама што пацыенты «перасталі змагацца за сваё жыцьцё».

Як піша БелТА, Лукашэнка на нарадзе заявіў, што і ніякай самаізаляцыі ў сувязі з пандэміяй каранавірусу ў Беларусі няма. Таксама ён заклікаў не ізаляваць людзей дома на 14 дзён.

«Апошнім часам мы кажам: самаізаляцыя, самаізаляцыя... Адкрыта скажам, у нас няма ніякай самаізаляцыі, — казаў Лукашэнка. — Гэта фактычна амбуляторнае лекаваньне. Мы ж на гэтую самаізаляцыю накіроўваем людзей рашэньнем лекара. Гэта было маё жалезнае патрабаваньне — выпрацуйце дакумэнты».

Пры тым ад 9 красавіка ў Беларусі афіцыйна акрэсьленая працэдура «самаізаляцыі». На яе цяпер маюць накіроўвацца тыя, хто прыбыў з «эпідэмічна неспрыяльных краінаў», а таксама «кантакты першага ўзроўню» (тыя, хто шчыльна кантактаваў з інфікаванымі) і «кантакты другога ўзроўню» з сымптомамі вострых рэсьпіраторных інфэкцыяў.

На самаізаляцыі, паводле пастановы Савету міністраў, ня ладзіцца лекаваньне або штодзённае назіраньне за пацыентам. У выпадку пагаршэньня здароўя (павышэньне тэмпэратуры звыш 37°С, кашаль, задышка) самаізаляваным загадана зьвяртацца ў «хуткую дапамогу» па нумары 103 або праз SMS (паведаміўшы пры гэтым пра рэжым самаізаляцыі).

Лукашэнка ж апісаў гэты працэс так:

«Лекар бачыць ужо з досьведу, што яго там трымаць ня трэба, але трэба паберагчы. Мы яму, груба кажучы, па-народнаму, у зубы дакумэнт, ён расьпісваецца, а доктар яму прапісвае 3, 5, 7 дзён на гэтую самаізаляцыю — гэта значыць, гэта фактычна амбуляторнае лекаваньне. Ён у нас на кантролі. Калі трэба, мы яго лекуем, доктар прыходзіць. Міліцыя кантралюе, каб ён гэтыя 3 або 5 прапісаных у дакумэнце дзён сядзеў дома».

12 красавіка намесьніца міністра аховы здароўя Беларусі Алена Богдан расказала, што цяпер «прапрацоўваецца варыянт» выпраўляць на самаізаляцыю і хворых на COVID-19 у лёгкай форме. Паводле яе, на 12 красавіка на самаізаляцыі ў Беларусі было каля 5000 чалавек.

Пры тым і Лукашэнка, і міністар аховы здароўя абураліся тым, што раней сотні выпраўленых на «самаізаляцыю» не выконвалі рэжым.

«Ня будзе ён 14 дзён сядзець»

Лукашэнка заклікаў лекараў не накіроўваць на «амбуляторнае лекаваньне ў хатніх умовах» (так ён назваў самаізаляцыю) на 14 дзён «толькі дзеля нейкай перастрахоўкі».

«Некаторыя лекары ў гэтым дакумэнце накіроўваюць на гэтае лекаваньне, самаізаляцыю аж на 14 дзён, — казаў Лукашэнка. — Ня будзе ён 14 дзён сядзець. Гэта фактычна чалавек, які выздараўлівае, або здаровы. Пішыце столькі, колькі трэба.

Слухайце, калі 14 дзён, то яго ўжо лепш у стацыянары трымаць. Мы ж адпускаем тых, хто ідзе на выздараўленне, прытым добрымі тэмпамі. У яго сымптомаў няма ніякіх. Лекар бачыць, што ён можа дома далячыцца».

Паводле Сусьветнай арганізацыі здароўя, у COVID-19 ёсьць «інкубацыйны пэрыяд», у які хвароба ня мае сымптомаў. Большасьць дасьледаваньняў ацэньвае гэты пэрыяд у 1–14 дзён або 2–14 дзён, найчасьцей да 5 дзён. Але ў гэты пэрыяд інфікаваны можа перадаваць вірус іншым.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG