Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэдсястра з цукровым дыябэтам адмаўляецца працаваць у інфэкцыйным кабінэце. Загадчык паліклінікі: «Гэта абавязак»


Натальля Каролік
Натальля Каролік

«Адміністрацыя ня ў стане забясьпечыць мяне сродкамі асабістай аховы: маскамі, пальчаткамі, халатамі, ручнікамі», — піша ў заяве на імя загадчыка паліклінікі мэдсястра Натальля Каролік.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

«Сродкі аховы — гэта вашы праблемы: шыйце маскі, рабіце што хочаце»

Хворая на цукровы дыябэт мэдсястра агульнай практыкі Баранавіцкай гарадзкой паліклінікі № 3 Натальля Каролік расказала карэспандэнту Свабоды, што яе прымушаюць працаваць у інфэкцыйным кабінэце.

Са сваёй хваробай Натальля Каролік адносіцца да групы рызыкі ў выпадку заражэньня каранавірусам. Жанчына напісала заяву на імя загадчыка паліклінікі Мікалая Фядзько, каб яе не накіроўвалі працаваць у інфэкцыйны кабінэт, дзе прымаюць людзей, у якіх можа быць каранавірус.

«Прашу вас вызваліць ад выхаду ў асяродак інфэкцыі, бо адміністрацыя ня ў стане забясьпечыць мяне сродкамі асабістай аховы: маскамі, пальчаткамі, халатамі, ручнікамі. Я маю хранічнае захворваньне — цукровы дыябэт. На маім утрыманьні інвалід. У выпадку маёй сьмерці пра яго ня будзе каму паклапаціцца. Адмаўляюся ад выхаду ў асяродак і рэгістратуру», — напісала ў сваёй заяве мэдсястра Натальля Каролік.

Натальля расказала, што ў паліклініцы зрабілі інфэкцыйны кабінэт, які цяпер прымае пацыентаў з тэмпэратурай і прыкметамі ВРІ (вострай рэсьпіраторнай інфэкцыі). Калі чалавек мае высокую тэмпэратуру, кашляе, чхае, ён павінен па паказальніку ісьці ў гэты кабінэт праз асобны ўваход.

«Я ня бачу ніякага толку ў гэтым кабінэце. Гэтыя разьмежаваньні нічога не даюць. Бо людзі, якія прыйшлі з асобнага ўваходу, атрымалі кансультацыю, бальнічны, потым выходзяць у тую ж рэгістратуру па талён на другі прыём ужо да свайго тэрапэўта і стаяць у чарзе зь іншымі людзьмі, кашляюць і чхаюць».

Паводле Натальлі Каролік, інфэкцыяністы ўхіляюцца ад працы ў гэтым кабінэце, цяпер туды накіроўваюць лекараў і мэдсясьцёр агульнай практыкі.

«Прымушаюць усіх. Ёсьць мэдсёстры на групе інваліднасьці, і таксама ідуць. Людзі абураныя, але баяцца. У нас няма ні абароны, ні дэзсродкаў у патрэбнай колькасьці, усё мы набываем за свае грошы. Калі я напісала заяву, што адмаўляюся, мяне выклікалі да начальніка. Вельмі актыўнай была яго намесьніца, якая сказала, што сродкі аховы — гэта „вашы праблемы“: шыйце маскі, рабіце што хочаце, — расказвае Натальля Каролік. — Як сказаў загадчык, што калі ён мне дазволіць, то ўсе напішуць заявы, бо ніхто ня хоча працаваць у гэтым кабінэце. Бо мы ня ведаем, хто туды прыходзіць, а па-другое, у нас няма сродкаў аховы. Мне сказалі, калі мяне гэта напружвае, то пашый маскі сама».

Як расказала Натальля Каролік, загадчык паліклінікі Мікалай Фядзько нагадаў ёй пра магчымасьць звальненьня.

«Я бачыла, як Фядзько размахваў гэтай заявай, але ён сказаў, калі я ня выйду працаваць у асяродак, то будзе прызнана, што я адмаўляюся выконваць свае абавязкі, і паводле артыкулу № 42 Працоўнага кодэксу мяне звольняць».

Натальля кажа, што зь ёй гутарылі жорстка, і яна запісала гэту размову на дыктафон.

«На наступны дзень мяне выклікаў загадчык Мікалай Фядзько, бо яму не спадабаўся артыкул пра мяне на Радыё Рацыя. Ён крычаў на мяне, хапаў за рукі. Баяўся, што я ўключу дыктафон і спрабаваў вырваць мой тэлефон. Калі я выйшла, то мне стала дрэнна і выклікалі „хуткую“, бо ў мяне быў гіпэртанічны крыз».

Натальля Каролік кажа, што на наступны дзень прыйшла на працу. «Проста шкада стала доктара, бо нагрузка вельмі вялікая», — тлумачыць яна.

«Мы прынялі 30 чалавек на сваім працоўным месцы ў сябе ў кабінэце. Потым я пайшла ў сваю паліклініку, дзе мяне агледзелі і сказалі, што ў мяне віруснае захворваньне, і адразу далі бальнічны. Але ў бальнічным віруснае захворваньне ня пішуць, бо гэта забаронена Міністэрствам аховы здароўя. Пішуць «катаральныя зьявы, лярынгіт, трахеіт, усё што заўгодна, толькі не ВРІ. З таго часу я на бальнічным».

Натальля кажа, што ў яе кашаль і моцная слабасьць, але ніхто не прапанаваў ёй здаць тэст на каранавірус.

«Калі шчыра, то мэдыкі задыхаюцца. Але мы гатовыя працаваць, мы любім сваіх людзей і краіну. Але нам не даюць ніякай абароны: ні пальчатак, ні масак, ні дэзсродкаў няма. Пасьля артыкулаў у СМІ пабойваюцца. Старшая мэдсястра ўзяла ў мяне флякон і наліла туды нейкую вадкасьць і паставіла ў дазатар. Я спыталася, што ты туды наліла, а яна адказала: „Не твая справа, апрацоўвай рукі, і ўсё“. А што там, я ня ведаю. Калі наліваюць кубкам зь вядра, гэта нас пужае».

«Ніводнага выяўленага выпадку каранавірусу ў нас у паліклініцы яшчэ не было»

Чаму мэдсястру Натальлю Каролік, хворую на цукровы дыябэт, прымушаюць працаваць у інфэкцыйным кабінэце? Загадчык паліклінікі Мікалай Фядзько сказаў карэспандэнту Свабоды, што «ў групе рызыкі знаходзяцца многія».

«Але Натальля Каролік у нас на пасадзе мэдсястры агульнай практыкі. І падчас праходжаньня агляду па гэтай прафэсіі яе прызналі годнай да працы. Але, як і ўсіх астатніх мэдсясьцёр, ніхто не накіроўвае яе для працы з кантактнымі. Ніводнага выяўленага выпадку каранавірусу ў нас у паліклініцы яшчэ не было. І нават не было кантактных. Усе кантактныя, якія ёсьць на раёне, кантактавалі пераважна з завезенымі выпадкамі. У нас створана асобная група з двух лекараў і дзьвюх мэдсясьцёр, якія езьдзяць да кантактаў, размаўляюць, робяць маскі і аглядаюць пацыентаў. Каролік нікуды ня езьдзіла», — сказаў Мікалай Фядзько.

Каб разьвесьці плыні наведнікаў у паліклініцы, пацыентаў з вострымі рэсьпіраторнымі віруснымі захворваньнямі прымаюць асобна. Для іх зроблены асобны ўваход. Аднак ня выключана, што на прыём у інфэкцыйны кабінэт можа прыйсьці інфікаваны каранавірусам?

«Але яны могуць зайсьці і ў краму, і ў паліклініку, і ў аўтобус, магчымасьць ня выключаная. Можа, і пацыент, які зьяўляецца бессымптомным носьбітам, з артэрыяльнай гіпэртэнзіяй прыйсьці на прыём у кабінэт. Імавернасьць існуе і для мяне, і для ўсіх астатніх, але для мэдработнікаў больш. Але ў нас такая прафэсія, мы павінны працаваць, прымаць пацыентаў адпаведна са сваёй службовай інструкцыяй і абавязкамі мэдработніка», — сказаў загадчык паліклінікі.

Паводле Мікалая Фядзько, цяпер вірусныя рэсьпіраторныя захворваньні ідуць на спад. Паліклініка абслугоўвае насельніцтва раёну, дзе працуюць 13 амбуляторый, і спачатку пацыенты зьвяртаюцца туды.

«Каролік выдумала, што мая намесьніца працуе на паўстаўкі інфэкцыяністам і ня ходзіць у той кабінэт. Насамрэч яна працуе на 0,25 стаўкі, яна ня мае ні дадатковага адпачынку, ні дадатковай даплаты. І мая намесьніца-інфэкцыяністка ўваходзіць у кантактную групу, якая выяжджае, і сёньня ўжо выяжджала, для абсьледаваньня кантактных з інфікаванымі».

Паводле Мікалая Фядзько, Натальля Каролік падае сытуацыю «эмацыйна і ўсё перакручвае».

«Зразумела, усе мэдработнікі ў стане нейкага стрэсу, усе мы ведаем, што інфэкцыйныя захворваньні ўяўляюць патэнцыйную небясьпеку для ўсіх людзей. Але мы выбралі такую прафэсію і павінны стаяць на сваіх працоўных месцах і дапамагаць людзям, незалежна ад палітычных поглядаў».

Дык ці выдаюць пальчаткі, маскі, сродкі дэзынфэкцыт мэдработнікам?

«Усе прадугледжаныя сродкі індывідуальнай аховы ёсьць. Пальчаткі, маскі, дэзсродкі заўсёды ў наяўнасьці, тым больш у інфэкцыйным кабінэце. Згодна з маім загадам, кожны доктар са сваёй мэдсястрой адзін раз на тыдзень там вядзе прыём. І там ёсьць запас індывідуальных сродкаў аховы».

Паводле зьвестак на 9 красавіка, у Баранавічах выявілі два выпадкі COVID-19, паведамляе intex-press.by.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG