Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Маіх знаёмых мэдыкаў хварэе каля 10 чалавек». Беларускі лекар з каранавірусам расказвае пра хваробу


Ілюстрацыйнае фота. Менскія лекары ва ўмовах пандэміі каранавірусу

«У адзін цудоўны дзень пасьля зьмены адчуў сябе нядобра, — расказвае доктар аднаго зь віцебскіх шпіталяў, які захварэў на каранавірус. Па просьбе героя рэдакцыя Свабоды не раскрывае яго імя і спэцыяльнасьць, але ён з тых дактароў, што «на перадавой».

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

«Увечары паднялася тэмпэратура, жудасна балела галава і вочы. Зьвярнуўся раніцай у інфэкцыйны кабінэт паліклінікі, бо тыя, у каго падвышаная тэмпэратура, ідуць празь яго», — тлумачыць доктар.

Пасьля ён пайшоў на бальнічны, а на наступны дзень самастойна здаў аналіз на Covid-19.

«Патлумачыў, кім працую, і ў мяне ўзялі мазок. Праз тры дні мне патэлефанавалі на мабільны і паведамілі, што мой аналіз станоўчы».

Лекар ляжыць у шпіталі каля 10 дзён і кажа, што лячэньне праходзіць нармальна: «Добрыя мэдыкі, вельмі ўважлівыя», — дадае ён і выказвае падзяку калегам. Паводле яго, у шпіталі мэдыкі ляжаць разам зь іншымі хворымі.

«Тут тых, хто захварэў, ня дзеляць на мэдыкаў, бізнэсоўцаў, трактарыстаў. Усе са станоўчым ляжаць разам. У палаце тры-чатыры чалавекі. Я ня ведаю, колькі мэдыкаў хварэе, але канкрэтна маіх знаёмых каля 10 чалавек».

Цяпер доктар адчувае сябе добра.

«Амаль вылечылі пнэўманію. Каранавірусная інфэкцыя дала ўскладненьні — двухбаковая вірусная пнэўманія. Нядаўна бралі мазок. На жаль, ён дагэтуль станоўчы. Пакуль ня будзе двух мінусаў запар, ня выпішуць».

Ён паўтарае парады, якія даўно гучаць адусюль: па магчымасьці пазьбягаць масавых месцаў, захоўваць дыстанцыю ў крамах і мыць рукі.

«Я быў у шоку ад вербнай нядзелі [ад колькасьці чалавек, якія прыйшлі да касьцёла ў Менску. — РС]. Чалавек, сам не падазраючы таго, можа быць носьбітам вірусу без усялякай сымптаматыкі. Або можа думаць, што ў яго звычайная прастуда, тым самым у натоўпе людзей заразіць вялікую колькасьць. Калі чалавек адчувае, што ён захворвае, трэба сачыць за падвышэньнем тэмпэратуры цела, за сваім станам. Калі ёсьць сымптаматыка — выклікаць участковага тэрапэўта».

Пра агульную сытуацыю з каранавірусам доктар кажа, што яна «канечне, ня вельмі».

«Але я вам скажу, што была ўжо падобная сытуацыя са сьвіным грыпам — быццам бы ў 2009 годзе. Дый па ўсім сьвеце людзі паміраюць ад інфаркту міякарда, вострых парушэньняў мазгавога кровазвароту, ад анкалягічных захворваньняў і гэтак далей.Таму, спадзяюся, неўзабаве ў нас усё супакоіцца. Мэдыкі працуюць на знос. Ня толькі мэдыкі, але і ўвесь пэрсанал шпіталяў, хуткай дапамогі, санітары і кіроўцы. Паклон людзям, якія змагаюцца цяпер з гэтым вірусам».

Пасьля выпіскі са шпіталя доктар працягне працу: «Калі выбіраў гэты шлях, ведаў, куды іду. Пайду на дапамогу сваім калегам».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG