У 65-гадовага Яўгена Дзеравянкі, мужа першай ахвяры каранавірусу ў Менску Вольгі Дзеравянкі, таксама пацьвердзілі каранавірус. Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў сын Мікалай.
«Ён дыхае кіслародам; як і ва ўсіх, стан сярэдняй цяжкасьці. Яго перавялі ўжо ў 6-ю лякарню. Спадзяемся, што ён паправіцца, кіслароду яму хапае, ён даволі моцны і без хранічных захворваньняў. Перад гэтым тэлефанаваў, дык голас быў хрыплы. Пакуль стараемся яго не турбаваць. Будзем спадзявацца на лепшае», — сказаў Мікалай.
Яўген Дзеравянка працуе канцэртмайстрам ва Ўнівэрсытэце культуры і мастацтваў. Ён трапіў у 1-ю клініку як кантакт першага ўзроўню, чакаў там вынікаў свайго тэсту на каранавірус.
Ягоная жонка Вольга, у якой тэст даў станоўчы вынік, памерла.
Пра тое, што жонка заразілася каранавірусам, стала вядома пасьля яе сьмерці. У яе былі таксама праблемы з сардэчна-сасудзістай сыстэмай і цукровы дыябэт.
Як магла заразіцца каранавірусам жонка, Яўген Дзеравянка ня ведае, бо ніхто нікуды ня езьдзіў, перад гэтым жонка толькі схадзіла па рэцэпты ў паліклініку.