Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта так было нечакана, што ня дай Бог нікому так». Муж першай у Менску ахвяры каранавірусу


Вольга Дзеравянка з мужам Яўгенам, архіўнае фота
Вольга Дзеравянка з мужам Яўгенам, архіўнае фота

У Менску памерла 67-гадовая Вольга Дзеравянка, у якой тэст на каранавірус даў станоўчы вынік. Пра гэта карэспандэнту Свабоды сказаў яе муж Яўген Дзеравянка, які цяпер у 1-й клінічнай бальніцы.

Пра тое, што жонка заразілася каранавірусам, ён даведаўся пасьля яе сьмерці.

«Мая жонка наогул хварэла, былі праблемы з сардэчна-сасудзістай сыстэмай, дыябэт. 29 сакавіка яна адчувала сябе няважна, а ўначы паднялася тэмпэратура, было падазрэньне на пнэўманію. А днём прыйшла доктар і накіравала ў бальніцу, на хуткай яе адвезьлі. У лякарні яна была паўтара сутак. Менш як праз суткі яна трапіла ў рэанімацыю. І ў гадзіну ночы з аўторка на сераду яна памерла ў рэанімацыі. А потым мне паведамілі, што ў яе станоўчы тэст на каранавірус».

Яўген Дзеравянка кажа, што ніхто нікуды ня езьдзіў, перад гэтым жонка толькі схадзіла па рэцэпты да лекара ў паліклініку.

«А я езьдзіў на мэтро, аўтобусе, тралейбусе, таму хутчэй мне было гэта падлавіць. А магчыма, яна заразілася ў паліклініцы. Тут ёсьць пытаньні. Але наогул пандэмія, вось і ўсе справы».

А што напісалі лекары аб прычынах сьмерці жонкі?

«Яны ж таксама ня ведалі пра вынік тэсту, гэта пасьля сьмерці ўжо было. У дакумэнтах напісана, што сардэчная недастатковасьць, яе рэанімавалі, і ацёк лёгкіх. Але мяне запэўнівалі, што да гэтага вірусу яна ня мае дачыненьня. Потым ужо пра тэст даведаліся».

Сёньня нябожчыцу крэміравалі, кажа Яўген Дзеравянка, «без усялякіх староньніх».

«Агента я ўсё ж наняў».

Усё, што здарылася, для яго было «абсалютна нечаканым».

«Калі яе прымалі ў бальніцу, у яе тэмпэратура ўпала да 37,1. Яна была вясёлая, пакуль здавала аналізы, пакуль яе афармлялі. Не пасьпявалі патэлефанаваць дачцэ, жартавалі. А ўжо праз паўтара сутак яе ня стала. Гэта так было нечакана, што ня дай бог нікому так».

Спадар Яўген згадвае, як апошні раз размаўляў з жонкай праз тэлефон, як яна на яго «крыху наляцела», што не прынёс кубачак з накрыўкай.

«Я думаю, яна проста была расстроеная, магчыма, сэрцайка прыхапіла. А потым я тэлефанаваў, але яна не здымала. Тады яна ўжо ў рэанімацыі была. Усё так хутка, проста».

Яўген Дзеравянка цяпер на карантыне ў лякарні як кантакт 1-га ўзроўню. Кажа, што адчувае сябе «больш-менш нармальна» і чакае вынікаў тэсту на каранавірус. Тэст робіцца трое сутак.

«У палаце тры чалавекі, умовы нармальныя, ёсьць гарачая вада, прыбіральня. Даюць пару нейкіх таблетак на дзень, а калі тэмпэратура, то парацэтамол».

У лякарню ён трапіў пасьля таго, як сталі вядомыя вынікі тэсту на каранавірус. Яму патэлефанавала загадчыца паліклінікі, паведаміла вынік тэсту і запрасіла на абсьледаваньне.

«Яна ўважліва праслухала лёгкія, памералі тэмпэратуру. Тэмпэратура была нармальная, лёгкія чыстыя — і пайшоў дахаты на хатні карантын. Але калі тэмпэратура паднялася, я выклікаў хуткую, і мяне забралі ў лякарню».

Яўген Дзеравянка кажа, што адчувае сябе нядрэнна, хоць тэмпэратура ёсьць. Яму 65 гадоў, працуе канцэртмайстрам ва Ўнівэрсытэце культуры і мастацтваў. Чакае, як выйдзе з друку зборнік яго аўтарскіх песень. Кажа, што мае яшчэ многа матэрыялу для новых зборнікаў і што студэнты любяць яго песьні.

«Калі даведаўся пра каранавірус у жонкі, то ўсім аб’явіў. Усё пад кантролем, усе ведаюць, з кім сустракаўся, на працы. Тэлефануюць, пытаюцца, як і што. Але ж гэта вірус. Усе з напружаньнем чакаюць, калі аб’явяць вынік майго тэсту».

Тэст рабілі ў паліклініцы, але пакуль не патэлефанавалі пра вынік.

«Гэта ўжо трэці дзень. Гэта было ў сераду вечарам, як бралі там тэст, а сёньня ў нас пятніца. А тут ажно чатыры разы бралі мазкі з носа і горла. Відаць, каб ужо дакладна праверыць».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Яўген Дзеравянка кажа, што добра жыў з жонкай. Дарослыя дзеці паразьяжджаліся, жывуць асобна.

«Мы ўдвох, нам было добра. Вельмі цяжкая страта. Я яшчэ і не зразумеў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG