Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ён змагаўся вельмі доўга». У Менску памёр яшчэ адзін пацыент з каранавірусам


Менскі інфэкцыйны шпіталь, ілюстрацыйнае фота

Ён знаходзіўся на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх з 23 сакавіка ў Менскім інфэкцыйным шпіталі.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Пра сьмерць мужчыны Свабодзе паведамілі яго сваякі. Ён памёр каля 17.30 у пятніцу, 3 красавіка.

«Дактары змагаліся за ягонае жыцьцё. Доктар у рэанімацыі ўсё мне паведамляў пра ягоны стан. Нават пазаўчора зьявілася надзея, бо бацька „трымаў“ ціск самастойна. Але ўчора ўжо доктар сказаў, што „сэрца не трымае ціск“. Я так зразумела, што было ўскладненьне на сэрца, бо быў выяўлены тромбафлебіт. Была ўжо не двухбаковая пнэўманія, а полісэгмэнтарная. Усё вельмі сур‘ёзна. І мы так разумеем, што сэрца ня вытрымала. Але змагаўся ён вельмі доўга», — расказвае Свабодзе дачка.

Сястра нябожчыка, якая таксама мае станоўчы аналіз на каранавірус, па словах дзяўчыны, таксама ў кепскім стане. «Цяжка дыхае, яна на кіслароднай падушцы. Сказалі, што калі стан будзе пагаршацца, таксама перавядуць на ШВЛ», — кажа дзяўчына.

У іншых сваякоў, у тым ліку дзяўчыны, зь якой мы размаўляем, аналізы на каранавірус далі адмоўны вынік. Усе гэтыя сваякі яшчэ на шпіталізацыі ў карантыне.

Сям’я плянуе крэміраваць нябожчыка, але пакуль не ўяўляе, як гэта арганізаваць, калі ўсе сваякі ў ізаляцыі.

30 сакавіка дачка расказала Свабодзе, што бацьку перавялі ў інфэкцыйны шпіталь з 3-га гарадзкога шпіталя. Публікацыя выклікала шырокі розгалас.

Хвораму менчуку было 60 гадоў. Паводле дачкі, у яго быў нармальны стан здароўя, без хранічных захворваньняў, ён ня піў і не курыў.

17 сакавіка, як распавяла дзяўчына, бацьку выклікалі хуткую і адвезьлі ў 3-ці шпіталь.

«Яму зрабілі аналізы, і здымак паказаў прыкаранёвую пнэўманію, і яго паклалі ў пульманалёгію. На каранавірус таксама тады бралі аналіз, і ён быў адмоўны, — расказала яна. — На наступны дзень тэмпэратура апусьцілася да 37, але праз два дні зноў паднялася. Калі мы размаўлялі ў той вечар, ён дыхаў так, нібыта толькі прабег крос. І пачаў кашляць, хоць доктар раней казаў, што ў лёгкіх нічога няма».

Далей стан бацькі толькі пагаршаўся.

«У панядзелак 23 сакавіка маці прыехала ў шпіталь і пачала дамагацца, каб зь ім нешта рабілі. Казала: „Я бачу, што мы здавалі яго ў лепшым стане, а цяпер ягоны стан нашмат горшы“. Там пачалі мітусіцца, хацелі адправіць яго на рэнтген, але так і не давезьлі, а адразу адправілі ў рэанімацыю, бо яму было вельмі кепска. Там далі кіслародную падушку падыхаць», — расказвала яна.

Ужо ўвечары, паводле дзяўчыны, бацька быў на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. У яго таксама ўзялі аналіз на каранавірус.

«Нам пра гэта нічога не казалі. Як нам ужо сказалі праз нашых знаёмых, вынік быў „паміж каранавірусам і сьвіным грыпам“. Тады ўзялі зноў аналіз, каб зразумець, што гэта. У пятніцу 27 сакавіка нам пацьвердзілі, што ў яго каранавірус», — расказала дзяўчына Свабодзе 30 сакавіка. Яна мяркуе, што сям’і нічога не паведамілі аб прамежкавым аналізе, бо ён ня быў адназначны.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG