Лінкі ўнівэрсальнага доступу

160 інфікаваных за дзень — «катастрофы няма». Усе цытаты з «каранавіруснай» нарады Лукашэнкі

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка 7 красавіка склікаў нараду аб сытуацыі з каранавіруснай інфэкцыяй у Беларусі з удзелам 30 чыноўнікаў і кіраўнікоў установаў аховы здароўя. Ніводзін удзельнік не насіў маску

Аляксандар Лукашэнка 7 красавіка склікаў нараду аб сытуацыі з каранавіруснай інфэкцыяй у Беларусі з удзелам 30 чыноўнікаў і кіраўнікоў установаў аховы здароўя.

Ужо ня менш за 860 выпадкаў

Як перадае БелТА, Лукашэнка назваў колькасьць хворых, але не згадаў колькасьць выпісаных і памерлых:

«У нас сёньня 794 чалавекі шпіталізаваныя, 31 на ШВЛ [апаратах штучнай вэнтыляцыі лёгкіх]. Катастрофы абсалютна няма, — казаў Лукашэнка. — Так, прырост у нас назіраецца. Дзякуй Богу, што не лявінападобны. І гэта трэба ўтрымаць».

Міністэрства здароўя Беларусі пакуль не публікавала афіцыйнай статыстыкі на 7 красавіка. Вядома толькі, што на раніцу 6 красавіка ў Беларусі было афіцыйна зафіксавана 700 выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі, шпіталізаваныя былі 634 пацыенты, яшчэ 13 інфікаваных памерлі, 53 выпісаныя здаровымі». Значыць, калі Лукашэнка не памыліўся ў лічбах і калі зь мінулай раніцы не пацьвердзілі новых сьмерцяў, за дзень шпіталізавалі яшчэ мінімум 160 пацыентаў, а агульная колькасьць выпадкаў ня меншая за 860.

Лукашэнка таксама агучыў лічбы пра хворых на пнэўманію: паводле яго, у першым квартале бягучага году ў параўнаньні з тым жа пэрыядам 2019-га. Паводле яго, сьмяротнасьць ад пнэўманіі зьнізілася ў гэты пэрыяд на 9%, калі агульная сьмяротнасьць па краіне зьменшылася на 4%.

Ад пнэўманіі, заявіў Лукашэнка, за першы квартал памерлі 254 чалавекі, калі ад анкалягічных захворваньняў каля 5000, ад хваробаў сыстэмы кровазвароту — каля 18 500. Пры тым 3 красавіка Міністэрства аховы здароўя паведамляла, што сёлета за першы квартал ад пнэўманіі памерлі 128 чалавек, што менш за леташнія 153 чалавекі.

«У нас ня проста хварэюць цяпер ад вірусу, але і псыхоз ж. І ўсё роўна падзеньне», — адзначыў Лукашэнка пра афіцыйную статыстыку пнэўманіяў.

«Хварэць мы будзем»

На «нафтавай» нарадзе раней у той жа дзень Лукашэнка зноў выказаўся супраць карантыну:

«Як у нас тут мэкаюць вакол: карантын, камэнданцкі час і іншае, — казаў ён. — Слухайце, гэта прасьцей за ўсё, гэта мы зробім цягам сутак, але жэрці што будзем?»

Ды на наступнай, «каранавіруснай», нарадзе Лукашэнка заклікаў «змагацца за кожнага чалавека, асабліва калі гаворка ідзе пра старых», але дадаў, што «людзі самі павінны цаніць сваё здароўе, узмацняць імунітэт, займацца спортам, адмовіцца ад шкодных звычак».

«Хварэць мы будзем, — канстатаваў ён. — Толькі пажадана, каб не было лявінападобнага скачку захворваньня, каб гэтая лінія прайшла як мага бліжэй да гарызанталі. Пакуль сыстэма аховы здароўя з гэтым спраўляецца».

Ён дадаў, што бачыць у сыстэме аховы здароўя «вузкія месцы», за якія спагоніць з адказных, «калі гэты псыхоз скончыцца».

31 сакавіка Лукашэнка заяўляў, што з каранавірусам у Беларусі «мы цяпер на піку». На той момант афіцыйна паведамлялася пра 152 выпадкі COVID-19, афіцыйна прызнавалася толькі адна сьмерць інфікаванага.

«Калі чагосьці не хапае ў аптэках, крамах ці лякарнях, ураду ня будзе»

«Я прэм'ер-міністра і ўрад папярэдзіў: калі толькі да канца тыдня адказныя людзі мне дакладуць, што чагосьці не хапае ў аптэках, крамах або лякарнях, асабліва для аховы лекараў, ураду не будзе, — заявіў Лукашэнка. — Будуць працаваць іншыя».

Тым часам беларускія лекары нямала наракаюць на адсутнасьць або недахоп сродкаў абароны, у тым ліку ахоўных масак. Блогеры і актывісты распачалі дабрачынную кампанію ByCovid19, зьбіраюць грошы для лякарняў на пастаўкі абсталяваньня, сродкаў мэдыцынскай абароны і нават харчы.

«Гэта абы-што, што мы чагосьці ня можам зрабіць, — абурыўся Лукашэнка. — Маску гэтую няшчасную ня можам пашыць для насельніцтва. Яны ж ідуць, шалікамі закрываюцца, правільна робяць, але няўжо мы маскі ня можам пашыць?»

Паводле Лукашэнкі, «казаць, што ў нас сёньня недзе дэфіцыт гэтага, недапушчальна». Росту цэнаў на сродкі аховы быць не павінна, таму «Камітэт дзяржкантролю бярэ на сябе адказнасьць і пачынае жэстачайшым чынам шчаміць гэтыя крамы і аптэкі».

«І ня трэба мне казаць, што цэны падняліся на імбір і лімон, на часнок і цыбулю, — дадаў ён. — Слухайце, цыбулі ў нас не хапае! Разьбірайцеся».

«Каранік, абарані лекараў»

Лукашэнка заўважыў, што з інфікаванымі працуюць ня толькі лекары, профіль якіх — вірусныя інфэкцыі.

«А ў анкалёгіі якія працуюць, з сардэчна-сасудзістымі... Туды таксама паступаюць людзі зь вірусамі. І адтуль у нас, хоць трохі, але прыток лекараў у інфэкцыйных зьявіўся. Таму твая найважнейшая задача, Уладзімер Сьцяпанавіч, — абарані лекараў», — зьвярнуўся Лукашэнка да міністра аховы здароўя Караніка.

Паводле Лукашэнкі, тое, што цяпер у паліклініках лекары прымаюць пацыентаў «без пальчатак, бяз маскі», «гэта ня справа» — лекар «павінен хаця б мінімальна быць абаронены, каб дактары дактароў не лячылі».

«Дзякуй Богу, што не паміраюць, ратуем мы іх, — сказаў Лукашэнка пра лекараў. — Недапушчальна, калі спэцыялісты і лекары выходзяць з ладу».

«Праблема зьвязаная з будучым існаваньнем рэспублікі»

Лукашэнка перакананы, што лідэры буйных дзяржаваў «скарыстаюцца гэтай сытуацыяй» пандэміі каранавірусу, але як — ня ведае.

«Найцясьнейшым чынам праблема зьвязаная з эканомікай нашай краіны, — казаў ён пра каранавірус. — Мушу сказаць, што ў нейкай ступені, я ўжо пра гэта намякаў у інтэрвію тэлекампаніі "Мир", магчыма, і з будучым існаваньнем нашай рэспублікі, бо ніхто з вас ня можа сказаць, што адбудзецца са сьветам пасьля гэтай хваробы і псыхозу , які спарадзіла гэтая хвароба. Мы ня ведаем задумы лідэраў буйных дзяржаваў, як яны скарыстаюцца гэтай сытуацыяй. Але з гісторыі мы ведаем, што кожны карыстаецца сытуацыяй так, як ён лічыць патрэбным і выгадным для сябе».

Паводле Лукашэнкі, у сытуацыі з эпідэміяй каранавірусу «кожны мусіць займацца сваёй справай, спакойна і бяз панікі», і хваробу трэба «перамагчы прыгожа», «ратаваць людзей годна».

«Чалавек не павінен думаць, што ён туды трапіў з гэтым вірусам, дык ён сьмяротнік. Не. Усіх выратуем, каго толькі можна», — паабяцаў Лукашэнка.

«Фронту не атрымаецца»

«Нашая тактыка першапачаткова была ня фронтам ісьці і наступаць, і гэта не таму, што так мне захацелася, — запэўніў Лукашэнка. — Скажу шчыра, міністар аховы здароўя часам мне казаў: давайце фронтам.

Але фронту не атрымаецца, бо мы ў іншай сытуацыі, і рэсурсы ў нас іншыя. Кітай мог лякалізаваць сытуацыю і акружыць яе — у іх паўтара трыльёна золатавалютных рэзэрваў і народ трошкі іншы».

Ён дадаў, што раней казаў міністру здароўя: калі спатрэбіцца, «з табой пойдзем лячыць людзей», а той адказваў, што «пакуль ня трэба».

Лукашэнка расказаў, што ва ўрадзе яму прапаноўвалі ўвядзеньне карантыну. Ды ён перакананы, што ад гэтага будзе толькі шкода.

«Замкнуць людзей у кватэрах, як некаторыя і ва ўрадзе мне прапаноўвалі, гэта справа адных сутак, — заявіў ён. — Заўтра ўвядзём вайскоўцаў, амапаўцаў мабілізуем — цягам сутак нікога ня будзе на вуліцы, я вам гэта гарантую. Вы лічыце, што гэта мэтад барацьбы? Я лічу, не».

На думку Лукашэнкі, там, дзе «спрабавалі людзей замкнуць, нічога не атрымалася». Таму ў Беларусі выбралі «ачаговую тактыку барацьбы», і Сусьветная арганізацыя здароўя нібыта ўхваліла гэта.

Мэдыкам ён зноў сказаў: абвяшчаць карантын, «адкрываць кагосьці, закрываць, арыштоўваць і гэтак далей» — «ня вашая функцыя».

Паводле Лукашэнкі, пасьля першага выпадку COVID-19 у студэнта БНТУ студэнты і выкладчыкі «падышлі безадказна» да самаізаляцыі. Але «кантактаў І і ІІ узроўняў», калі ў іх тэсты на вірус далі адмоўны вынік, можна адпраўляць на самаізаляцыю. Раней з тых «кантактаў», адзначыў ён, «400 чалавек дома не знайшлі», таму патрабаваньні да самаізаляцыі «можам узмацніць так, што ў вачах пацямнее».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG