Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Менш за паўсотні апаратаў на 200 тысяч насельніцтва». Нэўроляг адкрыта гаворыць аб праблемах і посьпехах беларускай мэдыцыны


Нэўроляг Аляксандар Лазарчык
Нэўроляг Аляксандар Лазарчык

Берасьцейшчына пакуль застаецца адным з найбольш бясьпечных рэгіёнаў краіны, калі глядзець на колькасьць інфікаваных каранавірусам: тры станоўчыя тэсты пацьверджаныя ў Берасьці, Століне і Лунінцы. А ці гатовая вобласьць да сур’ёзных выклікаў?

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

«Сьмерць ад COVID-19 сьпішуць на слабую дыягностыку»

Як зьберагчы здароўе ня толькі ва ўмовах распаўсюду пандэміі каранавірусу, а і на фоне пастаяннай інфармацыйнай атакі? Сваімі думкамі са Свабодай падзяліўся нэўроляг, лекар першай катэгорыі Аляксандар Лазарчык.

Спэцыяліст прымае пацыентаў у цэнтральнай гарадзкой лякарні Баранавічаў. У свой час кіраваў недзяржаўным мэдыцынскім цэнтрам, мае досьвед працы ў складзе інтэрнацыянальнай місіі ў Лібіі. Паходзіць з дынастыі дактароў — некалькі пакаленьняў продкаў стаялі на варце здароўя.

Аляксандар Лазарчык падчас працы ў Лібіі, 2011 год
Аляксандар Лазарчык падчас працы ў Лібіі, 2011 год

— Аляксандар Ёсіфавіч, абавязкі нэўроляга ў пэўным сэнсе перасякаюцца з працай псыхоляга:трэба ня толькі дыягнаставаць нэрвовыя захворваньні, але і своечасова распазнаць зьмены ў псыхічных паводзінах. На фоне пандэміі каранавірусу і адсутнасьці ўцямнай інфармацыі пра яе маштабы ў Беларусі многія панічна рэагуюць на разьвіцьцё падзеяў. Ці варта кідацца ў крайнасьці?

— Разумней за ўсё знайсьці для сябе залатую сярэдзіну — ня толькі глядзець, а і аналізаваць. У Беларусі сытуацыя пакуль не крытычная. Хоць можна і трэба да новых выклікаў ставіцца больш адказна, найперш у сэнсе ўвагі. Ня бачыш каранавірусу — зусім ня значыць, што яго няма. Нельга так трактаваць, гэта памылковае ўражаньне.

Калі ўжо тлумачыць на прымітыўным узроўні, то вірус вокам ня ўбачыш, толькі праз моцны электронны мікраскоп. На лёдзе ў хакейнай «каробцы» яго ня будзе, патрэбны іншыя ўмовы. У полі ці ў лесе магчымасьць яго падчапіць таксама мінімальная. Пагаджуся, што ў нас ён ня так шпарка распаўсюджваецца — усё ж гэта ня поўдзень Эўропы. Там і цяплей, і больш народу на квадратны кілямэтар, і межы ва ўсе бакі былі адчыненыя. Але ігнараваць сур’ёзнасьць наступстваў нельга ні ў якім разе.

«Мэдыцынскую даведку пераробяць, калі яе выдалі «няправільна»

— Берасьцейшчына заставалася апошняй вобласьцю Беларусі, вольнай ад COVID-19. Але ўрэшце і тут зафіксаваныя першыя выпадкі.

— Будзем шчырымі: мы ня ведаем усёй праўды. Думаю, іх нашмат больш — толькі ў Баранавічах і ваколіцах некалькі пацьверджаных выпадкаў. Акрамя жаданьня ўтаіць, паўстае яшчэ адна праблема — недакладная дыягностыка, на якую можна сьпісаць любыя памылкі. Гэта цяпер пачалі паступаць больш дасканалыя заходнія тэст-сыстэмы, а першы час задавольваліся тым, што мелі ад сяброў з Расеі і Кітая.

Памятаеце, у Жодзіне памерла жанчына з пнэўманіяй? Першая проба дала станоўчы вынік, пачалі пераправяраць, каб было, «як трэба». Другі і трэці тэсты ўжо нічога не паказалі. Дыягназ — «неўдакладненая пнэўманія». Як і ў віцебскага артыста Віктара Дашкевіча. 7 красавіка прыедуць прадстаўнікі Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя. Мабыць, хочуць прааналізаваць сытуацыю. Згодна з пратаколам, сустрэне іх прадстаўнік місіі ў Беларусі спадар Бердыклычаў. Спадзяюся, дасьць усю неабходную інфармацыю. Бо гэта супадае з задачай і арганізацыі, і нашага міністэрства: стрымаць сьмяротнасьць.

— Вашыя калегі ў кулюарах расказваюць: каб дагадзіць статыстыцы, існуюць тыднёвыя сьпісы сьмерцяў ад «пажаданых прычынаў». Так, немагчыма памерці ад анкалёгіі, цукровага дыябэту, інфаркту. Цяпер вось COVID-19. Дык што застаецца — толькі старасьць?

— Скажу так: пільна адсочваецца крывая росту — наблізіліся да міжнароднага ўзроўню ці яшчэ не. Ёсьць мяжа, якую непажадана перавышаць. Значыць, карэктуецца дапушчальная «столь», выходзяць новыя рэкамэндацыі. А значыць, у даведцы аб сьмерці рэальную прычыну пазначаць ня будуць, або яе перапішуць, калі папера выдадзеная пасьпешліва.

У мэдыцыне мы ідзём на даволі някепскім узроўні. І ўсе дзівяцца: чаму небагатая краіна мае аж такія добрыя паказьнікі? Як прыклад — невысокая дзіцячая сьмяротнасьць. А ці ведае хто, што пэдыятры ад гэтай статыстыкі плачуць? Дзіцятка выцягнулі, але потым яно будзе інвалідам, бо не далі галоўнага — здароўя. Ратаваньне дзеля лічбаў. У некаторых пазыцыях так напаказваліся, што ледзь не ў сусьветных лідэрах! Галаву можна скруціць, дзе праўда, а дзе фальш.

«Дакладнасьць статыстыкі ў Беларусі — рэч гнуткая»

— Памкненьні ўладаў у выпадку з каранавірусам нібыта зразумелыя — ня сеяць панікі, максымальна адцягваць непазьбежнасьць карантыну. Але ці такой цаной?

— Калі няма інфармацыі, паніка сеецца аўтаматычна. Людзі самі пачынаюць перажываць, выдумляць. Пакуль ня будзе сапраўдных лічбаў, нічога ня зьменіцца. Гэта па-першае. Па-другое, мы ўжо звыкліся, што дакладнасьць статыстыкі ў нас — рэч вельмі гнуткая. Я ўжо казаў, што для вонкавай справаздачы паказьнікі нібыта добрыя, але адмыслоўцы ведаюць, якім спосабам яны дасягаюцца.

Тым ня менш я лічу, што ў нас сытуацыя лепшая, чым у Польшчы ці Літве. Чаму? Мы небагатыя, каб шмат і актыўна перасоўвацца па сьвеце. Можна кантраляваць рэйсы, тавары, міграцыю. Толькі ня вірус. Дарэчы, нават кітайцы, якія вярнуліся, — студэнты, будаўнікі — у нас не захварэлі. З аднаго боку, іх на радзіме пракантралявалі. З другога, мы ня толькі самі ізаляваныя, а і ад нас усе агарадзіліся — не цяпер, ужо даўно. І гэта ў пэўнай ступені дапамагае. Нават каб сьледам за суседзямі закрылі межы, тое ні на што не паўплывала б, мы і так самі па сабе.

Аляксандар Лазарчык з унукам Лёвам (справа) і ягоным сябрам
Аляксандар Лазарчык з унукам Лёвам (справа) і ягоным сябрам

— Беларусь у ліку рэдкіх краін, дзе гуляюць у футбол, хакей, гандбол — у адсутнасьць карантыну кожны рызыкуе, як лічыць патрэбным. Але нават у гэтым хітруюць: зь Віцебску, дзе складаная эпідэміялягічная сытуацыя, футбольны матч гаспадароў перанесьлі ў Барысаў... з прычыны «праблемаў з пакрыцьцём поля».

— Ясна, што лухта, усе цудоўна разумеюць рэальную прычыну. Але бяз звычкі проста гаварыць праўду нічога патлумачыць нельга, абавязкова трэба прыдумаць чарговую дурату. Афіцыйна ў Берасьцейскай вобласьці два ці тры хворыя. Хоць лічу, што лічба куды большая і статыстыка будзе расьці. Ужо і ўпраўленьне аховы здароўя аблвыканкаму рыхтуецца да ўскладненьня сытуацыі. У гарадзкой лякарні Баранавічаў дзяжураць мэдыкі, вызваляецца чыгуначны шпіталь — на месцы выпісаных новых не кладуць. Таксама перапрафілюецца гінэкалёгія.

Што непакоіць? Вось немцы прапанавалі дапамогу італьянцам, у якіх ужо няма ні фізычных, ні маральных рэсурсаў, з Апэнінаў туды павезьлі хворых. Рызыкоўна? Так. Але ў немцаў ёсьць моц. А ў нас яе няма. Нешта пойдзе ня так — і ўсё...

«Тэст мусіць быць зь першай спробы, а маем невядомасьць»

— Атрымліваецца, што чыста тэхнічна ні малыя, ні вялікія гарады Беларусі да маштабных падзеяў не гатовыя?

— Было сказана, што мы ледзь не на трэцім месцы ў забясьпечанасьці апаратамі штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Палічым на прыкладзе Баранавічаў. У горадзе 180 тысяч жыхароў, плюс яшчэ 30 тысяч у раёне. На гэтую колькасьць маем: у нашым шпіталі 12 апаратаў у рэанімацыі, 6 у мяне ў інсультавым аддзяленьні, 6 у кардыялёгіі, 6 у анкалёгіі. Хай яшчэ па столькі ж у гінэкалёгіі і дзіцячай рэанімацыі. Гэта значыць, адначасова цягам 5-7 дзён штучна можна падтрымліваць 46 чалавек. А калі адкінуць дзіцячыя, і 40 ня будзе — больш чым на 200 тысяч.

Добра, зьвярнуліся па дапамогу ў Расею. Пакуль усё ціха, плюс яны самі маюць патрэбу ў апаратах. Да таго ж ужо казаў аб расейскіх пробах: надзвычай недакладныя. Вынік павінен быць зь першай спробы, а тут суцэльная невядомасьць — бачым, што ўрэшце вылазіць. Лічу, што ў тых месцах Беларусі, дзе ўжо распаўсюдзілася хвароба, і далей будуць паміраць ад «неўдакладненай пнэўманіі».

— Усе краіны хочуць адрапартаваць аб пройдзеным піку хваробы, каб нарэшце пачаць адваротны адлік. Расея прагназуе да лета вызваліцца ад навалы. Што чакае Беларусь? І ці варта прыслухоўвацца да альтэрнатыўных рэкамэндацый самаратаваньня?

— Можа, нам нават і меней часу спатрэбіцца, прынамсі кажу пра Заходнюю Беларусь. Спрыяльнае надвор’е: уначы каля нуля, а ў холадзе вірус не жыве. У нас і грыпу асабліва няма, толькі вострыя рэсьпіраторныя захворваньні. Што да разабранага на цытаты здаровага ладу жыцьця па-беларуску — пасыланьня ў лазьню, сьпіртавай дэзынфэкцыі ці «трактарнай тэрапіі»... Не сакрэт, што прэзыдэнт займаўся сельскай гаспадаркай і лічыць, што за працай няма калі зьвяртаць увагі на хваробы. У нейкім сэнсе лягічна.

Наогул існуюць такія паняцьці: доказная мэдыцына і нядоказная. Гэтак жа і з мэтадамі, лекамі. Большасьць лечыцца нядоказнымі. Тое, што прапанаваў Аляксандар Рыгоравіч, — вельмі просты падыход. Але для некаторых яно прымальна. У саўне вірусу ня будзе. У сьпірце ён таксама не жыве. У полі паміж трактароў яго няма. Відавочныя рэчы.

Разам з тым ёсьць рэальныя спосабы самадапамогі. Выключыць пры сымптомах асьпірын. Адмовіцца ад лекаў з ібупрафэнам, ужываць парацэтамол і натуральныя супрацьвірусныя сродкі зь фітанцыдамі: часнык, імбір, праполіс, мяту, размарын, карыцу, куркуму. Усё, што на рынках адразу падаражэла. Ну і яшчэ некалькі парадаў. Не панікуйце, калі тэмпэратура, кашаль ці цячэ з носу. Трэба насьцярожыцца, калі стала цяжка дыхаць — гэта ўжо падстава. І я не пра курцоў, якім заўсёды цяжка.

«Цяжка цалкам прысьвячаць сябе мэдыцынскай справе на радзіме»

— Чаму такая розьніца ў падыходах: ад заклапочанасьці ў большай частцы сьвету да ігнараваньня ў Беларусі?

— Мы, мабыць, не такія напалоханыя, бо нас, як той казаў, чым ужо толькі ня труцілі. Колькі анэкдотаў пра беларусаў зь цьвіком, прабачце, у срацы, ці зь вяроўкай, якая толькі «крыху шыю намуляла» на шыбеніцы. Прыстасоўваемся да ўсяго.

Але ж ігнараваньне не павальнае. Хоць у Беларусі мэдыцына на сярэднім узроўні, паверце, лекары — народ адукаваны і разумеюць усю сур’ёзнасьць. Проста зьверху каманды не заўсёды адэкватныя, часьцей накіраваныя на «захаваньне твару».

Пацыенты таксама засьцерагаюцца. Прыйшла на прыём жанчына — у дзелавым чорным гарнітуры і доўгіх чорных гумовых пальчатках. Модніцы знаходзяць, як сумясьціць карыснае з прыгожым.

Што да масак, то мусяць насіць і хворы, і лекар, які аглядае розных людзей. Дызраствораў хапае, праціраю і свае рукі пасьля кожнага пацыента, і некалькі разоў ручкі на дзьвярах. Слушна было б прыпыніць стаматалягічныя паслугі. Вірус найперш у ротавай поласьці і носе, сядзіць і размнажаецца на сьлізістай. А дантыст увесь час кантактуе з гэтым участкам, ён у зоне рызыкі.

— Прафэсія мэдыка ў сёньняшніх умовах, безумоўна, гераічная. Але ці ўдзячная?

— Я маю максымальны стаж, пры гэтым за званьнямі не ганяўся, не было часу. З рэгаліямі ў мяне былі дзед, бацька. Па лініі жонкі — тая ж карціна, скрозь мэдыкі. Неяк падлічылі, што наш род даў спэцыялістаў у 11 мэдыцынскіх спэцыяльнасьцях. Малодшы сын прадоўжыў традыцыю, а вось старэйшы не захацеў. Дзеля чаго ахвяры? Ратаваць жыцьцё — справа высакародная. Але якое сёньня стаўленьне да ратавальніка? Малады доктар атрымлівае 500 рублёў. Крыху больш, чым трактарыст.

Магу параўнаць, што калі я ў свой час працаваў у Лібіі, дык нават пры Кадафі ўсё было файна ў мэдыцыне, у стаўленьні х да лекараў. Не заглыбляючыся ў падрабязнасьці, скажу, што на адзін месячны заробак лібійскага лекара беларускаму калегу трэба працаваць паўгода. Шкада краіну, якая стала закладніцай палітычных амбіцый. Адным словам, за сваю справу трэба мець пачуцьцё годнасьці, а ня толькі права кідацца на амбразуру.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG