Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краіна на карантыне без карантыну. Чыноўнікі вядуць прыёмы дыстанцыйна, але настаўнікі ходзяць на працу


Ілюстрацыйнае фота. Жанчына ў масцы на праспэкце незалежнасьці ў Менску, 6 красавіка 2020 году
Ілюстрацыйнае фота. Жанчына ў масцы на праспэкце незалежнасьці ў Менску, 6 красавіка 2020 году

У Беларусі карантын афіцыйна не абвешчаны. Але асабістыя прыёмы высокімі чыноўнікамі адмененыя. Выклікаць сантэхніка ці электрыка з ЖЭС немагчыма, служба 115.bel не працуе. Шмат якія жыцьцёва важныя мэдычныя паслугі не аказваюцца. Школьныя вакацыі працягнулі на тыдзень, але настаўнікі ходзяць на працу. У той жа час у сталіцы па-ранейшаму рыхтуюцца да параду.

Сабралі прыклады, для каго нефармальны карантын уведзены, а для каго не.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Чыноўнікі адмянілі асабістыя прыёмы грамадзянаў, кантактуюць толькі праз тэлефон

Аляксандар Лукашэнка 3 красавіка чарговым разам заявіў, што для абвяшчэньня карантыну ў Беларусі няма ніякіх падставаў, і таму заклікаў «не панікаваць» з прычыны каранавірусу.

Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі на сваім сайце разьмясьціла абвестку, што «да стабілізацыі эпідэміялягічнай сытуацыі асабістыя прыёмы грамадзян арганізуюцца пры дапамозе тэлефоннай сувязі ў пэрыяд часу згодна з графікам правядзеньня асабістых прыёмаў па тэлефоне 200-19-00 адпаведным кіраўнікамі структурных падразьдзяленьняў».

Кіраўніцтва Міністэрства культуры таксама вядзе прыём грамадзян згодна з зацьверджаным раней графікам толькі праз тэлефон, паведаміла намесьніца начальніка аддзелу міжнароднага супрацоўніцтва і інфармацыйнага забесьпячэньня Ілона Немава.

Простаму грамадзяніну трапіць у будынак раённай адміністрацыі амаль немагчыма — на ўваходзе міліцыянты, якім трэба патлумачыць прычыну наведваньня і стэлефанавацца з канкрэтным чыноўнікам, які павінен даць дазвол.

Чыноўнікі ж упраўленьня сацыяльнай абароны Першамайскага раёну, да прыкладу, наведнікаў па неадкладных пытаньнях прымаюць. Толькі грамадзяне абавязкова павінны быць у масцы і пальчатках, паведамілі ў прыёмнай.

Сантэхніка ці электрыка з ЖЭСу выклікаць немагчыма

Пры канцы мінулага тыдня дзяржаўнае аб’яднаньне «Менская жыльлёва-камунальная гаспадарка» разаслала ва ўсе ўстановы дакумэнт «Аб прыняцьці захадаў апэратыўнага рэагаваньня». Сярод іншага, загадана:

  • перагледзець графікі правядзеньня работ пры капітальным рамонце, выключыўшы ўваход у кватэры грамадзян;
  • прыпыніць выкананьне відаў прац па абслугоўваньні жыльлёвага фонду ў кватэрах грамадзян;
  • прыпыніць аказваньне дадатковых платных паслуг і прыём заявак у КУП «Менскі гарадзкі цэнтар інфармацыйных тэхналёгій».
Дакумэнт «Аб прыняцьці захадаў апэратыўнага рэагаваньня»
Дакумэнт «Аб прыняцьці захадаў апэратыўнага рэагаваньня»

То бок сантэхніка ці электрыка з бліжэйшага ЖЭСу выклікаць немагчыма.

Начальнік Упраўленьня па працы са зваротамі грамадзян, сродкамі масавай інфармацыі Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь Аксьціловіч запэўніў, што калі здарыцца надзвычайная сытуацыя — да прыкладу, вы заліваеце суседзяў, — аварыйныя службы ўсё ж дапамогуць.

«Але ўсё, што знаходзіцца ў вашай кватэры — лямпачкі, краны, — гэта ваша зона адказнасьці. Калі вы лічыце, што электрык ці сантэхнік вам патрэбны, ніхто не забараняе знайсьці ў інтэрнэце і запрасіць.

Плянавыя і няплянавыя працы па праверцы сыстэм ацяпленьня, стаякоў таксама часткова прыпыненыя, але праводзяцца. То бок сантэхнік ідзе ў падвал, а да вас у кватэру — не», — тлумачыць чыноўнік ЖКГ Генадзь Аксьціловіч.

Нягледзячы на загад выканаўцы абавязкаў гендырэктара дзяржаўнага аб’яднаньня «Менская жыльлёва-камунальная гаспадарка» перагледзець графікі правядзеньня прац пры капітальным рамонце, прынамсі ў Першамайскім раёне капітальныя рамонты працягваюцца. Гэта Свабодзе пацьвердзілі ў ЖРЭУ Першамайскага раёну.

Зубы далечаць, але новых пацыентаў дзяржаўныя стаматалёгіі не прымаюць

Многія мэдычныя паслугі ў дзяржаўных установах не аказваюцца. Загадам Міністэрства аховы здароўя № 296 ад 16 сакавіка прадпісана абмежаваць аказаньне цэлага шэрагу плянавых паслуг, у прыватнасьці, стаматалягічнай дапамогі.

На сайце стаматалягічнай паліклінікі № 12 сталіцы зьмешчаны зварот да пацыентаў.

«Калі ў вас няма экстранай патрэбы наведваньня лекара-стаматоляга альбо стаматоляга-хірурга, вельмі рэкамэндуем перанесьці ваш візыт на паўтара-два месяца і запісацца на прыём не раней як на чэрвень 2020 году».

Аднак неадкладную дапамогу паліклініка аказвае: калі востры боль, зуб будуць лячыць, пры патрэбе і вырвуць.

Калі лячэньне зуба пачатае раней, яго абавязаныя завяршыць, тлумачыла намесьніца міністра Алена Богдан на брыфінгу Міністэрства аховы здароўя.

«Проста на пэўны час мы абмяжоўваем набор новых пацыентаў. Усё вырашаецца індывідуальна. Але калі лячэньне пачата раней, то яго лекары абавязаныя завяршыць», — патлумачыла чыноўніца.

У спэцыялізаваных паліклініках пакідаюць дзяжурных лекараў, хірурга. Многім дактарам і мэдсёстрам прапаноўваюць пайсьці ў адпачынак за свой кошт. Гэта пацьвердзіў Свабодзе стаматоляг-артапэд Менскай абласной стаматалягічнай паліклінікі.

Ня робяць прышчэпак, флюараграфіі, фізіятэрапэўтычных працэдур

Акрамя абмежаваньняў у аказаньні стаматалягічнай дапамогі, дзяржаўныя мэдычныя ўстановы таксама адмянілі плянавую дыспансэрызацыю; плянавую вакцынацыю дарослых і дзяцей; правядзеньне скрынінгавых мерапрыемстваў (мамаграфію, флюараграфію). Таксама ў паліклініках не аказваецца рэабілітацыйная дапамога і ня робяцца фізіятэрапэўтычныя працэдуры.

А вось камэрцыйныя мэдычныя цэнтры працягваюць працаваць і аказваць стаматалягічную дапамогу. Можна запісацца і на лячэньне, і на пратэзаваньне зубоў у «ЛОДЭ», іншыя прыватныя цэнтры.

А камэрцыйны мэдычны цэнтар «Новы зрок» запрашае патэнцыйных пацыентаў пасьпяшацца і разьмясьціў на сайце такую абвестку: «У сувязі са значным павелічэньнем цэнаў на расходныя матэрыялы... цэны на нашы паслугі з 10 траўня будуць значна павялічаныя. Сьпяшайцеся скарыстацца старымі цэнамі...».

Восем дзён па вечарах будуць перакрываць рух — пачынаюцца рэпэтыцыі параду

У той жа час, калі Мінздароўя рэкамэндуе абмежаваць правядзеньне масавых мерапрыемстваў, у Менску рыхтуюцца да параду. Каля стэлы «Менск — горад-герой» працягваецца мантаж трыбун для гледачоў.

6 красавіка з 21 да 23 гадзіны рух транспарту на ўчастку праспэкта Машэрава ад вуліцы Даўмана да праспэкта Пераможцаў перакрыюць. Грамадзкі транспарт пойдзе па іншых маршрутах.

«Абмежаваньне руху зьвязанае з правядзеньнем трэніроўкі зводнай роты ганаровай варты да параду войскаў Менскага гарнізону 9 траўня», — паведамляе Менгарвыканкам.

Падобныя абмежаваньні і зьмены руху транспарту плянуюцца і далей у панядзелкі і чацьвяргі — 9, 13, 16, 20, 23, 27 і 30 красавіка.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG