Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На пяты дзень у мяне прапаў нюх». Беларуска пра тое, як можна перахварэць на COVID-19 і нават не заўважыць


Ілюстрацыйнае фота. Мэдыкі вязуць хворага на каранавірус
Ілюстрацыйнае фота. Мэдыкі вязуць хворага на каранавірус

«Я з тых людзей, якія ня лічаць, што гэты вірус такі ўжо страшны», — кажа пра сябе мянчанка Вольга. Яна ў інфэкцыйным шпіталі з каранавірусам. Але, як і пераважная большасьць захварэлых, мае невыразныя сымптомы і кажа, што не заўважыла б хваробы, калі б не станоўчы тэст.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

З інфэкцыйнай лякарні Вольга вырашыла падзяліцца з Радыё Свабода ўласнай гісторыяй пра каранавірус.

«Але я лічу, што трэба прыкласьці максымум намаганьняў, каб скараціць колькасьць тых, хто можа захварэць, — працягвае яна. — Нават проста дзеля таго, каб нашыя шпіталі маглі б даць рады».

Вольга кажа, што людзям не хапае разважлівай інфармацыі пра хваробу. У пэўны момант яна нават зрабіла жывы эфір, каб расказаць пра свой выпадак і пераканаць, што большасьць хварэе на каранавірус у лёгкай форме. Кажа, што пасьля ёй падзякавала шмат людзей, бо яе расповед іх супакоіў.

«Я сама шмат чытаю. І ў асноўным пішуць пра новыя выпадкі, пнэўманіі, сьмерць. Гэта вельмі прыгнятае. Людзі мне пішуць, што ад панікі ўжо ня сьпяць начамі, — апавядае Вольга. — А з другога боку, уключаеш тэлевізар — і там у існаваньне вірусу і тое, што ён небясьпечны, ня вераць. Атрымліваецца, што мы ня маем сярэдзіны. Але статыстыка сьведчыць, што 80 % перахварэюць без сымптомаў альбо ў лёгкай форме. Гэта так, як хварэю я. І нас такіх цяпер у інфэкцыйнай клініцы шмат. Хаця я думаю, што сытуацыя будзе пагаршацца, але пакуль ёсьць магчымасьць патрымаць тут такіх, як я».

Вольга прыляцела з Парыжа 15 сакавіка. Ня маючы аніякіх сымптомаў, але ведаючы пра вірус, яна на ўласнае жаданьне здала тэст у раённай паліклініцы.

«Роўна праз 23 гадзіны мне пазванілі і сказалі, што тэст у мяне станоўчы, а яшчэ праз тры гадзіны мяне забралі ў «капсуле», — дзеліцца жанчына. Яе сям’ю — мужа і дваіх маленькіх дзяцей — адвезьлі ў дзіцячую інфэкцыйную лякарню.

Вольга знаходзіцца ў дарослым інфэкцыйным шпіталі ў ізаляваным боксе.

«Калі б у мяне не знайшлі станоўчага тэсту, магчыма, што я б на гэтыя сымптомы не зьвярнула ўвагі, — расказвае яна пра свой стан. — У дзень тэсту ўвечары я адчула стому, хоць нікуды не хадзіла. На наступны дзень я прачнулася з галаўным болем, што мне не ўласьціва зусім. Але зноўку падумала, што „з дарогі“. У шпіталі на другі дзень у мяне тэмпэратура была 37,1, і гэта быў адзіны раз, калі яна была падвышаная. Вочы балелі, трохі пяршыла ў горле».

Самым незвычайным сымптомам стала абсалютная страта нюху. Вольга гэта адчула на пяты дзень пасьля здачы тэсту.

«Я заўважыла гэта на непрыемным паху — у нас ёсьць кварцавы пакой, празь які нам перадаюць ежу. І я туды зайшла па перадачу і зразумела, што я ўжо не адчуваю пах кварцу, — апісвае яна. — Гэта трохі дзіўна, робіцца менш смачнай ежа. Ты не разумееш, катлета зь мяса ці з рыбы. На 3-4 дзень пахі сталі вяртацца, але патроху. Каб адчуць пах кавы, трэба было ледзьве ня ў кубак залезьці. Але пасьля ўсё вярнулася цалкам».

У шпіталі ў Вольгі ўзялі ўжо 7 тэстаў. Цяпер яна чакае вынік апошняга. Калі ён будзе адмоўным, то яшчэ адзін кантрольны тэст — і жанчына паедзе дахаты.

«Я нікога не заразіла, — кажа яна. — Мая сям’я здала два тэсты, яны ўсе былі адмоўныя. Як кантактаў першага ўзроўню забралі маіх сябровак, зь якімі я лятала ў Парыж. Яны таксама не заразіліся. І таксама забралі жанчыну, якая брала ў мяне мазок у паліклініцы. У паліклініку я, дарэчы, хадзіла ў масцы. У яе таксама адмоўны вынік».

Вольга лічыць, што абавязкова трэба расказваць людзям пра сацыяльнае дыстанцыяваньне і прафіляктычныя захады.

«Мы адказныя за сваё жыцьцё, жыцьцё і здароўе сваіх блізкіх і ня толькі іх, — кажа жанчына. — Я заклікаю да сацыяльнага дыстанцыяваньня. Не заклікаю да карантыну, бо гэта быў бы ўдар для нашай эканомікі. Але выступаць да сацыяльнае дыстанцыяваньне трэба максымальна».

Яна таксама агітуе за нашэньне масак у грамадзкіх месцах. Нагадвае, што, калі б не зрабіла тэсту, то нават ня ведала б, што мае дыягназ.

«І такіх людзей шмат, маска можа дапамагчы ў такіх выпадках, бо такія людзі заразныя», — перакананая жанчына.

Вольга таксама мяркуе, што людзей з такім цячэньнем хваробы, як у яе, можна пакідаць дома ў самаізаляцыі.

«Вы бачыце, колькі новых выпадкаў за суткі. І, на жаль, усе гэтыя новыя выпадкі, гэта ўжо не такія, як я, а больш сур’ёзныя, — кажа яна. — Сёньня магчымасьць ізаляваць такіх, як я, ёсьць. Я амаль упэўненая, што нас трымаюць так доўга, каб даведацца, колькі РНК-вірус будзе выдзяляцца. Калі яны зразумеюць, што гэта, напрыклад, 3 тыдні, то ў будучыні будуць адпраўляць дадому, на хатні карантын».

3 красавіка Міністэрства аховы здароўя абвясьціла пра перагляд падыходаў да шпіталізацыі кантактаў першага і другога ўзроўняў. Паводле іх апошніх назіраньняў, у кантактаў першага ўзроўню хвароба праяўляецца на 2-5 дзень. Таму прынята рашэньне выконваць для іх тэст на 6-7 дзень. Калі вынік адмоўны, такога чалавека будуць адпускаць дахаты на 14-дзённую самаізаляцыю. Кантакты другога ўзроўню будуць шпіталізавацца пры разьвіцьці сымптомаў рэсьпіраторнага захворваньня.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG