Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларусы дапамагаюць мэдыкам і адзін аднаму падчас каранавірусу. Дадаліся новыя магчымасьці


Увесь швэйны цэх і каманда Symbal.by цяпер шыюць маскі для шматразовага выкарыстаньня

Кватэры і бясплатная ежа для дактароў, дапамога старым і інфармацыйныя кампаніі — Свабода сабрала добрыя ініцыятывы, якія зьявіліся праз каранавірусны крызіс.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Юрыдычная падтрымка

Бясплатную юрыдычную дапамогу падчас эпідэміі Covid-19 прапануе адвакатка Альвіна Мінгазава.

«Калі ў вас тэрміновае юрыдычнае пытаньне, якое патрабуе неадкладнай рэакцыі, ня трэба нікуды ехаць. Напішыце, тэлефануйце мне. Калі можна дапамагчы дыстанцыйна, то я дапамагу. Асабліва гэта тычыцца ўразьлівых слаёў насельніцтва», — напісала юрыстка.

Шукаюць валянтэраў

У Беларускім тэхналягічным унівэрсытэце абвясьцілі пра пошук валянтэраў для дапамогі пажылым людзям.

Мапа дапамогі

Беларусы стварылі мапу дапамогі, дзе можна адшукаць тых, каму патрэбная дапамога, і тых, хто можа дапамагчы.

Ператрымка ці выгул хатніх гадаванцаў

Сэрвіс Petsitters.by займаецца ператрымкай і выгулам хатніх гадаванцаў, пакуль гаспадары ў ад’езьдзе. У пэрыяд эпідэміі каранавірусу каманда прапануе бясплатную валянтэрскую дапамогу з гадаванцамі людзям, якія трапілі ў шпіталь, а таксама пажылым, піша «Зялёны партал».

Гаспадар жывёлы павінен паказаць даведку са шпіталя ці хуткай — як доказ, што дапамога сапраўды патрэбная. Пажылым людзям, якім у каранавірусны час лепш не выходзіць з дому, валянтэры прапануюць бясплатна дапамагаць з выгулам гадаванцаў.

Ежа для мэдыкаў

Кавярня «Шаурмахерская» закрылася, каб гатаваць ежу для мэдыкаў «хуткай».

«У Менску 11 падстанцый хуткай дапамогі, у кожнай зь якіх стала дзяжураць ад 7 да 17 брыгад (па 2–3 чалавекі), праца цяжкая, стрэсавая, якая вымушае пастаянна знаходзіцца ў стане гатоўнасьці. З размовы з галоўным доктарам, старэйшай сястрой і самімі лекарамі я зразумеў, што такога роду дапамога будзе вельмі дарэчы», — піша ўладальнік кавярні Ўладзімер Тынгул.

Падтрымаць праект можна тут.

Да ініцыятывы гатаваць ежу лекарам далучылася і кавярня «Дэнэві». Пакуль тут будуць гатаваць толькі 15 абедаў у дзень для пэрсаналу пульманалягічнага аддзяленьня 10 гарадзкога клінічнага шпіталя Менску.

«Калі зьявіцца дадатковая дапамога і вы нас падтрымаеце, мы зможам гатаваць столькі ж абедаў (каля 100 порцый) ужо ня раз на тыдзень, а раз на дзень, на ўсю бальніцу — для рэанімацыі, хірургіі, тэрапэўтаў, інфэкцыяністаў і гэтак далей», — пішуць у апісаньні праекту на MolaMola.

Падтрымаць можна тут.

Мы ўжо пісалі пра тое, што беларусы стварылі Telegram-канал «Прытулі героя, Беларусь», дзе можна прапанаваць мэдыкам пажыць у кватэры падчас эпідэміі каранавірусу. Стартап пошуку жыльля Hommits ​паспрабаваў зрабіць гэта зручней.

Цяпер пры разьмяшчэньні аб’явы ўсім прадаўцам і арандадаўцам прапануюць здаць сваю кватэру на асаблівых умовах на час эпідэміі каранавірусу. А тыя, каму патрэбнае жыльлё на гэты час, могуць пакінуць спэцыяльную заяўку на арэнду.

На краўдфандынгавай пляцоўцы MolaMola зьявіўся разьдзел для ініцыятываў, якія зьбіраюць грошы на барацьбу з эпідэміяй каранавірусу.

Тут можна пералічыць грошы на абарончыя сродкі для мэдыкаў. Зьбіраюць і на маскі і пальчаткі для бяздомных, якія ў пандэмію становяцца адной з самых неабароненых групаў насельніцтва.

«Моладзевы блёк» зьбірае грошы на друк улётак, якія будуць распаўсюджвацца ў паліклініках, шпіталях, на прыпынках, рынках і іншых месцах, дзе бывае старэйшае пакаленьне. Некалькі дзясяткаў ужо распаўсюдзілі сваімі сіламі. «Але выйдзе прыкладна ў 8 разоў таньней, калі друкаваць шмат адразу», — сказана ў апісаньні праекту на MolaMola.

Тут жа зьбіраюць грошы супрацоўнікі кавярні Grillman, якая ў каранавірусны час закрылася для наведнікаў і пайшла ў валянтэрства. Цяпер тут гатуюць ежу для Менскай інфэкцыйнай бальніцы.

На пляцоўцы «Вулей» грошы зьбіраюць на апараты штучнай вэнтыляцыі лёгкіх і сродкі абароны для мэдыкаў віцебскай чыгуначнай бальніцы.

Айцішныя кампаніі таксама не засталіся ўбаку. Напрыклад, кампанія Andersen пералічыла на рахунак менскай інфэкцыйнай бальніцы 22 тысячы беларускіх рублёў. А EPAM заявіла, што распрацавала маскі, якія дапамогуць у барацьбе з эпідэміяй Covid-19. Тэхналёгію вытворчасьці кампанія апублікавала. Ёю можа скарыстацца любая арганізацыя, якая возьмецца выпускаць сродкі індывідуальнай абароны.

Кампанія Symbal.by перанакіравала ўсю дзейнасьць уласнага швейнага цэху і ўсёй каманды на вытворчасьць масак для шматразовага выкарыстаньня і іх бясплатны распаўсюд. Для гэтага на Molamola.by запусьцілі адмысловы збор сродкаў.

«Ня ведаем колькі працягнецца пандэмія, што чакае беларусаў і нашую краіну, але разумеем, што зараз гэта амаль адзіны варыянт, як нам захаваць і калектыў, і працоўныя месцы, і зрабіць карысную справу для беларусаў, калі ўлады па-ранейшаму спрабуюць замоўчваць рэальную сытуацыю з каранавірусам у нашай краіне і і спрыяюць панічным настроям у грамадзтве», — адзначаюць у кампаніі.

Мэдыцынскія арганізацыі, грамадзкія ініцыятывы і кампаніі, валянтэры, якія вядуць барацьбу з каранавірусам у Беларусі, могуць пакінуць заяўку на маскі праз гэтую форму. Калі нехта хоча атрымаць маску для ўласных патрэбаў і падтрымаць калектыў symbal.by — з наступнага тыдня ў краме на Машэрава, 18 і на сайце можна будзе набыць бел-чырвона-белыя маскі па мінімальных коштах, адзначаюць у кампаніі.

«Альфа-банк» фінансава падтрымаў ініцыятыву праекту «Имена» і Чырвонага крыжа. Яны зьбіраюць грошы на аднаразовыя маскі і пальчаткі, халаты, сродкі для дэзынфэкцыі і бескантактныя тэрмомэтры для сацыяльных работнікаў і мэдсясьцёр Чырвонага Крыжа.

У мэсэнджары Telegram ёсьць канал «Дапамога Беларусь», які быў створаны для ўзаемадапамогі беларусаў падчас эпідэміі каранавірусу. Калі ў вас ёсьць праблема, прапанова ці вы можаце нечым некаму дапамагчы, проста напішыце ў чат і знайдзіце тое, што вам неабходна.

Таксама ў Telegram зьявіўся важны канал «Прытулі героя Беларусь».

«Мэдыцынскія работнікі трывала і гераічна прымаюць асноўны ўдар на сябе. У іх таксама ёсьць бацькі, бабулі, дзядулі, пажылыя сваякі. З улікам недахопу сродкаў індывідуальнай абароны трэба даць магчымасьць лекарам, мэдсёстрам ізалявацца і паберагчы родных у гэтыя няпростыя тыдні. Калі ў Вас ёсьць пустуючае жыльлё — прапануйце яго на час мэдыцынскаму работніку!» — заклікаюць аўтары каналу. Ён зьявіўся 1 красавіка, прапановы для дактароў ёсьць ужо ў Менску, Воршы і Гомлі.

Пачалі шыць маскі і работнікі Майстэрні па навучаньні людзей з інваліднасьцю пры Горадзенскім дзіцячым госьпісе, адклаўшы заплянаваную раней працу. Усе маскі перададуць установам, якія маюць у гэтым патрэбу. Праект фінансуецца пры падтрымцы Праграмы малых грантаў амбасады ЗША ў Беларусі.

Кампанія Mark Formelle выпусьціла шматразовыя маскі для твару.

«Вы прасілі — мы зрабілі! Мы клапоцімся пра вас і хочам, каб вы былі здаровыя! Для гэтага ў рамках нашага чэленджу #разам_ад_заразы мы выпусьцілі калекцыю ахоўных масак з ударнай дозай антыкаранавіруснага настрою», — напісана ў Instagram кампаніі.

Журналістка Яўгенія Доўгая прапанавала сваю дапамогу адзінокім бабулям і дзядулям, якім у гэты час лепш заставацца дома і не хадзіць па крамах.

Тэлевядоўца Антон Мартыненка выклаў на сваёй старонцы ў Facebook падобны допіс з подпісам: «Ганаруся суседзямі».

Яго суседка Юлія прапанавала пажылым людзям, якія жывуць у іх пад’езьдзе, зьвярнуцца па дапамогу, калі ім цяжка і трывожна самім хадзіць у краму ці аптэку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG