Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінздароўя паўтарыла лічбы, ужо агучаныя Лукашэнкам: 351 выпадак COVID-19, чатыры памерлі

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства аховы здароўя Беларусі 3 красавіка правяло прэс-канфэрэнцыю аб сытуацыі з пандэміяй каранавірусу і распаўсюдам COVID-19 у краіне.

На 3 красавіка ў Беларусі зафіксавалі 351 выпадак каранавіруснай інфэкцыі і 4 сьмерці. Такія лічбы тры гадзіны таму агучыў Аляксандар Лукашэнка.

Паводле намесьніцы міністра здароўя Алены Богдан, сытуацыя «кантраляваная», а захады супраць распаўсюду COVID-19 нібыта дазволілі прадухіліць «840 выпадкаў на дзень», і ніводная суседняя краіна не рабіла такіх захадаў: 100% шпіталізацыі «кантактаў 1 узроўню» і шпіталізацыі «кантактаў 2 узроўню» з пнэўманіямі.

У Беларусі цяпер тэстуюць макроту і прамыўныя воды бронхаў усіх пацыентаў з пнэўманіяй сярэдняй цяжкасьці цячэньня, каб максымальна выявіць пацыентаў з каранавірусам.

Паколькі, паводле Мінздароўя, у кантактаў першага ўзроўню захворваньне выяўляецца на 2-5-ы дзень, цяпер вырашылі на 6-7-я суткі пры адмоўным аналізе на COVID-19 выпісваць іх дахаты (і прасіць пабыць у самаізаляцыі да 14 дзён); кантактаў другога ўзроўню пры сымптомах вострых рэсьпіраторных захворваньняў будуць шпіталізаваць і рабіць тэст на каранавірус, але пры адмоўным тэсьце і адсутнасьці пагаршэньня стану здароўя — таксама выпісваць. Раней казалі, што сымптомы могуць праявіцца на 2-14 дзень.

Для забесьпячэньня мэдыкаў маскамі і абарончымі касьцюмамі давялося рабіць «экстраныя захады». Цяпер у наяўнасьці, кажа намесьнік міністра здароўя Барыс Андрасюк, больш за 2 млн масак, больш за 90 тысяч рэсьпіратараў, звыш 85 тысяч касьцюмаў. На дзень сыходзіць 2000–2200 касьцюмаў, 300–350 тысяч масак, 2500–3000 рэсьпіратараў. Для хворых з пнэўманіяй ёсьць больш за 8000 «пунктаў падключэньня кіслароду» і больш за 2000 апаратаў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.

На дабрачынны рахунак Мінздароўя беларусы ахвяравалі ўжо больш за 2,8 мільёна беларускіх рублёў і 28,2 тысячы эўра. За гэтыя грошы плянуць набыць 127 тысяч ахоўных касьцюмаў і звыш 4 тысяч ахоўных шчыткоў для беларускіх мэдыкаў.

На 8 гадзіну раніцы​ 3 красавіка:

  • агулам па краіне зарэгістраваны 351 выпадак каранавіруснай інфэкцыі: 1 у Берасьцейскай вобласьці, 2 у Магілёўскай, 6 у Горадзенскай, 13 у Гомельскай, 50 у Менскай, 89 у Віцебскай, 190 у Менску;
  • каля паловы выпадкаў інфэкцыі — у людзей ад 25 да 64 гадоў;
  • «выразна пацьверджаныя» 4 сьмерці пацыентаў з COVID-19, а пасьля 18 гадзіны стануць вядомыя новыя лічбы — калі будуць атрыманыя копіі пасьведчаньняў аб сьмерці;
  • памерлых пацыентаў у беларускай статыстыцы сапраўды залічваюць у «ачунялых і выпісаных»;
  • агулам за тры месяцы 2020 году ўсіх выпадкаў пнэўманіяў стала менш: летась за гэты пэрыяд было 20 250 пнэўманіяў, пралекаваных у стацыянарах, ад якіх памерлі 153 чалавекі, а сёлета — 18 032 пралекавалі, 128 памерлі.

Інфармацыю пра тэсты зьбіраюць а 8 раніцы і 18 вечара. Карабан растлумачыла, што праз гэта аднойчы не сказала, што пацыент на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх быў хворы на каранавірусную інфэкцыю — у яго тэст нібыта ўзялі ў 12.18.

Пачуўшы кашаль аднаго з прысутных журналістаў, намесьніца міністра заклікала не хадзіць на прэс-канфэрэнцыю з прыкметамі рэсьпіраторных захворваньняў.

Колькі чалавек з каранавірусам памерлі ў Беларусі

Пакуль вядома пра пяць выпадкаў сьмерці пацыентаў, інфікаваных каранавірусам COVID-19 (Мінздароўя, нагадаем, паведамляе пра 4 пацьверджаныя выпадкі).

  1. 73-гадовая пэнсыянэрка Аляксандра Чэпік, памерла ўвечары 30 сакавіка ў Віцебскім абласным клінічным спэцыялізаваным цэнтры (ВАКСЦ) (былы чыгуначны шпіталь).​
  2. 75-гадовы актор Драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Віктар Дашкевіч, памёр у ноч з 30 на 31 сакавіка ў ВАКСЦ.
  3. 70-гадовая настаўніца зь вёскі Новыя Доктаравічы (Менская вобласьць) Натальля А., памерла 1 красавіка ў Капыльскай цэнтральнай раённай бальніцы.
  4. 70-гадовы вайсковы пэнсіянэр Уладзімер Сідараў, памёр 2 красавіка ў ВАКСЦ.​
  5. 67-гадовая Вольга Дзеравянка, памерла 1 красавіка ў 2-й гарадзкой клінічнай лякарні Менску.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG