Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарговая сьмерць ад каранавірусу ў Віцебску: мужчына 70 гадоў


Ноччу 2 красавіка ў Віцебскім абласным клінічным спэцыялізаваным цэнтры памёр 70-гадовы вайсковы пэнсіянэр Уладзімер Сідараў, у якога быў станоўчы тэст на COVID-19, піша Tut.by. На 2 красавіка ў Беларусі афіцыйна паведамлялася пра 4 сьмерці інфікаваных.

Як расказаў сын памерлага, Сідараў 13 сакавіка паступіў у лякарню з трамбозам падкаленнай судзіны, празь пяць дзён быў выпісаны дамоў. Але пры тым у яго захавалася тэмпэратура 38° — мэдыкі сказалі, што гэта грып, які трэба лячыць дома.

Але стан мужчыны пагоршыўся. Як расказала жонка памерлага, праз два дні лекарка, якую выклікалі на дом, ня выявіла хрыпаў і сказала, што лёгкія чыстыя. Ды мужчына стаў задыхацца, таму лекара выклікалі яшчэ раз, і хрыпы ўжо выявілі. Толькі тады Сідараву зрабілі рэнтген-здымак і выявілі двухбаковую пнэўманію, паклалі назад у тую ж лякарню.

Пяць дзён Сідараў быў у рэанімацыі на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Тэст на COVID-19 даў станоўчы вынік. У пасьведчаньні аб сьмерці пазначаная вострая рэсьпіраторная недастатковасьць, вірусная пнэўманія (COVID-19), асноўная прычына сьмерці — каранавірус.

«Як мог заразіцца мой муж? У нас вэрсія адна — у лякарні»

Таксама COVID-19 выявілі ў ягонай жонкі Тацяны, якая цяпер у інфэкцыйнай лякарні з пнэўманіяй. Яна расказвае, што да шпіталізацыі муж амаль два тыдні не выходзіў з дому, бо балела калена.

«Тэст на каранавірус у мужа быў станоўчы, — расказвае яна. — Але мы не адразу пра гэта даведаліся. Калі яго забрала хуткая, да мяне дадому прыйшла дачка зь сям'ёй, падтрымаць. Гадзіны паўтары яны прабылі.

Потым каранавірус пацьвердзіўся і ў мяне, ляжу ў інфэкцыйнай лякарні з запаленьнем лёгкіх. Дачка, ейны муж і дзеці таксама пад наглядам лекараў. У дачкі і ўнучкі тэст на каранавірус адмоўны, зяць і ўнук чакаюць выніку.

Са мной у палаце ляжыць жанчына, муж якой таксама быў спачатку ў лякарні, потым яго выпісалі дадому, а адтуль ужо забралі з каранавірусам — ён у рэанімацыі на ШВЛ. Як мог заразіцца мой муж? У нас вэрсія адна — у лякарні».

Сын памерлага таксама мяркуе, што заразіцца бацька мог толькі ў лякарні, і абураецца тым, што бацьку выпісалі з высокай тэмпэратурай. У лякарні яму патлумачылі, што «на 19 сакавіка сытуацыя і ў Віцебску, і агулам у Беларусі была спакойная, ніхто не западозрыў у пацыента, які не выяжджаў за мяжу i не кантактаваў з тымі, хто прыбыў з-за мяжы, каранавірус». Крыніцай заражэньня ў лякарні лічаць самога памерлага.

Памерлых можа быць ужо больш за 4

Tut.by адзначае, што сьмерць Уладзімера Сідарава мела трапіць у статыстыку датай выдачы пасьведчаньня аб сьмерці — 3 красавіка. Але журналісты дапускаюць, што магла быць залічаная і ў статыстыку ранейшага дня — 2 сакавіка. Тады афіцыйна паведамлялася пра 4 памерлых, але дакладна былі вядомыя імёны дваіх, магчыма, яшчэ аднаго, а чацьвёртае імя не было вядомае.

«Па-другое, у рэдакцыю паступіла яшчэ некалькі зваротаў ад сваякоў па фактах сьмерці іхных родзічаў ад каранавірусу — цяпер мы правяраем гэтую інфармацыю», — дадае выданьне, якое адзначае, што Міністэрства аховы здароўя і іншыя дзяржаўныя органы не паведамляюць першымі пра сьмяротныя выпадкі, а толькі пацьвярджаюць інфармацыю, ужо апублікаваную ў СМІ.

Колькі чалавек з каранавірусам памерлі ў Беларусі

Пакуль вядома пра пяць выпадкаў сьмерці пацыентаў, інфікаваных каранавірусам COVID-19 (Мінздароўя, нагадаем, паведамляе пра 4 пацьверджаныя выпадкі).

  1. 73-гадовая пэнсыянэрка Аляксандра Чэпік, памерла ўвечары 30 сакавіка ў Віцебскім абласным клінічным спэцыялізаваным цэнтры (ВАКСЦ) (былы чыгуначны шпіталь).​
  2. 75-гадовы актор Драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Віктар Дашкевіч, памёр у ноч з 30 на 31 сакавіка ў ВАКСЦ.
  3. 70-гадовая настаўніца зь вёскі Новыя Доктаравічы (Менская вобласьць) Натальля А., памерла 1 красавіка ў Капыльскай цэнтральнай раённай бальніцы.
  4. 70-гадовы вайсковы пэнсіянэр Уладзімер Сідараў, памёр 2 красавіка ў ВАКСЦ.​
  5. 67-гадовая Вольга Дзеравянка, памерла 1 красавіка ў 2-й гарадзкой клінічнай лякарні Менску.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG