Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі прынялі новыя правілы самаізаляцыі. Штрафаў няма, але будуць


Пастановай Савету Міністраў Беларусі, апублікаванай 9 красавіка на Pravo.by, у краіне ўводзіцца азначэньне абмежавальнага захаду — самаізаляцыі. Гэтая самаізаляцыя ня добраахвотная, як будуць караць за яе парушэньні, яшчэ ня вырашылі.

Пакараньне за парушэньне самаізаляцыі будзе «адпаведна заканадаўчым актам», але гэтыя акты толькі плянуюць прыняць. Пакуль дакладна вядома, што парушальнікам будуць налічваць толькі 50% выплаты з прычыны непрацаздольнасьці, але могуць прадугледзець і адміністрацыйную адказнасьць. У прыкладзе формы, якую яшчэ не зацьвердзілі, пазначаны штраф «да 50 базавых» (цяпер гэта 1350 рублёў), магчымы арышт і пазбаўленьне волі.

Каго гэта тычыцца

Пад самаізаляцыяй разумеюць ізаляцыю дома «або ў іншых умовах» людзей, якія:

  • прыбылі зь «эпідэмічна неспрыяльных краінаў»;
  • якія кантактавалі з асобамі з інфэкцыйнымі захворваньнямі, або з асобамі – носьбітамі ўзбуджальнікаў, або з асобамі, якія былі на стадыі ачуньваньня пасьля інфэкцыйных захворваньняў;
  • хварэюць на COVID-19;
  • адносяцца да «кантактаў першага ўзроўню» з хворымі на COVID-19 (ізаляцыя на 14 дзён з апошняга кантакту);
  • адносяцца да «кантактаў другога ўзроўню» і маюць сымптомы рэсьпіраторных інфэкцыяў.

Крытэры аднясеньня да «кантактаў» яшчэ мае вызначыць Міністэрства аховы здароўя.

Якія правілы

Выпраўленым на самаізаляцыю будуць выдаваць «патрабаваньне выкананьня правілаў паводзінаў у самаізаляцыі». Але ў якім парадку выдаваць гэтае патрабаваньне, яшчэ мусіць вызначыць міністэрства.

Правілы ж, вызначаныя Саветам Міністраў, наступныя:

  • у самаізаляцыі нельга пакідаць месца пражываньня (акрамя «крайняй неабходнасьці»);
  • не наведваць працы ці вучобы, аб’ектаў гандлю і грамадзкага харчаваньня, спартовых, выставачных і канцэртных заляў, кінатэатраў, вакзалаў «ды іншых месцаў масавага знаходжаньня людзей» (акрамя «крайняй неабходнасьці»);
  • можна хадзіць толькі ў «найбліжэйшую харчовую краму або аптэку для набыцьця неабходных тавараў», выносіць сьмецьце ў найбліжэйшае месца збору адходаў;
  • пры выхадзе з дому насіць маску і не дапускаць кантактаў зь іншымі асобамі;
  • паведаміць наймальніку аб прычынах адсутнасьці на працы;
  • не карыстацца паслугамі, якія прадугледжваюць кантакты зь іншымі людзьмі (акрамя выпадкаў, калі гэтыя паслугі патрэбны «для гарантаваньня бясьпекі жыцьцядзейнасьці»);
  • у выпадку пагаршэньня здароўя (павышэньня тэмпэратуры звыш 37°С, кашля, задышкі) зьвяртацца ў «хуткую дапамогу» па нумары 103 або праз SMS (пры тым паведаміць пра рэжым самаізаляцыі).

Паняцьце «крайняй неабходнасьці» ў пастанове ня вызначылі.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG