У райцэнтры Акцябрскім (Гомельская вобласьць) каранавірус выявілі ў мясцовых лекараў. Яны хворыя на пнэўманію са станоўчым тэстам на COVID-19. Сама меней двух мэдыкаў паклалі ў Гомельскі інфэкцыйны шпіталь.
Свабодзе стала вядома з інфармаваных крыніц, што адміністрацыю Акцябрскага раённага шпіталя цяпер правяраюць як кантактаў першага ўзроўню. У прыёмнай раённага шпіталя адказваюць, што галоўны лекар на бальнічным, як і ягоны намесьнік.
Каранавірус выявілі і ў Сьветлагорскім раёне. Мясцовае выданьне «Светлагорскія навіны» паведамляе, што ў раёне «зарэгістраваны адзін выпадак захворваньня з папярэднім станоўчым тэстам на РНК каранавірусу SARS/2019-nCoV. Хворы зьмешчаны ў Гомельскі інфэкцыйны шпіталь». Кантакты першага і другога ўзроўню выяўлены і знаходзяцца «у рэжыме шпіталізацыі ці самаізаляцыі».