Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства аховы здароўя не забараняе велікодных службаў. Усе заявы міністра пра каранавірус

абноўлена

Удзельнікі ўчорашняй нарады з Аляксандрам Лукашэнкам, у тым ліку міністар аховы здароўя Беларусі Ўладзімер Каранік, ладзяць 8 красавіка брыфінг у Нацыянальным прэс-цэнтры. На брыфінгу не было журналістаў.

Як расказаў міністар Каранік, у 15 будаўнікоў з Расеі, якія знаходзіліся на 14-дзённым карантыне перад пачаткам працы на БелАЭС, выявілі каранавірус. Яны ўсе не пачыналі працаваць, а менавіта чакалі ў ізаляцыі, як і іншыя іншаземцы, якія прыяжджаюць на будоўлю ў Астраўцы, падкрэсьліў міністар.

У Беларусі больш за 600 чалавек, якія мусілі быць у самаізаляцыі пасьля прыезду з-за мяжы, не засталі дома, але неяк караць іх ня могуць, расказаў міністар. Цяпер «прапрацоўваецца пытаньне» пра адміністрацыйную адказнасьць за парушэньне самаізаляцыі.

Праваслаўным і каталіцкім грамадам краіны раней ужо накіроўвалі заклікі не цалаваць іконаў, а перад Вялікаднем Міністэрства аховы здароўя «праводзіць кансультацыі» з кіраўнікамі царквы.

Агулам па краіне, адзначыў Каранік, відаць «невялікае перавышэньне» выпадкаў пнэўманіяў, але за тры месяцы бягучага году ад пнэўманіі памерлі толькі 254 чалавекі, калі за першы квартал мінулага — 277. Да таго міністэрства паведамляла пра 153 памерлых ад пнэўманіі сярод «пралечаных у стацыянарах», але 7 красавіка Лукашэнка назваў іншую лічбу — 254 агулам.

Каранік паўтарыў, што міністэрства не паведамляе пра выпадкі COVID-19 з разьбіўкай па раёнах краіны, бо «гэта выклікае нездаровы інтарэс». Цяпер вядомая толькі разьбіўка па абласьцях, і тая не ад прэс-службы Міністэрства аховы здароўя, а ад дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА. Каранік засьцярог, што «мы так дойдзем да таго, што нас папросяць паведамляць па вуліцах, дзе пражывае хворы чалавек».

На брыфінгу агучылі і пытаньне пра наяўнасьць імунітэту ад COVID-19 у тых, хто ўжо перахварэў. Цяпер мэдыкі дасьледуюць антыцелы, якія арганізм выпрацоўвае супраць вірусу SARS-CoV-2. Наконт магчымасьці паўторнага заражэньня «дыскусіі ёсьць», пасьля слабых формаў хваробы тэарэтычна можа быць і паўторнае заражэньне. Але, адзначыў Каранік, «імунітэт выпрацоўваецца, гэты факт ужо пацьверджаны, цяпер дыскусія ідзе толькі наконт ягонай трываласьці і тэрміну разьвіцьця».

Таксама пад пытаньнем, адзначыў Каранік, магчымая мутацыя вірусу — цалкам магчыма, што калі-небудзь зьявіцца штам, які імунная сыстэма прапусьціць, нягледзячы на імунітэт да SARS-CoV-2.

У найбліжэйшы час у Беларусі плянуюць паспрабаваць выкарыстоўваць супраць найбольш цяжкіх формаў каранавірусу ўзбагачаную антыцеламі плязму. Але пакуль ні ў Беларусі, ні ў сьвеце ня вынайдзена адназначна дзейсных лекаў супраць менавіта гэтага вірусу, а толькі супраць асобных сымптомаў; таксама няма вакцынаў.

Што да дэфіцыту масак і антысэптыкаў, Каранік нагадаў, што ажыятажны попыт ёсьць ня толькі ў Беларусі, але і ў суседніх краінах. У Беларусі лёгкая прамысловасьць перастройваецца, мае выйсьці на вытворчасьць мільёна масак на дзень, на наступным тыдні — два мільёны на дзень, запэўніў міністар, і неўзабаве праблему вырашаць. Таксама частка прадпрыемстваў, у якіх антысэптыкі быў не асноўным відам дзейнасьці, таксама пачалі выпуск такіх сродкаў.

У Беларусі назіраецца і дэфіцыт парацэтамолу, які дапамагае зьбіць высокую тэмпэратуру. За апошнія два тыдні яго прадалі столькі, колькі звычайна прадаюць за 14 тыдняў. Каранік засьцярог: бескантрольны прыём парацэтамолу можа быць нават шкаднейшым за каранавірус, а прымаць яго без сымптомаў ня варта, бо ён ня мае прафіляктычнага або вітаміннага эфэкту, але мае проціпаказаньні, магчымыя пабочныя эфэкты, а ад перадазаваньня можа пачацца нэкроз пячонкі.

Работнікі сфэры паслуг, пацьвердзіў міністар, абавязаныя насіць маскі, і ў большай частцы крамаў прадаўцы і касіры цяпер працуюць у масках і пальчатках.

Заразіцца COVID-19 можна праз шматлікія паверхні, калі на іх трапіў вірус ад хворага, а здаровы чалавек, напрыклад, дакранаецца спачатку да паверхні, пасьля да твару. Хоць няма адназначных доказаў таго, што каранавірус ня можа перадавацца з кватэры ў кватэру праз вэнтыляцыю, мэдыкі лічаць гэта вельмі малаверагодным: канцэнтрацыі вірусу будуць занадта малымі, і праз вэнтыляцыю паветра выцягваецца вонкі, а не «працягваецца» пасьлядоўна з кватэры ў кватэру.

Па стане на раніцу 8 красавіка Мінздароўя паведамляла пра 1066 пацьверджаных выпадкаў COVID-19 у Беларусі: 976 пацыентаў на лячэньні, 77 выпісалі здаровымі, 13 памерлі.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG