Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каранавірус дабраўся да БелАЭС. 15 грамадзян Расеі шпіталізавалі ў Астраўцы


Ілюстрацыйнае фота, першыя вучэньні на Беларускай АЭС
Ілюстрацыйнае фота, першыя вучэньні на Беларускай АЭС

У Астраўцы выявілі 15 чалавек з дыягназам каранавірус. Вядома, што гэта грамадзяне Расеі.

Як расказаў 8 красавіка міністар здароўя Ўладзімер Каранік, у 15 будаўнікоў, якія знаходзіліся на 14-дзённым карантыне перад пачаткам працы на БелАЭС, выявілі каранавірус. Яны ўсе не пачыналі працы, а менавіта чакалі ў ізаляцыі, як і іншыя замежнікі, якія прыяжджаюць для працы на будоўлі ў Астраўцы, падкрэсьліў міністар.​

Галоўны дзяржаўны санітарны доктар Горадзенскай вобласьці Мікалай Кендыш паведаміў БелаПАН, што 15 расейцаў шпіталізавалі са станоўчым вынікам тэсту на каранавірус.

«Клініка і тэмпэратура адсутнічае», — удакладніў Кендыш пра стан шпіталізаваных. Кантакты заражаных цяпер высьвятляюць, іх дакладная колькасьць невядомая.

Начальнік аддзелу інфармацыі і грамадзкіх сувязяў БелАЭС Эдуард Сьвірыд адказаў Свабодзе, што яму пра выпадкі захворваньня каранавірусам на АЭС невядома.

«Будаўнікі і ўсе службы АЭС працуюць ў звычаным рэжыме», — сказаў Эдуард Сьвірыд.

Некалькі супрацоўнікаў БелАЭС расказалі Свабодзе, што з атамнай станцыі забралі 15 супрацоўнікаў з Расеі і адвезьлі ў шпіталь у Смаргоні. Вядома, што яны прыехалі на вахту 27 сакавіка і меліся заставацца ў самаізаляцыі.

Работнік Астравецкай АЭС Зьміцер распавёў Tut.by, што заражаныя каранавірусам расейцы жылі ў інтэрнаце, большасьць шпіталізаваных магчымых кантактаў першага ўзроўню — таксама.

«Людзей забіралі проста з дому на аўтобусах, усяго больш за 100 чалавек. Некаторыя сабраліся групамі і паехалі на асабістых машынах», — дадаў мужчына.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG