Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскі мэталюргічны завод на тыдзень спыніў вытворчасьць


ММЗ, ілюстрацыйнае фота
ММЗ, ілюстрацыйнае фота

Прычына — не хапае сыравіны, бо прастойваюць пастаўшчыкі ў Расеі і Ўкраіне з прычыны пандэміі каранавірусу.

Ад 6 красавіка працоўны калектыў Магілёўскага мэталюргічнага заводу накіравалі ў тыднёвы водпуск з аплатай заробку паводле 2/3 тарыфнай стаўкі. Прадпрыемству ва ўмовах пандэміі бракуе сыравіны, паведамілі Свабодзе ў адміністрацыі прадпрыемства. У панядзелак рабочыя ня выйшлі на працу.

Работнікі заводу расказалі, што заводу бракуе сыравіны (мэталу для трубнага пракату). Ім давялі, што кіраўніцтва прадпрыемства, паводле заканадаўства, у форс-мажорных абставінах мае права плаціць мінімальны заробак.

«Майстар сказаў, што пакуль адпраўляюць у водпуск на ўвесь наступны тыдзень, — падзяліўся адзін з рабочых заводу. — Але пэўнасьці няма, ці выйдзем на працу, калі скончыцца водпуск, бо на заводзе і раней не было працы. На мінулым тыдні нас перакідалі з цэху ў цэх, каб хоць заняць нечым. Плацілі сярэдні заробак. Цяпер, відаць, грошы скончыліся і вырашылі адправіць на 2/3 тарыфнай стаўкі. За тыдзень прастою зараблю менш за 50 рублёў. Працуючы, меў бы больш за 150 рублёў».

Па словах работнікаў, за мінулы год заробак на прадпрыемстве зьменшыўся з 1 тысячы да 650-700 рублёў. Летась таксама завод прастойваў празь нястачу сыравіны.

З сакавіка ў прадстаўнікоў адміністрацыі ўдалося высьветліць, што загад аб спыненьні вытворчасьці на тыдзень ужо падрыхтаваны, але ў той жа дзень намесьнік дырэктара па ідэалягічнай працы Андрэй Цупрыкаў заявіў, што яму не вядома пра такі загад. Зь яго слоў вынікала, што завод спыняцца ня будзе.

Увечары 6 сакавіка работнікі паведамілі, што пра выхад на працу ім ніхто не паведамляў, таму застаюцца ў водпуску. Па іхных словах, калі загад пра спыненьне вытворчасьці ня быў выдадзены на папярэдані, то з ім кожнага работніка пазнаёмяць пад росьпіс заднім чыслом. Такое ўжо было раней.

Атрымаць камэнтар у кіраўніцтва заводу не ўдалося. На тэлефанаваньні ніхто не адказваў.

Сыравіну завод атрымлівае з Украіны і Расеі, дзе ўвялі абмежавальныя захады з прычыны пандэмі каранавірусу: ва Ўкраіне — карантын, а ў Расеі да канца красавіка падоўжылі водпускі.

Мэталюргічны завод — найстарэйшае прадпрыемства Магілёва. Ён уваходзіць у склад Беларускай мэталюргічнай кампаніі, галоўнае прадпрыемства якой месьціцца ў Жлобіне. На заводзе працуе блізу 800 чалавек. Ён вырабляе трубы рознай мадыфікацыі, шрот, чыгунныя люкі ды іншую прадукцыю. Прадукцыя пастаўляецца у 22 краіны, у тым ліку Нарвэгію, Данію, Швэцыю, Нямеччыну і краіны Балтыі.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG