Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады ў Наваполацку прапануюць зьмяніць умовы працы для пажылых людзей. Каб засьцерагчы ад каранавірусу


Завод «Палімір», які належыць таварыству «Нафтан». Наваполацак, ілюстрацыйнае фота

Наваполацкі гарвыканкам рэкамэндаваў арганізацыям «дзеля прафіляктыкі неспрыяльных эпідэміялягічных умоваў» выключыць працу асобаў, старэйшых за 65 гадоў, у месцах масавага знаходжаньня людзей.

Пра гэта гаворыцца ў дакумэнце з пазнакай «тэрмінова», падпісаным старшынёй выканкаму Дзьмітрыем Дзямідавым.

Таксама асобам, старэйшым за 65 гадоў, прапануецца памяняць рэжым работы: арганізаваць дыстанцыйную працу, даць працоўныя, сацыяльныя водпускі і так далей.

Работнікаў, якія знаходзіліся ў службовай выправе ў краіне са складаным эпідэмічным становішчам, будуць адхіляць ад працы, каб выключыць рызыку магчымага распаўсюду інфэкцыі.

Выканкам прапануе ўвесьці і «масачны рэжым» у арганізацыях, якія непасрэдна абслугоўваюць насельніцтва, у тым ліку на аб'ектах гандлю і грамадзкага харчаваньня.

Яшчэ на працоўных месцах павінны кантраляваць наяўнасьць дэзынфэкцыйных сродкаў, антысэптыкаў для апрацоўкі рук.

Акрамя таго, прапануецца зрабіць неабходныя захады «для прафіляктыкі і папярэджаньня ня толькі прафэсійных, але і іншых захворваньняў работнікаў».

Намесьніца начальніка ўпраўленьня працы, занятасьці і сацыяльнай абароны выканкаму Алена Макеева сказала карэспандэнту Свабоды, што «гэта не распараджэньне, а прапанова ў мэтах памяншэньня пагаршэньня сытуацыі».

«Навошта людзей падстаўляць пад рызыку? Але гэта рэкамэндацыі, бо нельга сказаць кіраўніку ўсіх адправіць у водпуск. Кожнае прадпрыемства вырашае само, што яно можа зрабіць для сваіх работнікаў у рамках дзейнага заканадаўства», — сказала яна.

У Наваполацку з канца сакавіка дзейнічае плян дадатковых захадаў для прафіляктыкі і зьніжэньня распаўсюджваньня вострых рэсьпіраторных інфэкцый, сярод якіх COVID-19. Дакумэнт прапануе, як зьменшыць кантакты паміж людзьмі, паведамляе сайт Novaya.by.

Сярод патрабаваньняў, якія прад'яўляюцца да прамысловых абʼектаў:

  • праводзіць прыборку з выкарыстаньнем дэзсродку памяшканьняў з масавым знаходжаньнем работнікаў;
  • забясьпечыць эфэктыўную працу сыстэм вэнтыляцыі і кандыцыянаваньня;
  • абмежаваць колькасьць працоўных у зьмену, разьмежаваць іх патокі пры двухзьменным рэжыме працы зь перапынкам ня менш як 20 хвілін;
  • не дапускаць наведваньня староньнімі асобамі вытворчых і бытавых памяшканьняў прадпрыемстваў і арганізацый.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG