Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рубель будзе дэвальвавацца далей, заробак можа ўпасьці да $100», — эканаміст


Для беларускай эканомікі цяперашняя эпідэмія можа быць «як развал СССР: ВУП зьменшыцца, зьнізіцца зьнешні гандаль, будзе дэвальвавацца рубель». Свабода паспрабавала спрагназаваць, якім можа быць постэпідэмічнае «дно» для беларускай эканомікі.

Амаль на 19% абясцэніўся беларускі рубель з пачатку году. Яшчэ ў студзені 1 даляр каштаваў 2,1 рубля, цяпер 2,59. Другі дзень запар на таргах рубель зьніжаецца. Але ці ёсьць нейкая рыса, за якую ён апусьціцца ня можа?

«Беларусь залежыць ад эканомікі суседзяў, а тая будзе падаць»

Вадзім Іосуб
Вадзім Іосуб

«Няма такой рысы, і гэта не асаблівасьць беларускага рубля. Гэта тычыцца любога актыву: валюты, нафты, біткойна, золата. Няма ніводнага эканамічнага закону, які сказаў бы, да якой рысы рубель можа апусьціцца.

У цяперашняй сытуацыі нельга даваць прагнозаў. Часам можна зь вечара сказаць, што адбудзецца на біржы з раніцы. На рубель уплывае ў кароткатэрміновай пэрспэктыве курс расейскага рубля, які, у сваю чаргу, залежыць ад нафты. У сярэднетэрміновай пэрспэктыве рубель залежыць ад дзеяньняў кіраўніцтва краіны, а таксама мы залежым ад эканомікі нашых асноўных гандлёвых партнэраў. Ясна, што эканомікі партнэраў будуць падаць, але няясна, як доўга і як глыбока», — кажа старшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб.

Кошт нафты ўпершыню з 2002 году апусьціўся ніжэй, чым 20 даляраў за барэль. Гэта справакавала падзеньне расейскага рубля, што пацягнула ўніз і беларускі.

«Будзе поўны локдаўн»

На беларускую эканоміку ўплывае каля 10-15 фактараў, кажа кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук. Паводле яго, нават ВУП ЗША ўпадзе праз пандэмію на 25%.

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

«У Беларусі рэцэсія была яшчэ да каранавірусу. Будуць звальненьні, упадзе экспарт, упадзе ВУП, і да гэтага трэба рыхтавацца. У 1999 годзе, напрыклад, нафта была 13 даляраў за барэль, тады ў 2000 годзе задача ўраду Беларусі была — зрабіць заробак 100 даляраў. Вось такое можа быць дно беларускай эканомікі. Цяпер экспартэры прадукцыі ня ведаюць, што будзе заўтра, ці пойдуць фуры ў Расею. Нічога не чуваць і пра падтрымку бізнэсу ад ураду. Будзе лявіна банкруцтваў, поўны локдаўн», — прагназуе Яраслаў Раманчук.

Локдаўн (lockdown) па-ангельску азначае афіцыйны загад, які абмяжоўвае перасоўваньне людзей ці транспарту. У сувязі з пандэміяй каранавірусу гэтае слова пачало ўжывацца ў сэнсе часовага закрыцьця прадпрыемстваў, вучэльняў, установаў, практычна — прыпыненьня эканомікі.

Паводле Раманчука, будзе падзеньне ВУП Беларусі на 13 мільярдаў даляраў: з 63 мільярдаў да 50. А бюджэт органаў дзяржкіраваньня згубіць каля 7 мільярдаў даляраў.

«Курс 2,6 за даляр, вядома, не пратрымаецца, рубель будзе дэвальвавацца далей. Будзе як развал СССР, пагоршаны станам фінансаў прадпрыемстваў і паралічам дзяржаўнай улады, якая цяпер ня хоча весьці дыялёг ні з вучонымі, ні зь бізнэсам», — мяркуе Яраслаў Раманчук.

Цяпер ВУП Беларусі на 48,8% складаецца з даходаў ад сфэры паслуг, а якраз гэтая сфэра ўжо цярпіць і можа яшчэ больш пацярпець ад крызісу.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG