Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менгарвыканкам зацьвердзіў плян антывірусных захадаў

абноўлена

Дэзынфэкцыя грамадзкага транспарту, ілюстрацыйнае фота
Дэзынфэкцыя грамадзкага транспарту, ілюстрацыйнае фота

Менгарвыканкам 8 красавіка зацьвердзіў плян захадаў па прафіляктыцы і зьніжэньні распаўсюду вострых рэсьпіраторных інфэкцый, у тым ліку COVID-19.

Паводле Менгарвыканкаму, прынятыя раней меры насілі рэкамэндацыйны характар. Меры прынятыя 8 красавіка абавязковыя і мусяць выконвацца ўсімі.

Дэзынфэкцыя

  • У падʼездах жылых дамоў будуць прыбіраць з выкарыстаньнем мыючых і дэзынфікуючых сродкаў: апрацоўваць ручкі дзьвярэй, поручні, выключальнікі, панэль кіраваньня ліфтам.
  • У грамадзкім транспарце будуць праводзіць абавязковую дэзынфэкцыю.

Грамадзкае харчаваньне

  • У сталовых, кавярнях і рэстарацыях сталы павінны стаяць не бліжэй 1,5 мэтра адзін ад аднаго. У працоўным раскладзе мусіць быць перапынак ня менш 60 хвілін для дэзынфэкцыі памяшканьняў і абсталяваньня.
  • Адмяняюцца мерапрыемствы на замову (банкеты, карпаратывы, памінкі, вясельлі).

Крамы, гандлёвыя цэнтры, салёны

  • У гандлёвых цэнтрах і крамах забаранілі групавыя прэзэнтацыі, дэгустацыі, рэклямныя акцыі. Супрацоўнікі павінны быць у масках і забясьпечаныя дэзынфікуючымі сродкамі. Перад пачаткам працы супрацоўнікам трэба замяраць тэмпэратуру.
  • Патрапіць у цырульні, тату-салёны, салёны прыгажосьці, салёны пэрманэнтнага макіяжу можна будзе толькі па папярэдняму запісу (з інтэрвалам паміж кліентамі ня менш 5 хвілін). Пэрсанал салёну павінны быць у масках.
  • Пад пытаньнем застаецца праца дыскатэк, начных клюбаў, кальянных, боўлінгу, більярдаў і кампутэрных клюбаў.

Дзіцячыя садкі, школы, ВНУ

  • Дзіцячыя садкі працягнуць працаваць, але бацькі могуць не вадзіць туды дзіця, захаваўшы за ім месца. Пры гэтым бацькам ня трэба будзе плаціць за дзіцячы садок.
  • У садках просяць прадугледзіць меры, накіраваныя на «разлучэньне дзяцей».
  • Супрацоўнікам садкоў забаранілі хадзіць з адной групы ў іншую.
  • Бацькі школьнікаў маюць права вырашыць, ці адпраўляць дзіця ў школу. У школе дзеці павінны знаходзіцца толькі ў сваёй клясе і не кантактаваць зь іншымі.
  • Іншым установам адукацыі і ВНУ параілі перайсьці на дыстанцыйнае навучаньне ці заняткі па індывідуальнаму графіку. У выходныя студэнты мусяць заставацца там, дзе яны знаходзяцца зараз — у інтэрнаце ці кватэры, а не зьязжаць у іншыя населеныя пункты.
  • У інтэрнаты, спартовыя залі і стадыёны навучальных устаноў забаранілі ўваход пабочным асобам.

Царква

  • У цэрквах, касьцёлах і кляштарах цяпер павінны забясьпечыць рэгулярная мыцьцё і антысэптыку рук, прыборку памяшканьняў з выкарыстаньнем дэзынфікуючых сродкаў, праветрываньне, дэзапрацоўку мэблі і дзьвярных ручак, ікон і сасудаў, да якіх дакранаюцца прыхаджане.

Інтэрнаты і гатэлі

  • У дамах-інтэрнатах для сталых людзей і людзей зь інваліднасьцю ўвялі забарону на наведваньні. Пэрсанал і пражываючыя павінны выкарыстоўваць маскі.
  • Засяленьне ў гатэлях павінна быць на максымальнай адлегласьці — на розных паверхах, у розных баках калідора. Трэба штодня замяраць тэмпэратуру кліентаў і цікавіцца станам іх здароўя.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG