Лінкі ўнівэрсальнага доступу

The New York Times: Сродкі для паласканьня рота не ратуюць ад каранавірусу


Нават калі людзі пакрыюць унутраную частку рота хімічным рэчывам, што забівае каранавірус, значная колькасьць яго часьцінак ўсё роўна застаецца ў арганізьме, піша амэрыканская The New York Times.

У шэрагу правакацыйных загалоўкаў на гэтым тыдні гучала прывабная ідэя: вадкасьць для паласканьня рота можа «дэзактываваць» каранавірус і дапамагчы стрымаць яго распаўсюджваньне.

Крыніцай гэтых публікацый стала новае дасьледаваньне, якое паказала, што звычайны каранавірус, які выклікае прастуду, можа быць зьнішчаны ў лябараторыі, калі яго зьмясьціць у вадкасьць для паласканьня рота. Аўтары дасьледаваньня прыйшлі да высновы, што пратэставаныя імі прадукты «могуць забясьпечыць дадатковы ўзровень абароны ад новага каранавірусу».

Але сутнасьць у тым, піша The New York Times, што ў дасьледаваньні вывучаліся звычайныя каранавірусы, даўно вядомыя — тыя, што выклікаюць звычайную прастуду.

У дасьледаваньні, апублікаваным у мінулым месяцы ў Journal of Medical Virology, разглядаўся толькі «прастудны» каранавірус пад назвай 229E, а ня новы каранавірус, які носіць афіцыйную назву SARS-CoV-2 і выклікае значна больш сур’ёзныя захворваньні. Справа ў тым, што дасьледчыкі могуць вывучаць SARS-CoV-2 толькі ў лябараторыях з высокім узроўнем бясьпекі пасьля праходжаньня сур’ёзнага навучаньня.

Таму экспэрты перасьцераглі ад празьмерна аптымістычнай інтэрпрэтацыі вынікаў дасьледаваньня, якія могуць ня мець практычнага значэньня для барацьбы з новым каранавірусам, што забіў ужо больш за мільён чалавек у сьвеце.

У экспэрымэнце ня толькі не дасьледаваўся новы сьмяротны вірус, але і не правяралася, ці ўплывае вадкасьць для паласканьня рота на тое, як вірусы перадаюцца ад чалавека да чалавека.

Пры гэтым вынікі дасьледаваньня зусім не беспрэцэдэнтныя. Іншыя дасьледчыкі ўжо праводзілі аналягічныя экспэрымэнты, у тым ліку адзін, які вывучаў уплыў вадкасьці для паласканьня рота на новы каранавірус — з супастаўнымі вынікамі.

Навукоўцы сьцьвярджаюць, што нават калі б людзі вельмі старанна пакрылі ўнутраную частку рота ці носу хімічным рэчывам, якое забівае каранавірус, значная колькасьць вірусу ўсё роўна засталася б у арганізьме. Новы каранавірус пранікае ня толькі ў рот і нос, але таксама ў глыбокае горла і лёгкія, куды, як вядома, ніколі не трапляюць вадкасьці для паласканьня рота і носа.

Вірусы, якія ўжо схаваныя ўсярэдзіне клетак, таксама будуць абаронены ад хімікатаў хуткага дзеяньня, якія зьмяшчаюцца ў сродках для паласканьня рота.

«Ня думайце, што вашы клеткі заражаюцца, а затым вылучаюць групу вірусаў, і на гэтым усё», — кажа вірусоляг з Калюмбійскага ўнівэрсытэту доктарка Анджэла Расмусэн. — Заражаныя клеткі пастаянна вырабляюць і вырабляюць усё больш вірусу. Гэта пытаньне часу".

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG