Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каму найбольш пагражае COVID-19?


Гендэрны і ўзроставы падзелы, геаграфічныя асаблівасьці, даступнасьць хуткай мэдычнай дапамогі, шчыльнасьць насельніцтва, умовы працы — журналіст Свабоды Эндзі Гайл апісвае, як гэтыя фактары ўплываюць на рызыку захворваньня і сьмерці ад каранавірусу.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

«Мы працягваем атрымліваць сюрпрызы ад каранавірусу», — заяўляе Марджары Полак, нью-ёркская эпідэміёлаг і намесьніца кіраўніка праграмы маніторынгу новых захворваньняў (ProMED) — сыстэмы раньняга папярэджаньня новых захворваньняў па ўсім сьвеце.

30 сьнежня менавіта доктар Полак шырока распаўсюдзіла інфармацыю пра масавыя захворваньні на каранавірус ў кітайскім Ухані.

Што вядома пра асаблівасьці каранавірусу? Вядома, што ў цяжкой форме хвароба працякае часьцей у людзей сталага веку і ў тых, хто мае сурʼёзныя іншыя захворваньні.

Паводле амэрыканскага цэнтру для кантролю і прафіляктыкі захворваньняў (CDC) сярод асобаў, якія знаходзяцца ў зоне асаблівай рызыкі — тыя, хто хварэе на гіпэртанію ці іншыя парушэньні кровазвароту, мае хранічныя захворваньні лёгкіх, дыябэт, захворваньні пячонкі або нырак.

Гендэрны і ўзроставы падзелы

CDC дадае, што ў ЗША значна больш мужчын, чым жанчыны, памерлі або перанесьлі COVID-19 у цяжкой форме. Гэтая тэндэнцыя назіраецца практычна ў кожнай краіне, пачынаючы з самых першых дадзеных у Кітаі.

Дзеці значна лепш пераносяць захворваньне COVID-19, чым дарослыя. Шматлікія дасьледаваньні паказалі вельмі нізкую сьмяротнасьць сярод заражаных дзяцей і паступовы рост сьмяротнасьці ад COVID-19 да 60-гадовага ўзросту. Пасьля 60 гадоў рызыка сьмерці рэзка ўзмацняецца.

Дасьледаваньне часопісу Lancet, зробленае на дзясятках тысяч выпадкаў, паказала, што сьмяротнасьць сярод дарослых хворых узросту да 30 гадоў складае 0,15% (менш адсотка), а сярод пацыентаў 80 гадоў і старэй — 13,4%, амаль у сто разоў больш.

Аднак апошнім часам у Францыі, Бэльгіі і ЗША назіраецца рост колькасьці сьмерцяў ад каранавірусу сярод дзяцей і падлеткаў. Прычыны гэтага фэномэну пакуль незразумелыя.

Поўнач і Поўдзень

Найбольшая колькасьць захворваньняў і сьмерцяў ад COVID-19 адбыліся на поўначы плянэты, яны прапалі на зіму і вясну. У гэтым новая хвароба падобная на такія традыцыйныя, як прастуда і грып.

«Каранавірусы часьцей распаўсюджваюцца падчас халоднага надворʼя, але ня ўсе» — кажа Дэніэл Сынгер, рэгіянальны дырэктар CDC для Цэнтральнай Азіі. «Адзін каранавірус — гэта вірус, які выклікае блізкаўсходні дыхальны сындром (MERS), і ён паходзіць ад вярблюдаў на Блізкім Усходзе, дзе вельмі цёпла. Такім чынам, няма дакладнага правіла, як менавіта паводзяць сябе каранавірусы».

Небясьпека цеснаты

Існуе шмат доказаў таго, што цесныя жылыя памяшканьні зьяўляюцца адным з самых важных фактараў рызыкі заражэньня каранавірусам.

Доктарка Полак кажа, што гэта было адной з прычынаў хуткага распаўсюду хваробы ўва Ўхані. Адзначаецца, што гэты чыньнік уяўляе сабой вялікую пагрозу для Расеі, дзе вялікая колькасьць працоўных мігрантаў з краінаў былога СССР, якія часам жывуць па некалькі чалавек у цесным жытле.

Вялікую небясьпеку таксама ўтвараюць традыцыі жыць вялікімі сем'ямі і шчыльна камунікаваць зь сябрамі і роднымі. Гэта адна з прычынаў, чаму Італія аказалася адной з самых пацярпелых ад пандэміі краінаў.

Праблемы з тэрміновай мэдычнай дапамогай

Відавочна, што адзін з фактараў, які зьніжае рызыку — гэта магчымасьць хутка атрымаць мэдычную дапамогу. Аўтары дасьледаваньня пра «попыт на шпіталі» папярэджваюць пра «шпітальныя пустыні» у Ангельшчыне і ва Ўэльсе, «якія маюць мала рэсурсаў, каб справіцца з хваляй крытычных выпадкаў».

І праблемы могуць чакаць краіны, якія на першы погляд выглядаюць падрыхтаванымі да атакі каранавірусу.

Расея — сярод сусьветных лідэраў паводле колькасьці шпітальных ложкаў (8 на тысячу чалавек, хаця гэта значна менш, чым, скажам, у Японіі (13) ці Паўднёвай Карэі (12).

Але напачатку гэтага году Падліковая палата Расеі папярэдзіла аб недахопе кваліфікаваных лекараў і заявіла, што інспэкцыі ў больш чым 100 000 мэдычных установаў паказалі, што амаль у адной траціне зь іх няма вадаправоду.

Давер да ўраду

Аўтары глябальнага дасьледаваньня «Вымярэньне паводзінаў падчас пандэміі COVID-19 ва ўсім сьвеце» не зафіксавалі ніякай сувязі паміж даверам да ўладаў і цяжарам пандэміі ў краінах, якія яны вывучалі.

Вынікі дасьледаваньня па 51 краіне вызначылі Вэнэсуэлу, Расею, ЗША і Беларусь, як краіны, дзе насельніцтва ў найбольшай ступені лічыць, што іх улады кажуць няпраўду пра пандэмію каранавірусу.

Згодна з афіцыйнымі дадзенымі, ЗША, Гішпанія і Расея лідзіруюць у сьвеце паводле колькасьці захворваньняў COVID-19.

Афіцыйная колькасьць заражэньняў у Вэнэсуэле малая, але гэтыя дадзеныя экспэрты ставяць пад сумнеў.

Беларускі прэзыдэнт Аляксандр Лукашэнка некалькі месяцаў адмаўляў сурʼёзнасьць пандэміі, але цяпер афіцыйныя колькасьць захворованьняў COVID-19 перавысіла 25 тысячаў і Беларусь стала адным з сусьветных лідэраў паводле колькасьці новых штодзённых выпадкаў захворваньня на душу насельніцтва.

Зь іншага боку, жыхары Гішпаніі і Вялікабрытаніі, краінаў, якія найбольш пацярпелі ад пандэміі, ацанілі праўдзівасьць сваіх урадаў на сярэднім узроўні, прыкладна гэтак жа, як грамадзяне значна менш пацярпелых Альбаніі і Славаччыны.

Пандэмія і праца

Яшчэ адным з фактараў рызыкі зьяўляецца немагчымасьць сядзець дома.

У Каліфорніі 90% тых, хто быў інфікаваныя каранавірусам, паведамілі, што ня маюць магчымасьці працаваць дыстанцыйна.

Дадзеныя па Вялікабрытаніі паказваюць, што сярод мужчын, якія занятыя некваліфікаванай працай, сьмяротнасьць ад каранавірусу ўдвая вышэйшая, чым сярод усіх мужчынаў працаздольнага ўзросту.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG