Лінкі ўнівэрсальнага доступу

The New York Times: Дакладныя дадзеныя пра пандэмію дае... каналізацыя


Каранавірус можа ператварыць назіраньне за сьцёкавымі водамі ў звычайную практыку грамадзкай аховы здароўя, піша амэрыканская газэта The New York Times.

Доктар Марк Джонсан, вірусоляг з Унівэрсытэту Місуры, правёў большую частку 2020 году, зьбіраючы сьцёкавыя воды з усяго штату і аналізуючы іх на наяўнасьць фрагмэнтаў каранавірусу. Людзі з COVID-19 вылучаюць вірус з экскрэмэнтамі. Джонсан заўважыў, што калі каранавірус распаўсюдзіўся па Місуры, усё больш яго стала зьяўляцца ў сьцёкавых водах.

У студзені 2021 году доктар Джонсан выявіў ва ўзорах вады сьляды штаму B.1.1.7 — больш небясьпечнага варыянту, які ўпершыню быў выяўлены ў Вялікабрытаніі. Афіцыйна ў Місуры пацьверджаных выпадкаў B.1.1.7 не было, але сьцёкавыя воды паказвалі, што гэты варыянт у штаце зьявіўся. Да канца студзеня ўзровень B.1.1.7 у пробах вады з каналізацыі рэзка павысіўся, а ў пачатку лютага штат нарэшце выявіў першы выпадак захворваньня ад B.1.1.7.

Выкарыстоўваючы ўзоры сьцёкавых вод, доктар Джонсан змог зазірнуць у будучыню Місуры з каранавірусам. «Не магу паверыць, наколькі добра гэта працуе, — кажа ён. -Я адчуваю сябе аракулам».

Доктар Джонсан — адзін з многіх навукоўцаў, якія летась далучыліся да раней маргінальнай галіны эпідэміялёгіі сьцёкавых вод. Згодна з глябальным каталёгам праектаў COVID-19 Poops Dashboard, дасьледчыкі ў 54 краінах цяпер адсочваюць каранавірус ў сьцёкавых водах.

Іх праца пацьвердзіла ідэю аб тым, што нагляд за сьцёкавымі водамі можа быць карысным спосабам адсочваньня інфэкцыйных хваробаў у цэлых супольнасцях.

У сакавіку сёлета Эўракамісія рэкамэндавала краінам-сябрам стварыць сыстэмы для маніторынгу сьцёкавых вод на наяўнасьць каранавірусу.

А ў мінулую восень амэрыканскія Цэнтры кантролю і прафіляктыкі захворваньняў і Дэпартамэнт аховы здароўя і сацыяльных службаў стварылі Нацыянальную сыстэму нагляду за сьцёкавымі водамі, каб дапамагчы мясцовым чыноўнікам рэагаваць на COVID-19. Гэта першая сыстэма такога кшталту ў Злучаных Штатах.

Цяпер каманды па ўсім сьвеце — у ЗША, Францыі, Партугаліі, Індыі, Іране, Бразыліі, Канадзе і іншых краінах — таксама выявілі, што дадзеныя аб сьцёкавых водах зьяўляюцца дакладным індыкатарам таго, што адбываецца ў рэальным сьвеце. Калі колькасьць дыягнаставаных выпадкаў COVID-19 у раёне павялічылася, у сьцёкавых водах зьявілася больш каранавірусу. Узроўні вірусу ўпалі, калі ў краінах ці рэгіёнах былі ўведзеныя локдаўны, і рэзка ўзрасьлі, калі краіны зноў адчыніліся.

Некалькі груп навукоўцаў таксама пацьвердзілі, што сьцёкавыя воды могуць служыць сыстэмай раньняга папярэджаньня. Узровень вірусу ў сьцёкавых водах часта дасягаў піку за некалькі дзён да таго, як лекары назіралі пік афіцыйных выпадкаў COVID-19.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG