Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Людзям, якія перанесьлі COVID-19, дастаткова адной дозы вакцыны, каб атрымаць імунітэт ад розных каранавірусаў


Новыя дасьледаваньні паказваюць, што адна прышчэпка вакцыны можа значна павысіць ўзровень антыцелаў у тых, хто ўжо хварэў на каранавірус. Пра сэнсацыйныя вынікі, атрыманыя амэрыканскімі навукоўцамі, піша The New York Times.

Колькасьць людзей у сьвеце, якія заразіліся каранавірусам, перавышае 110 мільёнаў чалавек. Ці варта гэтым людзям рабіць прышчэпкі? Два новыя амэрыканскія дасьледаваньні даюць адназначны адказ на гэтае пытаньне.

Навукоўцы высьветлілі, што такім людзям дастаткова адной дозы вакцыны, каб колькасьць антыцелаў у іх дасягнула ўзроўню, здольнага зьнішчыць як новы каранавірус, так і некаторыя іншыя яго варыянты.

Гэтыя вынікі карэлююцца з высновамі двух іншых дасьледаваньняў, апублікаваных за апошнія некалькі тыдняў. Узятыя разам, яны паказваюць, што людзям якія перанесьлі COVID-19, прышчэпкі рабіць трэба, але дастаткова адной дозы.

«Думаю, гэта сапраўды важкае абгрунтаваньне, чаму ачунялых ад COVID-19 людзей, трэба прышчапляць», — кажа імуноляг з Унівэрсытэту Таронта Джэніфэр Гомэрман.

Імунны адказ чалавека на натуральную інфэкцыю моцна адрозьніваецца. У большасьці людзей выпрацоўваецца вялікая колькасьць антыцелаў, якія захоўваюцца на працягу многіх месяцаў. Але некаторыя хворыя на COVID-19, у якіх былі лёгкія сымптомы або іх наогул не было, выпрацоўваюць мала антыцелаў, да таго ж колькасьць іх хутка падае да ўзроўню, які аналізы нават не фіксуюць.

У апошнім дасьледаваньні, якое яшчэ не апублікавалі ў навуковым часопісе, былі прааналізаваныя ўзоры крыві людзей, што перанесьлі COVID-19. Вынікі паказалі, што імунная сыстэма гэтых людзей можа ня даць рады варыянту каранавірусу, які ўпершыню быў выяўлены ў Паўднёвай Афрыцы і атрымаў назву B.1.351.

Але адна іньекцыя вакцыны Pfizer-BioNTech або Moderna значна зьмяняе карціну. Адна доза вакцыны павялічвае колькасьць антыцелаў у крыві тых, хто хварэў на каранавірус, у тысячу разоў.

«Масіўнае, вельмі масіўнае павышэньне», — кажа імуноляг з Цэнтру дасьледаваньня раку ў Сыэтле Эндру Макгуайр, які кіраваў дасьледаваньнем. Навуковец паведаміў, што насычаныя антыцеламі ўзоры крыві ўсіх удзельнікаў экспэрымэнту маглі нэўтралізаваць ня толькі B.1.351, але і каранавірус, які выклікаў эпідэмію SARS у 2003 годзе.

Фактычна антыцелы тых, хто перахварэў і атрымаў адну дозу вакцыны, дзейнічалі лепш, чым у людзей, якія не хварэлі COVID-19 і атрымалі дзьве дозы вакцыны.

Паводле The New York Times, многія дасьледаваньні ўжо паказалі, што вакцыны Pfizer-BioNTech і Moderna прыкладна ў пяць разоў менш эфэктыўныя супраць варыянту каранавірусу 2003 году.

Доктар Макгуайр таксама паведаміў, што ён і яго калегі заўважылі і павелічэньне колькасьці імунных клетак, якія запамінаюць вірус і змагаюцца зь ім. Цалкам відавочна, што мы павышаем ранейшы імунітэт, сказаў ён.

У яшчэ адным новым дасьледаваньні навукоўцы з Нью-Ёркскага ўнівэрсытэту выявілі, што другая доза вакцыны не прыносіць асаблівай карысьці людзям, якія ўжо хварэлі на COVID-19. І гэта для навукоўцаў не навіна — такая ж зьява назіралася з вакцынамі ад іншых вірусаў.

У гэтым дасьледаваньні большасьць людзей былі інфікаваныя каранавірусам восем-дзевяць месяцаў назад, узровень антыцелаў у іх пасьля ўвядзеньня першай дозы вакцыны павялічыўся ў сотні або тысячы разоў. Пасьля другой дозы ўзровень антыцелаў больш ня рос.

«Гэта рэальнае сьведчаньне сілы імуналягічнай памяці, калі людзі атрымліваюць аднаразовую дозу і маюць велізарнае паляпшэньне», — кажа вядучы аўтар дасьледаваньня, дырэктар Цэнтру вакцын Нью-Ёркскага ўнівэрсытэту доктар Марк Маліган.

Пакуль няясна, ці адбудзецца тысячакратны скачок ўзроўню антыцелаў, зарэгістраваны ў лябараторыі, у рэальных умовах. Тым ня менш дасьледаваньні паказваюць, што аднаго ўколу дастаткова, каб значна павысіць іх узровень, — лічыць імуноляг з Нью-Ёрку Фларыян Крамэр.

Той факт, што супэрактыўныя антыцелы, якія навукоўцы назіралі ў новым дасьледаваньні, могуць змагацца з вірусам SARS 2003 году, паказвае, што аднаразовая доза вакцыны можа заахвоціць цела выпрацоўваць «антыцелы шырокай нэўтралізацыі» — імунныя малекулы, здольныя атакаваць шырокі спэктар падобных вірусаў, — мяркуе імуноляг з Дасьледчага інстытуту Скрыпса ў Каліфорніі доктар Дэніс Бэртан.

Навукоўцы называюць гэта прарывам у змаганьні з пандэміяй каранавірусу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG