Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усе спадзяваліся на вакцыну ад каранавірусу. Чаму вакцынацыя ідзе так павольна


Лічбы распаўсюджваньня каранавірусу па ўсім сьвеце па-ранейшаму растуць. Колькасьць памерлых перавысіла 2,5 млн чалавек. Як панацэі сьвет чакаў распрацоўкі вакцын, але калі ў канцы 2020 году яны зьявіліся, вакцынацыя пачала прабуксоўваць. Тлумачым, чаму так адбываецца.

Колькі ў сьвеце распрацавана вакцын

Усяго ў сьвеце розныя фірмы тэстуюць каля 150 вакцын ад каранавірусу. Яшчэ ў канцы мінулага году паведамлялася, што на людзях тэстуюцца 55 вакцын, яшчэ 87 праходзць выпрабаваньні на жывёлах.

Чым вакцыны адрозьніваюцца адна ад адной

Вакцыны можна падзяліць на групы, залежна ад мэханізму іх узьдзеяньня на арганізм.

  • генэтычныя вакцыны
  • вакцыны на аснове віруснага вэктару
  • вакцыны на аснове бялку

Да генэтычных вакцын адносяцца вакцыны такіх кампаніяў, як амэрыканская Moderna, амэрыканска-нямецкая Pfizer/BioNTech, індыйская Zydus Cadilla, брытанская Morningside, японская AnGes.

Да вакцын на аснове віруснага вэктару належаць кітайская CanSinoBIO, расейская «Sputnik V», амэрыканская Johnson&Johnson, брытанска-швэдзкая AstraZeneca.

Вакцыны на аснове бялку распрацавалі ці распрацоўваюць амэрыканская кампанія Novavax, канадзкая Medicago, кітайская Акадэмія мэдычных навук, інстытут «Вектор» у Расеі.

Якія вакцыны ўжо зарэгістравалі

У ЗША і Эўразьвязе зарэгістраваныя вакцыны Pfizer/BioNTech, Moderna і AstraZeneca. Нядаўна ў ЗША была зарэгістраваная і вакцына амэрыканскай фірмы Novavax.

У Расеі, Беларусі, некаторых краінах Паўднёвай Амэрыкі і некаторых краінах Эўропы (Вугоршчына, Сэрбія) дазволена да выкарыстаньня расейская вакцына «Спутник V».

Кітай прышчапляе сваіх грамадзян і прапануе іншым краінам сваю вакцыну Sinopharm. Гэтую ж вакцыну закупіла Вугоршчына, ёю прышчапіўся прэм’ер-міістар Віктар Орбан.

Якая вакцына найбольш эфэктыўная

Паводле вынікаў трох фаз выпрабаваньняў, найбольш эфэктыўнаю выглядае вакцына Pfizer/BioNTech — 95%.

Эфэктыўнасьць 94-95% паказвае і вакцына фірмы Moderna.

Пра такую ж эфэктыўнасьць заяўляюць і вытворцы расейскай вакцыны «Спутник V», але міжнародная навуковая супольнасьць закідае расейцам недастаткова празрыстую трэцюю фазу выпрабаваньняў.

Эфэктыўнасьць вакцыны AstraZeneca спачатку складала 70%, але пасьля ўдасканаленьня набліжаецца да 90%.

Кітайская Sinopharm дасягае 79% эфэктыўнасьці.

Дзе вакцынацыя ідзе найбольш пасьпяхова

Лідэрамі ў вакцынацыі зьяўляюцца Ізраіль, ЗША і Вялікая Брытанія.

У Ізраілі колькасьць вакцынаваных перавысіла 50% насельніцтва, у краіне пачалі скасоўваць абмежаваньні. Прышчэпленыя людзі зь «зялёнымі пасьведчаньнямі» маюць права наведваць спартовыя залі, басэйны і г. д.

У ЗША колькасьць вакцынаваных перавысіла 50 млн чалавек. У дзень там робіцца да 2 млн прышчэпак. Прэзыдэнт Байдэн заявіў, што за першыя 100 дзён ягонага прэзыдэнцтва будзе вакцынавана 100 млн амэрыканцаў, а да канца траўня ў каріне будзе дастаткова вакцын для кожнага дарослага жыхара.

Таксама і ў Вялікай Брытаніі паступова рыхтуюцца да зьмякчэньня абмежаваньняў, там колькасьць вакцынаваных набліжаецца да 20 мільёнаў чалавек.

Чаму вакцынацыя ў розных краінах ідзе з рознай хуткасьцю

Розныя краіны па-рознаму падрыхтаваліся да вакцынацыі. Вытворчасьць вакцын — гэта бізнэс, іх вырабляюць прыватныя кампаніі. Той, хто болей плаціць, той больш і атрымлівае.

Усе гульцы на рынку заключалі кантракты з патэнцыйнымі вытворцамі вакцын, але калі вытворчасьць пачалася, аказалася, што некаторыя кантракты выконваюцца ў першую чаргу, бо больш выгадныя.

Вядома, напрыклад, што Ізраіль плаціць за адну дозу вакцыны Pfizer/BioNTech 24 даляры, а Эўразьвяз — толькі 12.

Паводле дадзеных Bloomberg News, па стане на 1 сакавіка ў Вялікай Бм рытаніі на 100 чалавек насельніцтва была ўведзена 31 доза вакцыны, 23 у ЗША, 7 у Нямеччыне і 5 у Канадзе.

У Канадзе агульны лік вакцынаваных складае 3% насельніцтва.

У студзені AstraZeneca скараціла пастаўкі ў ЭЗ у першым квартале да 40 мільёнаў дозаў з 90 мільёнаў, прадугледжаных у кантракце, а пазьней паведаміла Брусэлю, што скароціць пастаўкі яшчэ на 50 адсоткаў у другім квартале. Пасьля пратэстаў і пагроз Эўракамісіі кампанія заявіла, што даставіць патрэбныя дозы на другі квартал з-за межаў Эўропы.

Чаму вакцынацыя выклікала сваркі ў Эўразьвязе

Многія краіны Эўразьвязу не задаволеныя тэмпамі цэнтралізаваных паставак вакцын і недастаткова хуткімі тэмпамі іх рэгістрацыі. Можа сказаць, што за час пандэміі бюракратыя Эўразьвязу спрацавала недастаткова эфэктыўна трэці раз.

Спачатку гэта была праблема з падстаўкамі масак і рэсьпіратараў і затрымка дапамогі Італіі, за што ў яе пасьля прасіла прабачэньня старшыня Эўракамісіі Ўрсуля фон дэр Ляен. А цяпер — пастаўкі вакцын, у якіх Эўропа моцна адстала ад Ізраілю, ЗША і Вялікай Брытаніі.

У такіх краінах, як Чэхія ці Славаччына, якія спадзяваліся на Брусэль, правакцынавалі ўсяго па 3-3,5% насельніцтва. У выніку адбываюцца спрэчкі і канфлікты, краіны пачынаюць самастойна рэгістраваць вакцыны з-за межаў ЭЗ.

Аўстрыя і Данія, засмучаныя павольным забесьпячэньнем вакцынамі супраць COVID-19 у Эўразьвязе, вырашылі каапэравацца з Ізраілем у вытворчасьці новых вакцынаў ад каранавірусу.

4 сакавіка Італія заблякавала адпраўку 250 тысяч дозаў вакцыны AstraZeneca ў Аўстралію. Прэпарат вырабляецца на заводзе пад Рымам. Рашэньне падтрымала і Эўракамісія.

Славаччына і Чэхія зьвярнуліся да Расеі з просьбай аб пастаўках расейскай вакцыны «Спутник V». Гэта выклікала спрэчкі ў кіраўніцтве краіны. Да Расеі зьвярнуўся прэм'ер-міністар, а супраць выступілі міністар замежных спраў і прэзыдэнт. Тым ня менш у Славаччыну ўжо прыбыў першы расейскі самалёт з вакцынай.

Чэхія ўжо папрасіла вакцыну і ў Кітаю. Ну а Вугоршчына, як ужо гаварылася, актыўна прышчапляе сваё насельніцтва ня толькі заходнімі вакцынамі, але і расейскім «Спутникам V» і кітайскай Sinopharm.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG