Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці абараняе вітамін D ад каранавірусу? — лекары спрачаюцца


Некаторыя навукоўцы лічаць, што ў людзей зь недахопам вітаміну D формы імунных рэакцый слабыя або анамальныя. Таму такія людзі больш адчувальнымі да цяжкіх форм COVID-19, піша амэрыканская газэта The New York Times.

Што было вядома ў першыя месяцы пандэміі

У першыя месяцы мэдыкі заўважылі, што цяжкае працяканьне каранавіруснай інфэкцыі асабліва часта сустракаюцца сярод пажылых людзей, жыхароў дамоў састарэлых, афраамэрыканцаў і іншых меншасьцяў.

Арганізм сынтэзуе вітамін D праз прамое ўзьдзеяньне сонечных промняў, і людзі пажылога ўзросту, якія шмат часу праводзяць у закрытых памяшканьнях або маюць больш цёмную скуру, маюць і больш нізкі ўзровень гэтага вітаміну.

Атлусьценьне, яшчэ адзін фактар рызыкі разьвіцьця цяжкай формы COVID-19, таксама зьвязана зь нізкім узроўнем вітаміну D.

Некаторыя аналітыкі сьцьвярджаюць, што не вітамін D, але сацыяльна-эканамічныя фактары, такія як меншы доступ да мэдычнай дапамогі і меншая магчымасьць працаваць дома, спрыяюць большай колькасьці выпадкаў хваробы і сьмерці ад каранавірусу сярод меншасьцей.

Але іншыя мэдычныя экспэрты паказваюць, што нізкі ўзровень вітаміну D можа перашкаджаць імуннай сыстэме працаваць нармальна. Вітамін D дапамагае зьняць запаленьне і можа стымуляваць выкід антымікробных бялкоў, якія забіваюць вірусы і бактэрыі.

Вынікі першых дасьледаваньняў

Група дасьледчыкаў з Паўночна-Заходняга ўнівэрсытэту ў ЗША выпусьціла дасьледаваньне, якое паказвае, што вітамін D можа дапамагчы спыніць так званыя цытакінавыя штормы — тып імуннай рэакцыі, які часта ўскладняе хваробу COVID-19 і нават забівае пацыентаў.

Газэта піша, што інфармацыя пра станоўчы ўплыў вітаміну D на вірусна-рэсьпіраторныя хваробы ня новая. І раней зьяўляліся дасьледаваньні, якія паказвалі, што добры ўзровень вітаміну D зьмяншае рызыку дыхальных ускладненьняў пасьля грыпу і пераахалоджваньня.

У сакавіку былы дырэктар амэрыканскага Цэнтру кантролю і прафіляктыкі хваробаў доктар Том Фрыдэн заклікаў людзей пазьбягаць недахопу вітаміну D, праводзіць больш часу на сьвежым паветры, ужываць багатыя на вітамін D прадукты, такія як тлустая рыба, яечныя жаўткі і не абястлушчанае малако, або прымаць харчовыя дадаткі, каб зьменшыць рызыку захварэць на COVID-19.

Мэдыкі Чыкаскага ўнівэрсытэту, які абслугоўвае пераважна чарнаскурых і гішпанамоўных жыхароў у паўднёвай частцы Чыкага, прааналізавалі мэдычныя дадзеныя больш за 4300 пацыентаў, якія прайшлі праверку на COVID-19 у сакавіку і пачатку красавіка.

Правёўшы кантроль над фактарамі, якія могуць паўплываць на ўзровень вітаміну D, напрыклад, узрост, раса і хранічныя хваробы, яны выявілі, што людзі, якія мелі дэфіцыт вітаміну D да пачатку пандэміі, на 77 адсоткаў больш схільныя да пазытыўных тэстаў на COVID-19 у параўнаньні зь людзьмі, у якіх зь вітамінам D усе было ў парадку.

У Брытаніі прадстаўнікі этнічных меншасьцяў, напрыклад, афрыканскага або паўднёваазіяцкага паходжаньня, складаюць траціну ўсіх крытычна цяжкіх выпадкаў COVID-19, хоць яны складаюць усяго 14 адсоткаў насельніцтва. У гэтых сацыяльных пластах назіраецца больш высокі ўзровень беднасьці, хранічных захворваньняў і недахопу вітаміну D.

Аргумэнты праціўнікаў

Два нядаўнія дасьледаваньні, якія выкарыстоўвалі дадзеныя з Амэрыканскага біябанку, прымусілі навуковую супольнасьць засумнявацца ў сувязі паміж вітамінам D і COVID-19.

Адна група дасьледчыкаў выявіла, што ўдзельнікі, якія нядаўна былі пратэставаныя на каранавірус і мелі станоўчы вынік, з большай верагоднасьцю мелі і дэфіцыт вітаміну D у параўнаньні з іншымі ўдзельнікамі. Але асацыяцыя зьнікла пасьля выпраўленьня вынікаў для такіх фактараў, як узрост, раса, атлусьценьне і сацыяльна-эканамічны статус.

Атрыманыя дадзеныя дазваляюць выказаць здагадку, што больш нізкія ўзроўні вітаміну D ня зьвязаныя з COVID-19, сказала доктар Клэр Хасьці, навуковы супрацоўнік Унівэрсытэту Глазга:

«Людзі зь меншым узроўнем вітаміну D маюць больш высокую рызыку заражэньня COVID-19, але, падобна, гэта тлумачыцца іншымі фактарамі рызыкі, а не самім вітамінам D. Нашы дадзеныя не падтрымліваюць сувязь паміж канцэнтрацыяй вітаміну D і рызыкай заражэньня COVID-19», — сказала яна.

Другі аналіз пад кіраўніцтвам дасьледчыкаў з Унівэрсытэту Суры ў ЗША прыйшоў да падобных высноў.

«Мэханічна існуе сувязь паміж вітамінам D і інфэкцыямі дыхальных шляхоў. Але нідзе няма дастатковых доказаў, каб пацьвердзіць заявы, што COVID-19 выкліканы дэфіцытам вітаміну D», — сказала доктар С’юзэн Ланхэм-Нью, аўтар другога дасьледаваньня і загадчыца катэдры харчаваньня Ўнівэрсытэту Суры.

І ўсё ж Гарвард настойвае

Але доктарка Джоан Мэнсан, прафэсар Гарвардзкай мэдычнай школы, заявіла, што сувязь паміж недахопам вітаміну D і COVID-19 выглядае пераканаўча.

Мэнсан пачынае дасьледаваньне, падчас якога будзе вырашацца, ці прызначаць людзям пасьля станоўчага тэсту на COVID-19 штодзённы прыём вітаміну D на працягу месяца.

У той жа час доктарка Мэнсан кажа, што людзі павінны рабіць простыя рэчы, каб пазьбегнуць дэфіцыту вітаміну D, напрыклад, быць фізычна актыўнымі на адкрытым паветры і ўжываць у ежу крупы, малочныя прадукты, сушаныя грыбы і рыбу. А тыя, хто ня можа гэтага рабіць, павінны прымаць вітамін D з харчовымі дадаткамі ад 1000 да 2000 адзінак у дзень.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG