Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як праводзіць сямейныя і сяброўскія сьвяты з удзелам прышчэпленых і непрышчэпленых. Парады


Набліжаюцца калядныя і навагоднія сьвяты. Ва ўмовах пандэміі COVID-19 шмат для каго сямейныя ўрачыстасьці сталі праблемай — людзі, натуральна, баяцца заразіцца.

Яшчэ больш праблему, як ні дзіўна, паглыбіла вакцынацыя — прышчэпленыя людзі сталі баяцца сустракацца зь непрышчэпленымі, бо, як высьветлілася ў 2021 годзе, прышчэпленыя ўсё роўна могуць заражацца і заражаць.

Газэта The New York Times сабрала парады навукоўцаў, некаторымі зь якіх могуць скарыстацца і беларусы, што жывуць у розных краінах сьвету.

Як дамовіцца з гасьцямі

Частка людзей з нашага атачэньня ня хочуць вакцынавацца — гэта рэальнасьць, зь якой трэба жыць. Можна перастаць сустракацца зь непрышчэпленымі, але можна і пашукаць магчымасьцяў, каб працягваць сустрэчы з улікам пандэміі і пэўных захадаў бясьпекі.

Для таго каб сямейныя і сяброўскія сувязі не былі парушаныя, дзейнічаць трэба вельмі асьцярожна. Псыхолягі раяць перад важным застольлем (на дзень нараджэньня, на Каляды ці Новы год) параіцца праз тэлефон зь яго будучымі непрышчэпленымі ўдзельнікамі наконт таго, як зьменшыць рызыку заражэньня.

Ня варта настойліва прапаноўваць непрышчэпленым сваякам ці сябрам зрабіць тэст на COVID-19, але ў выніку размовы нехта зь іх можа сам прапанаваць такі варыянт. Асабліва калі вы будзеце далікатна пытацца ў іх парады, як лепш арганізаваць бясьпечнае сьвята.

Калі ў выніку размовы зьявіцца кансэнсус, што непрышчэпленым трэба перад урачыстасьцю зрабіць тэставаньне на COVID-19, будзе добра.

Калі ў вашай краіне можна хутка рабіць PCR-тэсты, гэта вельмі добра, калі не — то можна выкарыстоўваць і хуткія антыгенныя тэсты.

Сёньня антыгенныя тэсты для самастойнага тэставаньня прадаюцца ў большасьці краін сьвету, у тым ліку і ў Беларусі. Іх кошт сягае ад 5-6 рублёў да 100 і болей.

Паводле дадзеных амэрыканскіх Цэнтраў кантролю і прафіляктыкі захворваньняў, здача тэсту на COVID-19 перад хатняй урачыстасьцю можа істотна зьменшыць рызыку распаўсюджваньня вірусу.

Прышчэпленых таксама варта правяраць

Тэсты перад урачыстасьцю варта рабіць і прышчэпленым людзям, бо, як вядома, з часам абарона ад вірусу слабее і прышчэпленыя ня толькі могуць захварэць, але і могуць быць пераносчыкамі інфэкцыі.

Газэта The New York Times прыводзіць словы эпідэміёляга з Гарвардзкага ўнівэрсытэту доктара Майкла Міны:

«Усе ведаюць, што калі яны прыйдуць да мяне дадому, іх будуць правяраць».

Гэта значыць, можна нават дапамагчы сваім гасьцям, купіўшы пэўную колькасьць экспрэс-тэстаў.

Доктар Міна прапануе хатнія экспрэс-тэсты на антыгены кожнаму з сваіх гасьцей, незалежна ад іх прышчэпачнага статусу, карыстаецца імі і ягоная сям'я. Кожны, хто акажацца пазытыўным, будзе вымушаны вярнуцца дадому.

Тэст перад самай урачыстасьцю паказвае, ці ёсьць у чалавека ў носе шмат вірусу ў дадзены канкрэтны момант. Як вядома, да 80% інфікаваных пераносяць хваробу бессымптомна.

Маскі, вэнтыляцыя і сьвежае паветра

У вашай сям’і можа не хапіць грошай на экспрэс-тэсты. Але ёсьць і іншыя рэчы, якія вы можаце зрабіць, каб павысіць сваю бясьпеку.

Незалежна ад таго, ці прышчэпленыя госьці, адно з самых бясьпечных месцаў для збору — на адкрытым паветры.

Паводле парады ўжо згаданага доктара Міны з Гарвардзкага ўнівэрсытэту, калі вы наведваеце вечарынку ў памяшканьні, адчыніце вокны дзеля прытоку сьвежага паветра. Чым большая цыркуляцыя паветра, тым меншая рызыка заразіцца.

Навукоўцы таксама сьцьвярджаюць, што хатнія ачышчальнікі паветра зьмяншаюць колькасьць вірусаў, што перадаюцца паветраным шляхам.

Амэрыканскія Цэнтры кантролю і прафіляктыкі захворваньняў рэкамэндуюць усім, уключаючы дзяцей ад 2 гадоў, насіць маскі падчас вечарынак, калі госьці маюць падвышаную рызыку сур’ёзных захворваньняў, у іх аслабленая імунная сыстэма або не было прышчэпкі.

Таксама раяць, калі ў вас ёсьць непрышчэпленыя сябры або сямейнікі, абмежаваць колькасьць удзельнікаў вечарыны 10 людзьмі і дзьвюма сем’ямі. На думку навукоўцаў, цяпер ня той год, каб праводзіць урачыстасьці на некалькі дзясяткаў ці сотняў чалавек.

У ЗША нават у выпадку, калі ўсе ўдзельнікі ўрачыстасьці прышчэпленыя, раяць абмяжоўваць колькасьць удзельнікаў 15 асобамі і трыма сем’ямі.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG