Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Омікрон». 8 гарачых пытаньняў і адказаў


У сьвеце пачаліся інтэнсіўныя дасьледаваньні новага варыянту каранавірусу, які ўпершыню быў ідэнтыфікаваны на поўдні Афрыкі. Сусьветныя лідэры заклікалі людзей не панікаваць — і зрабіць прышчэпкі, калі магчыма.

Свабода сабрала самыя актуальныя пытаньні і адказы паводле сусьветных мэдыяў.

1. Што такое варыянт «Омікрон»?

Гэта новая ітэрацыя каранавірусу, упершыню ідэнтфікаваная ў Батсване і Паўднёвай Афрыцы. Яна выклікала занепакоенасьць сярод навукоўцаў і службовых асоб аховы здароўя з прычыны незвычайна вялікай колькасьці мутацый (каля 50), якія могуць зрабіць вірус больш перадаваным і менш успрымальным да існуючых вакцынаў.

Сусьветная арганізацыя аховы здароўя назвала «Омікрон» «варыянтам, якія выклікае занепакоенасьць» і папярэдзіла, што глябальныя рызыкі, зьвязаныя з ім, «вельмі высокія».

2. У якіх краінах ужо выяўлены «Омікрон»?

Колькасьць такіх краін дасягнула 70. Выпадкі захворваньня выяўлены ў Вялікабрытаніі, Італіі, Бэльгіі, Нідэрляндах, Нямеччыне, Чэхіі, Ганконгу, Аўстраліі іншых краінах.

1 сьнежня было абвешчана, што вірус дабраўся да ЗША. Яго знайшлі ў цалкам вакцынаванага мужчыны, які 22 лістапада вярнуўся з Паўднёваафрыканскай рэспублікі і здаў тэст 29 лістапада. Сымптомы ў яго лёгкія, ён выздараўлівае. Ніхто з тых, з кім ён кантактаваў, не захварэлі.

3. Ці ўдасца стрымаць «Омікрон»?

Экспэрты сумняваюцца. Ужо вядома, што «Омікрон» знойдзены ў аналізах крыві пацыентаў у Нігерыі, здадзеных у сярэдзіне кастрычніка 2021 году — гэта значыць больш чым за месяц да таго, як вірус быў ідэнтыфікаваныя 23 лістапада ў Паўднёвай Афрыцы.

Вядома таксама, што «Омікрон» знойдзены і ў аналізах крыві пацыентаў зь Нідэрляндаў, здадзеных за тыдзень да адкрыцьця новага штаму.

Гэтыя людзі маглі распаўсюдзіць новы штам раней за яго адкрыцьцё.

4. Як вірус распаўсюдзіўся па сьвеце?

Экспэрты называюць два лістападаўскія рэйсы галяндзкай авіякампаніі KLM, якія могуць стаць супэрраспаўсюднікамі інфэкцыі. Адзначаецца, што на борце недастаткова добра канралявалася нашэньне масак.

Галяндзкія ўлады паведамілі, што інфікаванымі каранавірусам аказаліся больш за 60 пасажыраў, у 14 зь іх быў выяўлены новы штам «Омікрон».

Праблема палягае ў тым, што шмат хто з пасажыраў гэтых рэйсаў ляцеў транзытам і тут жа перасеў на іншыя стыкавыя рэйсы. Пасажыры разьехаліся па ўсім сьвеце.

«Мы былі ў адным месцы, у адным пакоі, — сказаў адзін з пасажыраў, 39-гадовы Ян Мэзэк, які вяртаўся з двухтыднёвай працоўнай паездкі з ПАР у Прагу. — Я адчуваў сябе сьвіньнёй у загоне. Яны цалкам распаўсюджвалі вірус вакол нас».

«Яны разьехаліся па ўсім сьвеце, невядома хто куды... Усе пасажыры павінны былі быць зьмешчаныя ў карантын і старанна кантралявацца на працягу сямі-дзесяці дзён... Калі новы варыянт вельмі заразны, то гэты палёт уяўляе сабой выбуховую бомбу», — сказаў вядомы італьянскі вірусоляг з Мілянскага ўнівэрсытэту Фабрыцыё Прэгліяска.

5. Ці варта хвалявацца?

Адкрыцьцё «Омікрону» выклікала значную паніку ва ўсім сьвеце: шэраг краін забаранілі палёты з паўднёвай Афрыкі. А такія краіны, як Ізраіль, Японія і Марока, наогул забаранілі ўезд замежным падарожнікам.

Але экспэрты ў галіне грамадзкай аховы здароўя заклікалі не турбавацца заўчасна, бо пакуль няма пераканаўчых доказаў таго, што «Омікрон» больш небясьпечны, чым папярэднія варыянты, такія як «Дэльта», якая хутка выцесьніла сваіх папярэднікаў ва ўсім сьвеце.

Ёсьць першыя прыкметы таго, што «Омікрон» можа выклікаць толькі лёгкае захворваньне. Але гэтае назіраньне было заснавана ў асноўным на выпадках захворваньня маладых людзей у Паўднёвай Афрыцы, якія ў цэлым менш схільныя сур’ёзна хварэць COVID-19.

Дакладная карціна будзе ясная праз 10-14 дзён.

6. Што дае падставы для аптымізму?

Яшчэ адна прычына захоўваць спакой — заявы вытворцаў вакцын. Яны выказалі ўпэўненасьць, што змогуць зьмяніць існуючыя вакцыны, каб зрабіць прышчэпкі больш эфэктыўнымі супраць новых варыянтаў.

Таксама абнадзейвае, што адметныя мутацыі варыянту «Омікрон» дазваляюць лёгка ідэнтыфікаваць іх з дапамогай мазка з носу і лябараторных тэстаў.

Кампаніі Moderna, Pfizer-BioNTech і Johnson & Johnson і AstraZeneca заявілі, што вывучаюць «Омікрон», і выказалі ўпэўненасьць у сваёй здольнасьці адаптаваць рэцэптуры сваіх вакцын пад новы штам.

7. Ці дапамогуць цяперашнія вакцыны?

Чакаецца, што вакцыны забясьпечаць некаторую абарону ад штаму «Омікрон», паколькі яны стымулююць ня толькі антыцелы, але і іншыя імунныя часьцінкі, што атакуюць інфікаваныя вірусам клеткі.

Мутацыі ў шыпавідным бялку «Омікрону» не зьмяншаюць імунную рэакцыю, якая, на думку большасьці экспэртаў, спрыяе прадухіленьню рызыкі сур’ёзных захворваньняў і сьмерці.

8. Чаму новы штам назвалі «Омікронам»?

Калі Сусьветная арганізацыя здароўя пачала называць новыя штамы каранавірусу, яна зьвярнулася да грэцкага альфабэту — Альфа, Бэта, Гама, Дэльта і т. д. Першы варыянт, які выклікаў заклапочанасьць, быў названы «Альфа», яго выявілі ў Вялікабрытаніі ў канцы 2020 году. Затым зьявілася «Бэта» з Паўднёвай Афрыкі.

Але цяпер шмат хто заўважыў, што былі прапушчаныя наступныя дзьве літары ў алфабэтным парадку: Нью і Сі.

Афіцыйныя асобы САЗ заявілі, што Нью занадта лёгка зблытаць са словам «новы». А вось з наступнай літарай Сі сытуацыя больш складаная. САЗ заявіла, што гэта звычайнае прозьвішча або імя, і гэта можа зьбіваць з панталыку. Некаторыя адзначылі, што гэта імя лідэра Кітаю Сі Цзіньпіна.

Прадстаўнік САЗ сказаў, што палітыка арганізацыі была распрацаваная такім чынам, каб не «абражаць любыя культурныя, сацыяльныя, нацыянальныя, рэгіянальныя, прафэсійныя ці этнічныя групы».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG