Ігар Карней, Менск Спроба абвясьціць пры канцы мінулага тыдня страйк на радыёстанцыі “Новае радыё”, якая належыць Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, скончылася звальненьнем большай часткі супрацоўнікаў і спыненьнем працы радыё. Адказныя за ўрэгуляваньне канфлікту чыноўнікі Фэдэрацыі прафсаюзаў тэрмінова шукаюць замену калектыву, супрацоўнікі якога ў простым эфіры зьвярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі, каб той выратаваў іх ад самаўпраўства згаданай прафсаюзнай арганізацыі. Падставай да радыкальнага кроку стала рашэньне заснавальніка звольніць Генэральнага дырэктара “Новага радыё” Віктара Грышанава.