Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улада пайшла на саступкі Міжнароднай арганізацыі працы (абноўлены)


Валер Каліноўскі, Радыё Свабода Аляксандар Лукашэнка скасаваў сваім указам палажэньні дэкрэту №2 ад 26 студзеня 1999 году аб рэгістрацыйным прынцыпе дзейнасьці прафсаюзных арганізацый. Ён ухваліў праект новага закону аб прафсаюзах, які прадугледжвае заяўны прынцып іхнай дзейнасьці. У незалежных прафсаюзах лічаць, што гэта зроблена пад ціскам Міжнароднай арганізацыі працы і Эўракамісіі.

Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук успрыняў указ Аляксандра Лукашэнкі “са стрыманым аптымізмам”. Калі новы закон будзе прыняты ў такім выглядзе, мяркуе Ярашук, ствараць новыя прафсаюзныя арганізацыі стане лягчэй, дастаткова будзе заявіць уладам пра ўтварэньне новай суполкі.

(Ярашук: ) “Гэта для нас знакавая падзея, таму што з моманту падпісаньня дэкрэту №2 у 1999 годзе мы проста не маглі разьвіваць незалежны прафсаюзны рух, таму што ні адна з нашых арганізацыяў з таго часу не была зарэгістраваная”.

Аляксандар Ярашук лічыць гэты ўказ перамогай незалежных прафсаюзаў, якія шмат гадоў змагаліся за аднаўленьне сваіх правоў. Але адначасова ён пабойваецца, што ўлада абмяжуе дадзеную свабоду дзейнасьці нейкім іншым спосабам. Такім чынам, паводле спадара Ярашука, беларускія ўлады выказалі гатоўнасьць выканаць першы з дванаццаці пунктаў рэкамэндацыяў Міжнароднай арганізацыі працы дзеля выкананьня правоў беларускіх прафсаюзаў, ухваленых у 2004 годзе.

З-за ігнараваньня гэтых рэкамэндацыяў урадам Беларусі Эўракамісія сёлета распачала працэдуру выдаленьня Беларусі з Генэральнай сыстэмы прэфэрэнцыяў у гандлі з Эўразьвязам, што можа каштаваць Беларусі некалькі соцень мільёнаў эўра.

Паводле меркаваньня іншага прафсаюзнага дзеяча, былога старшыні ФПБ Уладзімера Ганчарыка, менавіта гэтая акалічнасьць прымусіла ўлады пайсьці на саступкі патрабаваньням Міжнароднай арганізацыі працы.

(Ганчарык: ) “Ці будзе гэта спрыяць разьвіцьцю незалежных прафсаюзаў? Я думаю, што калі і будзе, то вельмі нязначна. Рэч у тым, што на прадпрыемствах іх ціснуць, галоўная праблема там — кантракты. І ў першую чаргу пад звальненьні й перасьлед там трапляюць актывісты незалежных прафсаюзаў”.

Спадар Ганчарык перакананы, што для нармальнага разьвіцьця прафсаюзаў мала некалькіх фармальных саступак міжнароднаму ціску, трэба мяняць агульную сытуацыю ў краіне, і найперш — скасаваць кантрактную сыстэму. Спадар Ганчарык таксама сумняецца, што ўлады будуць рэальна выконваць іншыя 11 пунктаў рэкамэндацыяў Міжнароднай арганізацыі працы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG