Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Герасіменка: “Улічыць працоўных нелегалаў немагчыма”


Ганна Соўсь, Менск Якіх сацыяльных ільготаў могуць пазбавіць беларусаў за нелегальную працу за мяжой? Які будзе мэханізм выяўленьня людзей, якія ня плацяць у Беларусі падаткаў з атрыманых у замежжы грошай? І як самі нелегалы ацэньваюць прапанову Міністэрства ўнутраных справаў правесьці маштабную праверку ўсіх грамадзянаў краіны, якія працуюць нелегальна?

(Бягун: ) “Пытаньне ня ў пэнсіі. Пэнсіён чалавек ужо зарабіў. Напрыклад, ён, можа, атрымлівае нейкую субсыдыю ў плаце за кватэру, карыстаецца бясплатнымі мэдычнымі ўстановамі. Ягоныя дзеці, паколькі ён афіцыйна не працуе, атрымліваюць пэўныя зьніжкі ў дзіцячых садках. Ёсьць поўна і іншых ільготаў. Напрыклад, чалавек прывозіць даведку, што ён працуе ў Расеі, і ня плаціць за кватэру, хаця фактычна, ён дастаткова заможны, каб аплачваць усе камунальныя выдаткі”.

Аляксей Бягун удакладняе, што пазбаўленьне льготаў будзе тычыцца ўсіх грамадзянаў, якія працуюць нелегальна, як у замежжы, так і ў Беларусі. Што да мэханізму выяўленьня нелегалаў...

(Бягун: ) “Я разумею, што гэта вельмі складана. Мы гэтым пытаньнем цяпер і займаемся, каб сумесна з зацікаўленымі службамі, мясцовымі ўладамі, паспрабаваць дайсьці да кожнага, выявіць, дзе нашы грамадзяне”.

Міністэрства ўнутраных справаў плянуе ўнесьці прапановы й дапаўненьні ў заканадаўства, каб абмежаваць сацыяльныя льготы асобам, якія нелегальна працавалі за мяжой і не плацілі падаткаў дзяржаве.

Дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Вячаслаў Герасіменка згадвае, як пасьля падпісаньня імпічмэнту Аляксандру Лукашэнку быў вымушаны паехаць працаваць на будоўлю ў Расею, паколькі яго ніхто ня браў на працу ў Беларусі.

(Герасіменка: ) “За два гады, што я працаваў у Маскве і Падмаскоўі, я бачыў беларусаў на кожным кроку. Як іх падлічыць? Яны ж на біржы не стаяць. Як можна мяне паставіць на ўлік? І якіх ільготаў пазбавіць? Пэнсіі? У мяне 28 гадоў стажу. Хто ў мяне кватэру забярэ? Са мной разам працаваў Санька з-пад Маладэчна, дык у яго прыватны дом. Якіх ільготаў можна яго пазбавіць? Улічыць гэта немагчыма, і пазбавіць ільготаў таксама немагчыма”.

Колішні міністар працы Аляксандар Сасноў крытычна паставіўся да ініцыятывы Міністэрства ўнутраных справаў выявіць і пазбавіць ільготаў працоўных нелегалаў.

(Сасноў: ) “Калі я працаваў у Міністэрстве працы, такіх сталінскіх задумак не было”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці рэальна падлічыць усіх, хто працуе нелегальна?”

(Сасноў: ) “Ніяк не падлічыш. Гэта ўсё на публіку. Гэта дае магчымасьць структурам Міністэрства ўнутраных справаў ажыцьцяўляць нейкія рэпрэсіі супраць людзей”.

У Расеі цяпер нелегальна працуюць ад 150 да 300 тысяч беларускіх грамадзянаў. Афіцыйна ж у Расеі працуе 3—4 тысячы беларусаў, у іншых краінах — яшчэ 3 тысячы. Статыстыка сьведчыць пра тое, што каля 1 мільёна беларускіх грамадзянаў у актыўным працаздольным веку цяпер не працуюць у Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG