Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гаспадарчы суд адхіліў скаргу Літфонду аб незаконнасьці продажу "Іслачы"


Алег Грузьдзіловіч, Менск Менскі гаспадарчы суд адхіліў скаргу “Беларускага літаратурнага фонду” на судовую выканаўцу, якая арыштавала маёмасьць фонду й прадала былы пісьменьніцкі санаторый “Іслач”. Літаратары зьбіраюцца працягваць спрэчку ў Вышэйшым гаспадарчым судзе.

9 кастрычніка Менскі гаспадарчы суд разглядзеў скаргу “Беларускага літаратурнага фонду” на былое рашэньне, у выніку якога арганізацыя страціла вядомы санаторый “Іслач”. Меней за гадзіну судзьдзя Сьвятлана Мішук, выслухаўшы розныя бакі, пацьвердзіла законнасьць продажу “Іслачы” за даўгі. Кіраўнік “Беларускага літаратурнага фонду” Язэп Янушкевіч з гэтым рашэньнем катэгарычна ня згодны.

(Янушкевіч: ) “Для іх, такім чынам, няма закону. Тады мы пойдзем да канца. Нашая пісьменьніцкая маёмасьць — гэта апошняе, што ў нас ёсьць. Набывалі яе нашы годныя папярэднікі, пачынаючы ад Максіма Танка, Янкі Брыля, Ніла Гілевіча і ўсіх астатніх”.

Грамадзкая арганізацыя “Беларускі літаратурны фонд”, якой належаў санаторый “Іслач”, ужо некалькі гадоў павінна сплаціць розным арганізацыям і прадпрыемствам болей за 90 мільёнаў рублёў. У выніку на “Літфонд” падалі ў Менскі гаспадарчы суд. Суд арыштаваў маёмасьць санаторыя “Іслач”, ацаніўшы яго крыху даражэй за 2 мільярды рублёў. У верасьні судовая выканаўца Людміла Макаранка арганізавала аўкцыён, на якім замежная камэрцыйная фірма купіла шэсьць самых прывабных будынкаў санаторыю, болей як на мільярд рублёў.

Пісьменьнікі кажуць, што санаторый каштуе ў тры разы даражэй і не адкідаюць верагоднай змовы. Саветнік “Літфонду” паэт Аляксандар Кавалёнак сумняецца ў законнасьці аўкцыёну: маўляў, не было абвесткі ў газэтах, а другі ўдзельнік аўкцыёну рэальна нават не гандляваўся.

(Кавалёнак: ) “Там яўная змова. Хочуць прыбраць гэтую маёмасьць, якой у Беларусі ні ў каго пакуль няма. Там жа яшчэ 27 гектараў зямлі і запаветнага лесу”.

Судовая выканаўца Людміла Макаранка, да якой маюць прэтэнзіі літаратары, камэнтаваць гэтыя прэтэнзіі адмовілася. Сказала, што ёсьць судовае рашэньне, да якога яна асабіста нічога дадаць ня можа.

Дырэктар шклоўскага прадпрыемства “Палівазбыт” Мікалай Воўкаў прысутнічаў на судзе як прадстаўнік арганізацыі, якой літаратары мусяць сплаціць 28 мільёнаў рублёў за мазуту, якую набылі для санаторыю “Іслач” яшчэ тры гады таму. Мікалай Воўкаў сёньняшнім рашэньнем Менскага гаспадарчага суду цалкам задаволены, хаця й прызнае, што былі заўвагі да аўкцыёну: “былі некаторыя моманты, але яны неабгрунтаваныя”. Дырэктар мяркуе, што на грошы, якія застануцца пасьля разьлікаў з крэдыторамі, пісьменьнікі зажывуць нядрэнна.

(Воўкаў: ) “Ды ім, пісьменьнікам, хопіць на разьвіцьцё. Купяць сабе офіс. На мільярд знаеце што можна купіць? Не адзін офіс, а нейкае мэтро”.

У кіраўніцтве “Беларускага літаратурнага фонду” такога аптымізму не падзяляюць. Там згадваюць, што літаратараў пазбавілі ільготаў, і большую частку сродкаў пасьля аўкцыёну ім давядзецца аддаць дзяржаве як падаткі. “Беларускі літаратурны фонд” зьбіраецца аспрэчыць рашэньне Менскага гаспадарчага суду ў Вышэйшым гаспадарчым судзе.

Нагадаем, нядаўна Саюз пісьменьнікаў Беларусі канчаткова выселілі з будынку Дому літаратараў, які яшчэ ў канцы 1990-х гадоў стаў уласнасьцю Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта. Шмат хто зь беларускіх літаратараў мяркуе, што ўлады помсьцяць Саюзу пісьменьнікаў і “Беларускаму літаратурнаму фонду” за палітычную пазыцыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG