Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сытуацыя палітычных вязьняў: тыднёвы агляд


Алег Грузьдзіловіч, Менск Аляксандр Казулін нават у турме не глядзіць беларускае тэлебачаньне. Чаму Мікалаю Статкевічу зьменшылі працоўны дзень да 12 гадзінаў? Мікалай Астрэйка прыслаў першы ліст дамоў са шклоўскай калёніі. Створаны камітэт за вызваленьне маладзёвага актывіста Зьмітра Дашкевіча.

Прыйшоў першы ліст Аляксандра Казуліна зь віцебскай калёніі, куды былога кандыдата на прэзыдэнта накіравалі адбываць пяцігадовае пакараньне. З ліста сваякі зразумелі, што пісаў яго Аляксандр Казулін яшчэ ў карантыне. Нагадаю, два тыдні ад спадара Казуліна не было лістоў, што дало дадатковую падставу непакоіцца за ягонае здароўе. Дачка Казуліна Юлія кажа, што і цяпер яе бацька ні на што не скардзіцца. У лісьце ён не паведамляе шмат дэталяў пра сваё турэмнае жыцьцё, але некаторыя цікавыя зьвесткі дасылае.

(Юлія Казуліна: ) “Напісаў, што ў іх там адзін тэлевізар на 70 чалавек, па якім ідзе толькі беларускае тэлебачаньне. Таму ён тэлевізар не глядзіць”.

Палітык таксама паведаміў сваякам, што яму давялося адмовіцца ад аднаго з чатырох кароткачасовых спатканьняў са сваякамі, дазволеных на працягу году, на карысьць спатканьня з прадстаўнікамі нямецкай амбасады. “Гэтую ўмову сустрэчы ў турме з дыпляматамі выставілі ўлады, давялося пайсьці на такую ахвяру ”, – перадае словы бацькі Юлія Казуліна.

Нагадаю таксама, што на гэтым тыдні ў калёнію да спадара Казуліна выяжджалі ягоныя адвакаты, але сустрэча не адбылася. У адміністрацыі калёніі спаслаліся на занятасьць вязьня, якога толькі што разьмеркавалі пасьля карантыну ў атрад.

Даслаў першы ліст з аршанскай калёніі і лідэр “Партнэрства” Мікалай Астрэйка. Нагадаю, маладзёвага актывіста асудзілі на 2 гады за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. 4 кастрычніка ў Мікалая Астрэйкі нарадзілася дачка, якую назвалі Ліза. Вось што маці актывіста Яўгенія Астрэйка распавяла пра ліст ад сына:

(Астрэйка: ) “Ён пісаў 3-га, а Ліза нарадзілася 4-га. Ён яшчэ ня ведаў. Піша, што прывыкае, што пакуль у карантыне. Пасьля ізалятару тут лепей, бо ёсьць дрэвы, трава, кветкі, ёсьць вакол людзі. Там жа былі чатыры сьцяны і ўсё. Ён нават змог на траве паляжаць. Ня ведаю, як яму гэта ўдалося...”

Калега Мікалая Астрэйкі Цімафей Дранчук, які на год патрапіў у менскую калёнію, таксама яшчэ не прайшоў карантыну, таму невядома, у якім атрадзе ён будзе адбываць пакараньне і дзе працаваць. Пра гэта сказаў бацька вязьня Валер Дранчук. Нагадаем, днямі споўнілася паўгода сыну Цімафея Платону, якога актывіст яшчэ ня бачыў.

Раней мы паведамлялі пра тое, што лідэра сацыял-дэмакратаў Мікалая Статкевіча прымушаюць на “хіміі” працаваць болей за 14 гадзінаў без выходных. Пра гэта напісалі і некаторыя газэты. І вось Мікалай Статкевіч паведаміў, што нечакана яму скарацілі працоўны дзень ды павялічылі перапынак на абед. Такім чынам цяпер палітык працуе з 8 раніцы да 8 вечара з перапынкам на паўтары гадзіны. Мікалай Статкевіч падкрэсьлівае, што афіцыйных скаргаў не пісаў і робіць выснову, што гэта ёсьць рэакцыяй на яўнае беззаконьне адносна яго. “Ніхто ня хоча заставацца ў гісторыі заплямленым”, – камэнтуе паслабленьні Мікалай Статкевіч.

Расьце колькасьць маладзёвых актывістаў, да якіх маюць прэтэнзіі сьледчыя органы. Днямі быў затрыманы маладзёвы актывіст з Жодзіна Павал Красоўскі. Яго адвезьлі ў Віцебск і зьмясьцілі ў мясцовы сьледчы ізалятар. Юнака падазраюць у датычнасьці да леташняга выбуху ў Віцебску. І ўжо каля месяца ў менскім сьледчым ізалятары знаходзіцца лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч. Днямі быў створаны грамадзкага камітэта за вызваленьне Дашкевіча, які ўзначаліў лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандр Мілінкевіч. У камэнтары спадар Мілінкевіч сказаў, што камітэт будзе змагацца таксама за вызваленьне ўсіх палітычных вязьняў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG