Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як рэагуюць у Беларусі на забойства Ганны Паліткоўскай?


Радыё Свабода Праваабарончая арганізацыя “Рэпартэры бязь межаў” патрабуе, каб расейскія ўлады ўважліва расьсьледавалі забойства Ганны Паліткоўскай. Сьмерць палітычнай аглядальніцы “Новой газеты”, на думку швэдзкага аддзяленьня арганізацыі, ёсьць “пакараньнем нежаданага журналіста”. Як рэагуюць у Беларусі на забойства вядомай расейскай журналісткі?

Беларуская журналістка Ірына Халіп працуе ў “Новой газете”, яна добра ведала Ганну Паліткоўскую. Ірына зьвяртае ўвагу на тое, што гэта — ня першае забойства супрацоўнікаў рэдакцыі. У 2000 годзе быў забіты Андрэй Домнікаў, у 2003 годзе дзіўная сьмерць Юр’я Шчакачыхіна, і цяпер забойства Ганны Паліткоўскай.

(Халіп: ) “Забойства жанчыны, нават жанчыны-журналіста, абурае яшчэ больш. Забіць Ганну — гэта, напэўна, забіць журналістыку ўвогуле ў Расеі. Мне здаецца, гэты стрэл быў апошні для Ганны, але не апошні для тых расейскіх журналістаў, якія паспрабуюць заняць яе месца. І мне вельмі шкада, што Ганна не пісала пра Беларусь, таму што нам вельмі не хапала такіх тэкстаў, якія магла зрабіць толькі яна”.

Ірына Халіп кажа, што Ганну Паліткоўскую больш цікавілі не праблемы ўлады, а праблемы маленькага чалавека.

(Халіп: ) “А паколькі ў любой таталітарнай краіне перш за ўсё парушаюцца менавіта правы чалавека, вядома ж, яна абуралася сытуацыяй на Паўночным Каўказе, яна таксама абуралася сытуацыяй у Беларусі. Я памятаю, некалькі разоў размаўлялі зь ёй на гэтую тэму, і яна вельмі часта праводзіла аналёгіі таго, што адбываецца ў Чачэніі, з тым, напрыклад, што адбываецца на Беларусі. Тым больш, у Чачэніі выкраданьне людзей было амаль што нармалёвай зьявай цягам некалькіх гадоў. І калі ў Беларусі пачаліся таксама выкраданьні людзей, Ганна знайшла гэта нават сымбалічным”.

Галоўны рэдактар незалежнай газэты “Народная Воля” Іосіф Сярэдзіч сустракаўся з Ганнай Паліткоўскай у нямецкім Гамбургу падчас уручэньня прэміяў фонду газэты “Цайт”. Рэдакцыю “Новой газеты” там прадстаўляла Ганна Паліткоўская.

(Сярэдзіч: ) “Учора, калі я пачуў, што гэтага чалавека ўжо няма ў жывых, я проста не знаходзіў сабе месца, таму што такога журналіста зьнішчыць — гэта сапраўды зрабіць злачынства стагодзьдзя. І гэта сьведчыць пра тое, якая сытуацыя ў суседняй краіне: ніякай дэмакратыі там няма і не было. І калі зьнішчаюць такіх людзей, як Ганна Паліткоўская, то, вядома, ня хутка там дэмакратыя і будзе.

Тое, што яна ведала сытуацыю на Беларусі, гэта зразумела — таму што такія людзі перажываюць ня толькі за чачэнцаў, але, вядома ж, і за нас, беларусаў. Для іх аднолькава гэта балючыя пытаньні, балючыя праблемы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG