Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ставіць пад пытаньне паглыбленьне інтэграцыі» — Сямашка пра нафтагазавую спрэчку


Уладзімер Сямашка, архіўнае фота

Амбасадар Беларусі ў Расеі Ўладзімер Сямашка заявіў 4 чэрвеня на відэаканфэрэнцыі пра будучыню расейска-беларускіх стасункаў, што пазыцыя Расеі ў нафтагазавай спрэчцы «выклікае пытаньні ў кантэксьце стасункаў у межах „саюзнай дзяржавы“», перадае Інтэрфакс.

Паводле Сямашкі, расейскі падатковы манэўр «карэнным чынам зьмяніў умовы працы беларускага нафтахімічнага комплексу», і «сытуацыя працягвае пагаршацца».

Ён заявіў пра «выразна дыскрымінацыйныя» ўмовы працы беларускіх вытворцаў на расейскім рынку, «істотныя адрозьненьні» ў цане на газ, «аднабаковыя» зьмены ўмоваў паставак нафты, забарону на ўвоз нафтапрадуктаў у Расею, а таксама «цукровыя, гароднінныя, малочныя, мясныя і іншыя гандлёвыя войны».

«Узьнікае пытаньне: а ў чым тады заключаецца інтэграцыя? — спытаў Сямашка. — Мы асноўную мэту інтэграцыі бачым і бачылі ў стварэньні роўных умоваў у сфэры гаспадарчай дзейнасьці. Падкрэсьліваю: мы ня просім прэфэрэнцыяў, мы выступаем за роўныя ўмовы».

Сямашка таксама заявіў, што да абмеркаваньня «дарожных мапаў» аб «паглыбленьні інтэграцыі» Беларусі і Расеі могуць вярнуцца пазьней, бо цяпер урады краінаў «выходзяць на пэўныя дамоўленасьці ва ўрэгуляваньні той сытуацыі, што склалася на пачатку году».

«Менск гатовы ў любы момант сесьці за стол перамоваў пры наяўнасьці добрай волі нашых расейскіх партнэраў і сяброў, — заявіў беларускі амбасадар. — Думаю, што такі момант наступіць у верасьні-кастрычніку гэтага году, калі мы павінны вярнуцца да напрацаваных дакумэнтаў, у якія ўкладзена шмат інтэлекту, працы і часу».

Паводле Сямашкі, Беларусь і Расея ўзгаднілі 28 «дарожных мапаў», яшчэ па адной ёсьць «пару аспэктаў, абсалютна вырашальных», і адна — пра адзіны рынак газу і кампэнсацыю падатковага манэўру — «засталася адкрытай». Ён дапусьціў, што «дарожныя мапы» давядзецца «падкарэктаваць па часавым фактары» — перанесьці даты на пазьнейшыя.

Сумарна гэта дае 30 «дарожных мапаў». Куды падзелася 31-я, невядома.

«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
  • Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
  • Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
  • Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
  • У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
  • Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
  • 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
  • 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
  • Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
  • Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску ​7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
  • Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.

  • 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».

Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG