Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мядзьведзеў: дадатковая дапамога Беларусі немагчымая без агульнай валюты і наднацыянальных органаў


Дзьмітры Мядзьведзеў
Дзьмітры Мядзьведзеў

Прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў заявіў, што ўся магчымая далейшая дадатковая падтрымка будзе аказвацца Беларусі толькі тады, калі ўсе «дарожныя мапы» інтэграцыі будуць выкананыя.

«Работа праведзена, "мапы" узгодненыя, і ў прынцыпе, калі сурʼёзна глядзець на інтэграцыю, мы можам перайсьці да яе фарсіраванага прасоўваньня, а менавіта выканаць тое, што ў гэтых "мапах" пазначана — зь першай па трыццатую, прыняць уніфікаванае заканадаўства, каб гэта былі сапраўдныя законы», — сказаў журналістам кіраўнік ўраду РФ.

Паводле агентцва ТАСС, якое цытуе расейскага прэм'ера, ня ўзгодненая «дарожная мапа», прысьвечаная далейшай інтэграцыі, у тым ліку стварэньню наднацыянальных органаў, адзінай валюты і адзінага эмісійнага цэнтру.

«Усе формы дадатковай падтрымкі, акрамя таго, што ў нас і так прасунутыя адносіны — амаль на 8 мільярдаў даляраў Беларусь мае расейскіх крэдытаў — дадатковыя формы крэдытаваньня магчымыя толькі ў выпадку, калі "дарожныя мапы" будуць выкананыя і ўвасобяцца ў законы», — падкрэсьліў Мядзьведзеў.

Паводле яго ў гэтым выпадку можна будзе гаварыць аб кампэнсацыі падатковага манэўру для Беларусі і дадатковую дапамогу ў іншых пытаньнях.

Дзьмітрый Мядзьведзеў заявіў, што да Новага году не плянуе адпраўляцца ў Менск. Ён сказаў, што пры падрыхтоўцы «дарожных мапаў» інтэграцыі зробленая вялікая праца, за што ён падзякаваў чальцам кабінэту міністраў. Кіраўнік ураду РФ падкрэсьліў, што для інтэграцыі зараз ёсьць «добры плян», які трэба ўвасобіць у законы, «і тады гэта стане ўжо незваротна». Мядзьведзеў дадаў, што пры разьвіцьці інтэграцыі многае залежыць ад рашэньняў Менску.

Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей заяўляў сёлета ў інтэрвію РБК, што Расея падчас перамоваў аб паглыбленьні інтэграцыі вылучала непрымальныя для Менску прапановы наконт стварэньня наднацыянальных органаў.

6 сьнежня сёлета прэмʼер-міністар Беларусі Сяргей Румас, напярэдадні перамоваў з расейскім прэмʼерам, казаў, што "у дакумэнтах, якія мы будзем прапаноўваць кіраўнікам дзяржаваў для падпісаньня, ніякіх наднацыянальных органаў няма ".

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін на сваёй штогадовай прэсавай канфэрэнцыі 19 сьнежня назваў умовы, пры якіх Расея гатовая датаваць цану газу для Беларусі, як для Смаленскай вобласьці:"Для гэтага патрэбныя агульныя правілы ў выглядзе законаў, у тым ліку ў сфэры падатковага абкладаньня, у сфэры датацыйнай палітыкі, у сфэры падтрымкі зь бюджэтаў розных узроўняў тых ці іншых галін. Для гэтага нават патрэбныя агульныя наднацыянальныя органы — кантрольны і эмісійны".

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG