Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што дамовіліся ў Піцеры Лукашэнка з Пуціным?


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін падчас сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу 20 сьнежня 2019 году
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін падчас сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу 20 сьнежня 2019 году

Лукашэнка выказаў задавальненьне вынікамі перамоваў. Калі прыняць пад увагу жорсткую пазыцыю Масквы, агучаную Пуціным 19 сьнежня, вынік трохі нечаканы. Чым ахвяраваў Менск за гэты кампраміс, пакуль невядома.

Сьцісла:

  • Спадзяваньні на перамовы Лукашэнкі з Пуціным у Санкт-Пецярбургу былі вялікія.
  • Піцерская сустрэча кіраўнікоў Беларусі і Расеі аказалася больш выніковай, чым сустрэча ў Сочы.
  • Захаваньне статус-кво ў пытаньні газу — кампраміс, які, агулам кажучы, задаволіць абодва бакі.
  • Нельга выключаць, што бакі да канца году ўсё ж дасягнуць кампрамісу, прынамсі каб захаваць палітычнае аблічча.
  • У кожным разе торг далёка ня скончаны, а будзе працягвацца налета.

Спачатку шмат хто разьлічваў, што Лукашэнка і Пуцін дамовяцца 7 сьнежня ў Сочы. Аднак гучны правал сочынскага саміту вымушаў неяк прыцьміць яго. Тады міністар эканамічнага разьвіцьця Расеі Максім Арэшкін паведаміў, што адзіным вынікам перамоваў стала згода правесьці наступную сустрэчу прэзыдэнтаў 20 сьнежня ў Санкт-Пецярбургу. У той момант здавалася, што дату Арэшкін назваў выпадкова, каб хоць нешта паведаміць. Бо даўно было вядома, што 20 сьнежня ў Санкт-Пецярбургу пройдуць два саміты — ЭАЭС і СНД, і Лукашэнка з Пуціным там будуць.

З інфармацыі віцэ-прэм’ера і пасла Беларусі ў Расеі Ўладзімера Сямашкі, у выніку сочынскай сустрэчы засталіся няўзгодненымі 8 з 31 «дарожных мапаў». За гэты час адбываліся інтэнсіўныя перамовы. Дзьмітрый Мядзьведзеў двойчы правёў тэлефонныя перамовы зь Сяргеем Румасам і адзін раз — з Аляксандрам Лукашэнкам.

За дзень да Піцера, 19 сьнежня, прэзыдэнт Расеі вельмі жорстка выказаўся наконт інтэграцыі зь Беларусьсю. Мой калега Юры Дракахруст назваў гэта «ўльтыматумам Пуціна». Пасьля гэтага здавалася, што шанцаў на нейкі кампраміс амаль не засталося. Пагатоў часу для доўгага дыялёгу у Санкт-Пецярбургу не прадугледжвалася, бо два саміты чакалі.

Тымчасам 8-я з пачатку году сустрэча Лукашэнкі з Пуціным цягнулася ўсяго паўтары гадзіны. У параўнаньні зь пяцьцю гадзінамі ў Сочы (а ў лютым яны ўвогуле тры дні дыскутавалі ў тым жа Сочы) — мізэр. Тым ня менш яна выявілася больш выніковай. Паводле заявы таго ж Арэшкіна, на гэты момант узгодненыя 28 з 31 «дарожнай мапы», няўзгодненымі застаюцца тры. Яны датычацца нафтавай, газавай і падатковай сфэраў.

Але пазьней Лукашэнка адзначыў, што канцэптуальна наконт нафты і газу кіраўнікі дзяржаў дамовіліся. Цана газу для Беларусі будзе прыкладна на ўзроўні 2019 году. Нагадаю, што цяперашняя цана — 127 даляраў за 1 тыс. куб. мэтраў. Праўда, незразумела, што будзе з так званым «перамытненьнем», якое было часткаю «газавага пакету». У прынцыпе захаваньне статус-кво ў пытаньні газу — кампраміс, які, агулам кажучы, задаволіць абодва бакі. Гэта сярэдзіна паміж запытам Менску (70 даляраў — сярэдняя цана ў РФ) і адказам Пуціна (200 даляраў — цана для Эўропы).

Лукашэнка выказаў задавальненьне вынікамі перамоваў. Сапраўды, калі прыняць пад увагу жорсткую пазыцыю Масквы, агучаную Пуціным 19 сьнежня, вынік трохі нечаканы. Чым ахвяраваў Менск за гэты кампраміс, пакуль невядома.

Лукашэнка казаў, што, магчыма, да Новага году давядзецца сустрэцца з Пуцінам яшчэ ня раз. Нельга выключаць, што да канца году бакі ўсё ж дасягнуць кампрамісу, прынамсі каб захаваць палітычнае аблічча.

Іншая рэч, што нават калі і ўдасца перад Новым годам нешта падпісаць, торг далёка не закончаны, а будзе працягвацца. Зьмест «дарожных мапаў» не раскрываецца. Але, здаецца, большая іх частка мае дэклярацыйны характар, гэта даручэньні нейкім ведамствам працягваць уніфікацыю эканамічнай палітыкі. Чакаецца, што практычна «дарожныя мапы» ўступяць у дзеяньне з 2021 году. То бок увесь наступны год іх дэталізацыя будзе працягвацца. І вось тут акурат і пачнуцца рэальныя супярэчнасьці. Прычым на кожным кроку. І, як гэта часта бывае ў беларуска-расейскіх дачыненьнях, нават узгодненыя дакумэнты бакі будуць трактаваць па-рознаму.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG