Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Беларусь і Расея канцэптуальна дамовіліся аб нафце і газе


Аляксандар Лукашэнка

Беларусь і Расея канцэптуальна дамовіліся па энэрганосьбітах, цэны вызначаць у бліжэйшыя дні, заявіў Аляксандар Лукашэнка пасьля перамоваў з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным 20 сьнежня ў Санкт-Пецярбургу, паведамляе БелТА.

«Натуральна, засталіся самыя складаныя пытаньні. Але толькі ў лічбах — энэрганосьбіты. Але канцэптуальна дамовіліся, што налета Беларусь купляе ў Расейскай Фэдэрацыі прыкладна 20 млрд кубамэтраў газу», — сказаў Лукашэнка і дадаў: «абмежаваньняў тут няма», але «з уводам атамнай станцыі, вядома, мы на 4-5 млрд куб.м. менш будзем закупляць».

«І аб нафце дамовіліся, што купім у Расеі 24-25 мільёнаў тон нафты. Цэны будуць не вышэйшыя за ўзровень сёлетняга 2019 году», — заявіў Лукашэнка.

Паводле яго, канкрэтныя цэны будуць вызначаны ў бліжэйшыя дні. «Што да нафты, цягам двух дзён будзе цана. А што да газу, думаю, 2-3 дні. У аўторак у „Газпроме“ спэцыялісты сустрэнуцца, і ўжо будуць канкрэтныя лічбы. Але ў цэлым цана застаецца на ўзроўні сёлетняга году», — удакладніў Лукашэнка.

На пытаньне, ці спатрэбіцца дадаткова сустракацца з Пуціным да канца 2019 або ў пачатку 2020 году, Лукашэнка сказаў:

«Калі спатрэбіцца, так. Мы зь ім перамовімся праз тэлефон неўзабаве. Ёсьць у нас там пара праблем, якія мы мусім вырашыць, — прэзыдэнцкія пытаньні. І ў выніку размовы, калі нам спатрэбіцца сустрэча, вядома, мы ў любы час, у любым месцы ў Расеі ці ў Беларусі сустрэнемся».

Лукашэнка адзначыў, што ў цэлым бакі задаволеныя хадой перамоваў: «Усе задаволеныя. І прэзыдэнт Расеі, і прэзыдэнт Беларусі. І міжурадавая група. У цэлым мы задаволеныя хадой і вынікамі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG