Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што Лукашэнка і Пуцін казалі на пачатку сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу


Архіўнае фота

20 сьнежня кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка сустракаецца ў Санкт-Пецярбургу з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.

Лукашэнка ў пачатку сустрэчы заявіў пра «калясальны прагрэс у разьвіцьці супрацоўніцтва з Расеяй, у тым ліку па лініі саюзнага будаўніцтва», адзначыўшы «значныя дасягненьні як у сацыяльнай сфэры, так і ў эканамічным узаемадзеяньні», цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.

Таксама ён казаў пра тое, што зроблена за апошнія гады: адзначыў стварэньне адзінай абароннай прасторы Беларусі і Расеі, казаў пра авіязносіны і авіяперавозкі, адзіную мяжу і мытню, добрыя дачыненьні паміж дыпляматычнымі ведамствамі, вяртаньне кампаніі «Беларуснафта» да працы ў Расеі, вялікі таваразварот з Расеяй і вытворчую каапэрацыю.

«Таму ў прынцыпе з развалам Савецкага Саюзу мы ні ў эканоміцы, ні ў палітыцы, ні ў сацыяльнай сфэры далёка адзін ад аднаго не адышлі. Гэта таксама вялікае дасягненьне гэтай дамовы (аб стварэньні Саюзнай дзяржавы. — РС). Калі мы і не зрэалізавалі тыя пункты, якія там запісаныя, то мы не разьбегліся, як гэта ёсьць, дапусьцім, у Расеі зь іншымі рэспублікамі постсавецкай прасторы (ня толькі з Прыбалтыкай або Украінай)», — рэзюмаваў Лукашэнка.

Потым ён зьвярнуўся асабіста да Пуціна:

«Але вы правільна сказалі: ёсьць над чым працаваць».

Уладзімір Пуцін у сваім уступным слове таксама казаў: «...Нягледзячы на тое, што многае (мы з вамі гэта канстатавалі) ня зроблена, усё ж такі вынікі працы ў рамках гэтага дакумэнта (аб паглыбленьні інтэграцыі. — РС) значныя». Ён адзначыў павелічэньне таваразвароту паміж Беларусьсю і Расеяй за гэты пэрыяд з 9 да 35,5 мільярдаў даляраў, а таксама згадаў пра «пытаньні, якія мы вырашылі ў сацыяльнай сфэры».

Пуцін падкрэсьліў, што «досьвед, атрыманы Беларусьсю і Расеяй у рамках двухбаковага саюзнага будаўніцтва, пасьля шырока выкарыстоўваўся пры фармаваньні інтэграцыйных аб’яднаньняў, у тым ліку ЭАЭС».

Пуцін сказаў, што прадстаўнікі абодвух бакоў «актыўна працавалі» пасьля папярэдняй сустрэчы ў Сочы 7 сьнежня.

«Вельмі рады вас бачыць для таго, каб гэтую дыскусію працягнуць», — сказаў кіраўнік Расеі.

Мінулым разам Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін праводзілі перамовы ў Сочы 7 сьнежня.

У пачатку верасьня прэм’ер-міністры Беларусі і Расеі ўзгаднілі праект праграмы дзеяньняў для выкананьня саюзнай дамовы і пералік «дарожных мапаў».

Бакі дамовіліся аб распрацоўцы 31 «дарожнай мапы» для рэалізацыі гэтай праграмы. Пакуль яшчэ некалькі зь іх застаюцца няўзгодненымі.

Аляксандар Лукашэнка ня выключыў яшчэ некалькіх раўндаў перамоваў з Расеяй.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG