Румас: у дакумэнтах для падпісаньня Пуціну і Лукашэнку «ніякіх наднацыянальных органаў няма»

Прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас
Прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас

У дарожных мапах, якія Беларусь і Расея абмяркоўваюць у рамках паглыбленьня працэсу інтэграцыі, палітычных пытаньняў няма, заявіў журналістам прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас 6 сьнежня ў Менску, перад пачаткам першай сэсіі Палаты прадстаўнікоў сёмага скліканьня, паведамляе БелаПАН.

«У тых дарожных мапах, у тым пакеце дакумэнтаў, які мы абмяркоўваем, палітычных пытаньняў няма, — сказаў ён. — Пытаньні толькі ёсьць эканамічныя. Я ня ведаю, можа, у кагосьці ў галовах ёсьць гэтыя пытаньні [палітычныя. — Рэд.]. Гэта мне невядома. Але ў дакумэнтах, якія мы будзем прапаноўваць кіраўнікам дзяржаваў для падпісаньня, ніякіх наднацыянальных органаў няма».

На пытаньне БелаПАН, калі грамадзкасьць азнаёмяць са зьместам дарожных мапаў паглыбленай інтэграцыі, Румас сказаў: «Як толькі дакумэнты будуць падпісаныя, яны будуць апублікаваныя».

На просьбу пракамэнтаваць заплянаваную апазыцыяй на 7 сьнежня акцыю ў падтрымку незалежнасьці Беларусі прэмʼер-міністар адзначыў: «У нас свабодная краіна. Калі сходы праходзяць у рамках, дазволеных законам, ну...» (паціснуў плячыма).

6 сьнежня ў Сочы адбудзецца сустрэча прэмʼер-міністраў Беларусі і Расеі Сяргея Румаса і Дзмітрыя Мядзьведзева. Чакаецца, што яны абмяркуюць ход узгадненьня дарожных мапаў паглыбленай інтэграцыі. Усьлед за прэмʼерамі, 7 сьнежня, правядуць перамовы ў Сочы Пуцін і Лукашэнка. Гэтую інфармацыю пацьвердзіў напярэдадні прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў.

​
XS
SM
MD
LG