Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Канадзе беларусы выйшлі на пікет супраць інтэграцыі з Расеяй. ФОТА


Пікет супраць інтэграцыі Беларусі з Расеяй у Таронта 7 сьнежня.

7 сьнежня Згуртаваньне беларусаў Канады зладзіла ў Таронта пікет супраць інтэграцыі Беларусі з Расеяй.

Падчас пікетаваньня над удзельнікамі лунаў бел-чырвона-белы сьцяг, які беларусы Канады пранесьлі па вуліцах Вільні 22 і 23 лістапада падчас ўрачыстасьцяў па перапахаваньні паўстанцаў 1863-1864 гг.

У пікеце прынялі ўдзел Старшыня Галоўнае Ўправы ЗБК доктар Алена Лявончанка, Старшыня Канадыйскага Сэктару Рады БНР Алесь Кот і іншыя актывісты Згуртаваньня.

«Мы ніколі не пагаджаліся і не пагодзімся зараз на інтэграцыйныя дамовы. Мы ведаем сваю гістарычную спадчыну. І мы заўжды казалі: незалежнасьць і воля вышэй за ўсё.

Ніякія хаўрусы нам не патрэбныя. Нам патрэбная вольная краіна, якая разам зь іншымі вольнымі зьвязамі будзе мацаваць сваю незалежнасьць і свабоду.

Мы супраць дамовы з Расеяй. Мы супраць інтэграцыі, якая нясе нам толькі шкоду», — зьвярнуўся ў прамове да беларусаў Алесь Кот.

Тым часам у Менску анансаваная яшчэ адна несанкцыянаваная акцыя пратэсту за выходныя. На наступныя дні заплянаваныя акцыі беларусаў у Вільні, Празе і Нью-Ёрку.

«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
  • Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
  • Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
  • Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
  • У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
  • Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
  • 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
  • 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
  • Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
  • Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску ​7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
  • 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».

Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG