Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра менскія пратэсты, расейскую пагрозу і зьніклых апазыцыянэраў. Што Лукашэнка расказаў у інтэрвію Венядзіктаву


Лукашэнка і Венядзіктаў
Лукашэнка і Венядзіктаў

24 сьнежня кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка даў інтэрвію галоўнаму рэдактару расейскай радыёстанцыі «Эхо Москвы» Аляксею Венядзіктаву. Свабода прыводзіць самыя цікавыя фрагмэнты размовы.

Пра «​31-ю мапу» інтэграцыі і наднацыянальныя органы

«Супярэчнасьці ніякай няма. Мы дзьве сувэрэнныя незалежныя дзяржавы — Беларусь і Расея. Мы цяпер прасоўваем тую інтэграцыю, якая ніколькі не прымяншае сувэрэнітэт ні Расеі, ні Беларусі. Што такое сувэрэнітэт? Гэта ўлада над тэрыторыяй. У нас ёсьць межы, у Расеі ёсьць межы, улада ажыцьцяўляецца ў гэтых межах. І мы ніякім сувэрэнітэтам ня дзелімся», — заявіў Лукашэнка.

«Што да сучаснага моманту ў інтэграцыйных пытаньнях: ёсьць так званая "31-я мапа". Гэта плян будаўніцтва наднацыянальных органаў. Парлямэнт, магчыма, прэзыдэнт будзе і іншае. Мы наагул на гэтую тэму з Пуціным дамовіліся не размаўляць. Так, ва ўрадзе паспрабавалі ўвязаць. Ня ведаю толькі навошта. 30 гэтых "мапаў", якія тычацца ў асноўным эканамічных пытаньняў, — мытня, эканоміка, абарона прасторы нашай і так далей. Пляны тых шляхоў, якімі мы ўжо рухаемся. Аснова — эканоміка. Не абарона, дыпляматыя, мы ж таксама гэтым займаемся, чым і адрозьніваемся ад ЭАЭС. А "31-я мапа" — гэта плян будаўніцтва або завяршэньня будаўніцтва саюзу з наднацыянальнымі органамі».

«Мы наагул выключылі размову на гэтую тэму яшчэ ў Сочы. Але камусьці хочацца. І ўсё падсоўваюць, асабліва праз урад (нядаўна прачытаў — Дзьмітрый Анатольевіч (Мядзьведзеў. — РС) пра гэта зноў выказаўся). Ён ня быў у Піцеры на перамовах, таму ня ведае нават словаў, якія сказаў ваш прэзыдэнт. Даслоўна — у Піцеры, калі мы засталіся: слухайце, што мы зноў з гэтай "31-й мапай", мы ж з прэзыдэнтам Беларусі дамовіліся, мы наагул не чапаем гэтых пытаньняў. Навошта вы лезеце зноў і зьвязваеце гэтыя пытаньні з пытаньнямі падатковай сыстэмы, эканомікі і гэтак далей?», — сказаў Лукашэнка.

Ён дадаў, што ў выпадку абраньня налета прэзыдэнтам будзе рэалізоўваць усе дамоўленасьці «і 31 плян, дарожныя мапы».

Пра менскія акцыі супраць «паглыбленай інтэграцыі»​

Задаючы пытаньне пра «масавыя выступленьні пад бел-чырвона-белым сьцягам у абарону сувэрэнітэту», Венядзіктаў спытаў у Лукашэнкі, ці той разумее пратэстоўцаў.

«Вядома, я іх разумею. Але ня трэба казаць, што гэта такія масавыя [пратэсты]. Бо выходзілі на праспэкт Пераможцаў, праспэкт Незалежнасьці, дзе агромністая маса народу ідзе, 400 чалавек — гэта наша ядро апазыцыі. А ў СМІ кажуць: паглядзіце, колькі народу», — адказаў Лукашэнка.

Ён паўтарыў, што «разумее і не адрынае іх пункт гледжаньня».

«Бяда ў тым, што яны робяць гэта для нейкай палітыкі. Нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы. Яны някепска жывуць. Гэта робіцца не для таго, каб абараніць сувэрэнітэт, бо яны цудоўна разумеюць, што я ніколі не пайду на тое, ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ. Самы галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці — беларускі прэзыдэнт», — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго, беларускі народ «усхвалявана ставіцца да сувэрэнітэту і незалежнасьці, бо ўпершыню ў гісторыі». «Важна нікога не напужаць. Важна не стварыць аснову, глебу для рознага роду правакатараў, вулічных боек за незалежнасьць і сувэрэнітэт».

7–8 і 20–21 сьнежня ў Менску прайшлі чатыры пратэстныя акцыі супраць «паглыбленай інтэграцыі» Беларусі і Расеі. У самай масавай зь іх, 20 сьнежня, узялі ўдзел больш за 1500 чалавек. Мітынгі не былі санкцыянаваныя гарадзкімі ўладамі, але іх удзельнікі не сустрэлі перашкодаў з боку міліцыі. Пасьля мітынгаў шэраг актывістаў апазыцыі атрымалі позвы ў суд, былі аштрафаваныя ці атрымалі адміністрацыйны арышт.

Пра пагрозу сувэрэнітэту з боку Расеі

Лукашэнка адзначыў, што пагроза сувэрэнітэту ёсьць заўсёды.

«Мы не калясальна вялізная краіна з вялізнымі рэсурсамі, але знаходзімся ў цэнтры „катла“. Тут сёньня перасякаюцца ўсе інтарэсы Захаду на Ўсход і ня толькі расійскія, з поўдня на поўнач. Вось тут так склалася сытуацыя. І будучы ў гэтым катле, трэба сябе паводзіць настолькі дакладна, тонка і акуратна, каб цябе не зварылі ў гэтым катле», — сказаў Лукашэнка.

Пры гэтым ён дадаў, што не адчувае, падвышанай пагрозы менавіта цяпер.

«Калі гэта пагроза, як некаторыя кажуць, з боку Расеі. Што Расеі патрэбен яшчэ адзін галаўны боль? Расея, вядома, будзе дзейнічаць акуратна, асьцярожна. Пагроза зьявіцца тады, небясьпечная пагроза, калі ў нас будзе зусім дрэнна з эканомікай. Калі людзям немагчыма будзе ўсё гэта вынесьці. Гэта адзіная прычына. Пакуль я ва ўладзе, гэта адзіная пагроза», — адзначыў Лукашэнка.

Ён таксама паразважаў, што адбудзецца, «калі Расея паспрабуе парушыць наш сувэрэнітэт»

«Калі Расея паспрабуе парушыць наш сувэрэнітэт, то вы ведаеце, як адрэагуе сусьветная супольнасьць. Яны акажуцца ўцягнутымі ў вайну. Гэтага ўжо Захад і NATO не вытрываюць, бо палічаць гэта як пагрозу ім».

Ён назваў Беларусь «фарпостам Расеі».

Пра расейскія базы ў Беларусі

Лукашэнка заявіў, што ведае, што расейцы плацяць за магчымасьць запускаць ракеты на Байкануры ў Казахстане каля 200 мільёнаў даляраў.

Расея ня плоціць Беларусі за вайсковыя базы, бо Лукашэнка, па ягоных словах, ніколі не настойваў на гэтым: «Бо абарона беларусаў і расейцаў — гэта сьвятое. У мяне язык не паварочваўся пра гэта сказаць».

Кіраўнік Беларусі назваў расейскім фэйкам інфармацыю пра новую расейскую вайсковую базу паветрана-дэсантных войскаў пад Бабруйскам.

Пра крыўду на Расею

Лукашэнка заявіў, што яму «проста крыўдна, што праз 25 гадоў маіх гадоў і 20 гадоў Пуціна мы знаходзімся на гэтым „раздарожжы“».

«Вось гэта быць не павінна. І што вельмі небясьпечна, вельмі — калі вы больш, канечне, у фэдэральных СМІ, якія ў нас ідуць — крыўдзіце нас, калі пачынаеце штосьці лічыць...

Ня трэба крыўдзіць сваіх людзей. Бо мы паклалі на алтар перамогі кожнага трэцяга. І яшчэ ня ўсе пайшлі з жыцьця... І нават мае дзеці старэйшыя, Віця, крыўдуюць: мы што — нахлебнікі?

І я гэта яшчэ баюся сказаць, каб не пакрыўдзіць расейцаў. Але я вымушаны гэта агучваць, каб паказаць нашым людзям, што мы жывем за свой кошт, мы не такія багатыя, як вы, што ў нас няма алігархаў, ня толькі таму, што Лукашэнка дыктатар і вельмі жорстка да гэтага ставіцца. У нас няма такіх шалёных грошай, як у вас. Вы сьпіце ў навагоднія сьвяты, а труба працуе і грошы пампуюцца».

«Просім толькі адно ад вас, калі вы ўжо паклікалі нас у Саюз і ў, ЭўрАзЭС: вы толькі не пагаршайце кожны год наш стан. Як я сказаў нядаўна — на храна нам такі Саюз, калі мы жывем штогод усё горш і горш?».

Лукашэнка таксама расказаў пра сваю размову з Пуціным, у якой ён указаў апошняму пра дэфіцыт гандлёвага балянсу Беларусі з Расеяй у 9 мільярдаў даляраў.

«Але навошта вы блякуеце нашу прадукцыю, якую мы пастаўляем на ваш рынак, адборную, добрую?! Вам жа трэба з намі разьлічыцца, каб нам заплаціць вам грошы за нафту і газ... Ці каб мы канкурыравалі з вашай прадукцыяй? У вас жа не хапае сваёй — 5 мільёнаў тон мясамалочнай прадукцыі, а мы пастаўляем 3,5 млн тон. ЭўрАзЭс гэтага вам не пастаўляе, ім трэба свой народ пракарміць. Калі мы самыя блізкія — то ў чым праблема?».

Пра «гандаль» з Расеяй

Аляксей Венядзіктаў сказаў, што перад пачаткам інтэрвію маніторыў расейскія мэдыя і неаднаразова адзначаў, што ягоныя калегі называюць «прэзыдэнта Беларусі — капрызным». Гэта яму ня так, гэта ня так, ня можа знайсьці «залатую сярэдзіну».

«Прабачце за нясьціпласьць, я дасьведчаны, з працяглым тэрмінам знаходжаньня на гэтай „страшнай пасадзе“, — адказаў Лукашэнка. — Дык вось капрызныя людзі ня тое што столькі не працуюць, столькі не жывуць. У чым мой капрыз? У тым, што гандлююся? Нават не гандлююся, а вяду перамовы. Не з маёй падачы вы вынесьлі на ўзровень прэзыдэнтаў гэтыя пытаньні. І мы замест таго, каб перад Новым годам падняць з маім блізкім сябрам Уладзімірам Уладзіміравічам кілішак гарэлкі ці самагонкі — прывязу зь Белавескай пушчы, паціснуць рукі, пачынаем сабачыцца».

Кіраўнік Беларусі дадаў, што «гэта ж маё жыцьцё». «Як можна арганізаваць эканоміку, калі нам гавораць: 152 даляры павінны быць цана на газ. Ды ня можа яна быць такой, бо мы бязмытна гандлюем!»

Аляксандар Лукашэнка кажа, што прапанаваў, каб Масква агучыла свае цэны на нафту. Аднак калі рынак у 25 млн тон нафты і 22 млрд кубамэтры газу сыдзе «кудысьці на бок», тады не крыўдуйце, папарэдзіў ён.

«Я ім гавару: калі вы пачалі сабачыцца з Украінай наконт транзыту газу, што зрабілі? Пусьцілі „Паўднёвы“ і „Паўночны“ патокі. Дзясяткі мільярдаў даляраў, і яшчэ невядома, у якую суму ўрэшце выльецца! І я дакладна гэтак жа зраблю — буду шукаць альтэрнатыву. Магу праз Польшчу, яны самі прапануюць узяць саудаўскую, амэрыканскую ці якую заўгодна нафту, што таньней на рынку. У мяне тры трубы нафтаправоду „Дружба“. На першым этапе забіраю адну і рэвэрсам пастаўляю на НПЗ, дзе глыбіня перапрацоўкі як Эўропе — у Расеі адзін толькі такі завод.

Нармальна пойдзе, забяру і другую. Вы штогод пампуеце 60-70 млн тон нафты на прэміяльны заходні рынак. Калі я дзьве забяру, застанецца 20. Вы гэта ацэньваеце як пагрозу. Дык а самі навошта заганяеце мяне ў вырашэньне пытаньня такім чынам?»

Лукашэнка прыгадаў, як у свой час «у мінус 25» Масква перакрыла газ, а пасьля спыніла пастаўкі нафты. Але беларусы выкруціліся, дапамаглі сябры — Уга Чавэс і Ільхам Аліеў. Пры гэтым ён нагадаў, што Беларусь — трэці пакупнік расейскага газу пасьля Нямеччыны і Італіі. Страціць такога кліента — практычна «самагубна».

«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
  • Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
  • Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
  • Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
  • У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
  • Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
  • 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
  • 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
  • Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
  • Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску ​7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
  • Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.

  • 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».

Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»

Пра сьмяротнае пакараньне

«Калі падпісваеш сьмяротнае пакараньне — гэта катастрофа. Гэта жудаснае перажываньне. Ты ж разумееш, што ставіш подпіс, і чалавека заб’юць. Калі гартаю матэрыялы справы, фатаграфіі, і бачу расчлянёную і згвалтаваную чыюсьці дачку і ў ваньне кавалкі, асобна галаву, рукі, ногі, тулава — у мяне іншае меркаваньне. У мяне цэлы клубок перажываньняў. Але я на баку тых бацькоў, у каго забілі дачку. Да таго ж, у нас ёсьць мера пакараньня — пажыцьцёвае зьняволеньне. Калі ёсьць хоць самая малая зачэпка, сумнеў, яны не прызнаюць віну — прызначаюць пажыцьцёвае. І многія, адбываючы гэта пажыцьцёвае, — што ў вас, што ў нас — просяць, каб ім прызначылі сьмяротнае пакараньне. Пажыцьцёвае заключэньне — яшчэ большае выпрабаваньне. Яны як зьвяры ў клетцы. Гэта ня так, як у Нарвэгіі Брэйвік, які 97 чалавек расстраляў...»

Пра помнік Сталіну

МЗС Польшчы і прэзыдэнт Літвы абвінавацілі Пуціна ў спробе перапісаць гісторыю.

Лукашэнка не даслухаў пытаньня Венядзіктава і перабіў:

«Сталіну трэба паставіць помнік у Беларусі, я як гісторык кажу, за пакт Молатава — Рыбэнтропа, — заявіў Лукашэнка. — Бо мы адноўленыя былі ў рэальных межах, цяперашніх межах, нашая Беларусь.

Але не забываючы Рыскую, па-мойму, дамову, калі Расея тады была і іншыя… Узялі і падзялілі, адрэзалі кавалак Заходняй Беларусі і Ўкраіны і аддалі. Быў і гэты, ганебны, напэўна, пакт. А можа тады і выйсьця іншага не было, мне цяжка пра гэта…».

Венядзіктаў адзначыў, што Лукашэнка часта апэлюе да таго, што ён «гісторык» (у 1975 годзе ён сапраўды атрымаў у Магілёўскім пэдагагічным інстытуце дыплём спэцыяльнасьці «настаўнік гісторыі і грамадазнаўства», але пасьля не працаваў паводле спэцыяльнасьці). Лукашэнка пагадзіўся.

«Уладзімір Ільіч Ленін, да якога ў мяне добрае стаўленьне, як гісторык я гэта разумею, ён многае зрабіў для стварэньня дзяржавы той, — працягнуў Лукашэнка. — І карані нашыя там, нікуды не падзенесься. Ён матываваў гэта тым, што іншага не было выйсьця, каб спыніць гэтую крывавую Першую сусьветную, грамадзянская вайна, сутыкненьні і іншыя…

Але аддаваць тэрыторыю — гэта катастрофа, я ніяк не магу гэтага ператравіць. Але пачынаю думаць: я ня жыў у той сытуацыі, мо так склалася сытуацыя, выйсьця не было. Але Ёсіф Вісарыёнавіч, дзякуй яму, аднавіў у цяперашніх межах Беларусь, ну праўда ж, гэта было? Гэта было праўдай.

І тое, што Пуцін прыводзіў факт, — для нас жа гэта не навіна. Ён юрыст, мы з табой гісторыкі. Ён прыводзіў факт, што Гітлеру тады ўсе падыгрывалі. І тое, што пакт Рыбэнтропа — ​Молатава гэта адзін з апошніх пактаў, якія былі падпісаныя ў пляне разьдзелу-перадзелу.

Мюнхэнская змова была раней, калі Чэхаславаччыну падзялілі! І насамрэч палякі таксама там шматочак адарвалі для сябе, ня толькі Судэты, па-мойму… [Венядзіктаў падказвае: «Там Цешынскі раён быў».] Так, Цешынскі раён, там большасьць немцаў. Яны са згоды моцных сьвету гэтага… таго, хто там жыў і іншае».

Венядзіктаў перадаў Лукашэнку свой часопіс «Дилетант», прысьвечаны пакту Молатава — Рыбэнтропа. Лукашэнка сказаў, што часопіс цяпер будзе чытаць ягоны малодшы сын Мікалай.

Пра зьніклых палітыкаў

Венядзіктаў пацікавіся ў Аляксандра Лукашэнкі, ці абазнаны ён прызнаньнямі былога сцэцназаўца Юрыя Гараўскага адносна выкраданьня і забойства ягоных палітычных апанэнтаў.

«Ніхто зьверху, апроч прэзыдэнта, ня можа даць такую каманду, — сказаў Лукашэнка. — КДБ, ФСБ ніколі на такое ня пойдуць, бо гэта злачынства з пахам палітыкі. Калі Пуцін з Лукашэнкам не дадуць такую каманду, ні ваш Бортнікаў, ні наш Вакульчык пад гэтым не падпішуцца. Дык вось я ніколі ў жыцьці не аддаваў і не аддам такую каманду. Адказ просты: навошта мне гэта было патрэбна? Што зьмянілася, калі ў Беларусі ня стала двух ці трох чалавек?», — адказаў Лукашэнка.

Паводле яго, «забіваюць ярых, агалцелых, небястьпечных праціўнікаў».

«Я — палітык, а якімі яны былі палітыкамі? Віця Ганчар быў маім добрым прыяцелем і сябрам, мы ў адным парлямэнце былі. Ня толькі ў лазьню хадзілі. Красоўскага навогул ня ведаў. Дзіма Завадзкі з-за Чачні Шарамета загінуў, навошта грузіць у адну кучу? Захаранка зьвязаўся зь бізнэсам ва Ўкраіне — узяў вялізныя грошы і не вярнуў. Самае цікавае, гадоў 7-8 гадоу таму іх сфатаграфавала ў Нямеччыне. Мы запыт далі, дык нічога не далі», — сказаў кіраўнік Беларусі.

Лукашэнка кажа, што, пачуўшы пра Гараўскага, загадаў Сьледчаму камітэту неадкладна адрэагаваць — маўляў, хай той Гараўскі тэрмінова прыедзе і дасьць паказаньні. А ў адказ — цішыня.

«Навошта гэта патрэбна? — рытарычна запытаў Лукашэнка. — Адкажу: заўтра прэзыдэнцкія выбары. Усё сабралі, актуалізавалі «Бацька-1, 2, 3» (так называліся фільмы расейскага тэлеканала НТВ. — РС).

Што важна ведаць пра зьнікненьне беларускіх палітыкаў

Партрэты Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара
Партрэты Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара
  • 7 траўня 1999 году быў выкрадзены і імаверна забіты былы міністар унутраных справаў Беларусі, дзяяч апазыцыі генэрал Юры Захаранка.
  • 16 верасьня 1999 году зьніклі бязь зьвестак былы старшыня Цэнтравыбаркаму і віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету Беларусі Віктар Ганчар, які рыхтаваў імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку, і ягоны сябра, бізнэсоўца Анатоль Красоўскі. Пазьней на менскай вуліцы Фабрычнай, дзе меркавана адбылося выкраданьне, былі знойдзеныя аскепкі аўтамабільнага шкла і сьляды крыві.

  • Прадстаўнікі беларускай апазыцыі, родныя зьніклых і міжнародная супольнасьць лічаць, што яны былі выкрадзеныя па палітычных матывах. У датычнасьці да іх зьнікненьняў падазраюцца Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта), Уладзімер Навумаў (былы міністар унутраных спраў), Юры Сівакоў (займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзьмітры Паўлічэнка (на той момант камандзір брыгады спэцназу ўнутраных войскаў МУС), адносна якіх з 2004 году дзейнічаюць санкцыі Эўразьвязу і ЗША.
  • У верасьні 2004 году Аляксандар Лукашэнка ахарактарызаваў Шэймана, Навумава, Сівакова і Паўлічэнку – як «самых сумленных, надзейных, адданых народу й дзяржаве людзей».
  • На пачатку 2019 году Сьледчы камітэт паведаміў аб прыпыненьні расьсьледаваньня спраў аб зьнікненьні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. У сьнежні 2019 году справу аб зьнікненьні Захаранкі аднавілі.
  • 16 сьнежня 2019 году нямецкае выданьне Deutsche Welle апублікавала інтэрвію, у якім Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці», расказаў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму пад камандаваньнем Дзьмітрыя Паўлічэнкі.

  • 24 сьнежня 2019 году ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што ніхто акрамя яго ня мог даць каманду аб выкраданьні і забойстве палітыкаў, а ён «ніколі ў жыцьці не аддаваў такую каманду» і ня дасьць цяпер. Ён запытаў, навошта яму было б такое патрэбна і «што зьмянілася, калі ў Беларусі ня стала двух ці трох чалавек», і дадаў, што «Дзіма Завадзкі з-за Чачні Шарамета загінуў». Лукашэнка зьвязаў заявы Гараўскага з тым, што «заўтра прэзыдэнцкія выбары».
  • 19 верасьня 2023 году ў Швайцарыі ў крымінальным судзе у Санкт-Галене пачаўся працэс Юрыя Гараўскага па справе аб зьнікненьнях апанэнтаў Лукашэнкі. Суд стаў прэцэдэнтам.
  • Акруговы суд горада Роршах (кантон Санкт-Гален, Швайцарыя) апраўдаў Юрыя Гараўскага па абвінавачваньні ў гвалтоўных зьнікненьнях, нягледзячы на тое, што ён публічна і некалькі разоў прызнаваўся ў выкраданьні і забойствах Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага — трох выдатных дзеячаў апазыцыі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі — у Беларусі ў 1999 годзе.

Публікацыі па тэме:

Што былы спэцназавец расказаў пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі. Сьцісла

Ад Алкаева да Шэймана. Сьпіс ключавых асобаў у справе зьніклых

Як выглядае месца магчымага забойства Ганчара і Красоўскага пад Бегамляй. ФОТА

«Небясьпечна. Вельмі». Што менчукі кажуць пра зьніклых Ганчара, Захаранку і Красоўскага. ВІДЭА

Ад «яму можна верыць» да «расейскага ўкіду». Рэакцыі на сэнсацыйнае прызнаньне ў забойстве апазыцыянэраў

«Машына была на глыбіні аднаго мэтра». Як у 2001 годзе раскапалі джып Красоўскага

Гараўскі адказаў Паўлічэнку, — удзельнік падрыхтоўкі фільму пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі

Каму выгадны фільм пра ўдзельніка «эскадрону сьмерці» і ці ёсьць у ім «расейскі сьлед»?

Сьледчы, які расказаў пра «эскадроны сьмерці», ня верыць сэнсацыйным прызнаньням былога спэцназаўца

Спэцназаўца, які расказаў пра забойствы апазыцыянэраў, паказвалі на БТ 20 гадоў таму. Архіўнае відэа

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG