Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: «Сталіну трэба паставіць помнік у Беларусі за пакт Молатава — Рыбэнтропа»


Бюст Сталіна ў комплексе «Лінія Сталіна», архіўнае фота

У вялікім інтэрвію з Аляксандрам Лукашэнкам расейскі журналіст, галоўны рэдактар радыё «Эхо Москвы» Аляксей Венядзіктаў згадаў тэму пакту Молатава — Рыбэнтропа. Нядаўна кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заяўляў, што Другую ўсясьветную вайну нібыта разьвязала «Мюнхэнская змова» з удзелам Польшчы.

МЗС Польшчы і прэзыдэнт Літвы абвінавацілі Пуціна ў спробе перапісаць гісторыю.

Лукашэнка не даслухаў пытаньня Венядзіктава і перабіў:

«Сталіну трэба паставіць помнік у Беларусі, я як гісторык кажу, за пакт Молатава — Рыбэнтропа, — заявіў Лукашэнка. — Бо мы адноўленыя былі ў рэальных межах, цяперашніх межах, нашая Беларусь.

Але не забываючы Рыскую, па-мойму, дамову, калі Расея тады была і іншыя… Узялі і падзялілі, адрэзалі кавалак Заходняй Беларусі і Ўкраіны і аддалі. Быў і гэты, ганебны, напэўна, пакт. А можа тады і выйсьця іншага не было, мне цяжка пра гэта…».

Венядзіктаў адзначыў, што Лукашэнка часта апэлюе да таго, што ён «гісторык» (у 1975 годзе ён сапраўды атрымаў у Магілёўскім пэдагагічным інстытуце дыплём спэцыяльнасьці «настаўнік гісторыі і грамадазнаўства», але пасьля не працаваў паводле спэцыяльнасьці). Лукашэнка пагадзіўся.

«Уладзімір Ільіч Ленін, да якога ў мяне добрае стаўленьне, як гісторык я гэта разумею, ён многае зрабіў для стварэньня дзяржавы той, — працягнуў Лукашэнка. — І карані нашыя там, нікуды не падзенесься. Ён матываваў гэта тым, што іншага не было выйсьця, каб спыніць гэтую крывавую Першую сусьветную, грамадзянская вайна, сутыкненьні і іншыя…

Але аддаваць тэрыторыю — гэта катастрофа, я ніяк не магу гэтага ператравіць. Але пачынаю думаць: я ня жыў у той сытуацыі, мо так склалася сытуацыя, выйсьця не было. Але Ёсіф Вісарыёнавіч, дзякуй яму, аднавіў у цяперашніх межах Беларусь, ну праўда ж, гэта было? Гэта было праўдай.

І тое, што Пуцін прыводзіў факт, — для нас жа гэта не навіна. Ён юрыст, мы з табой гісторыкі. Ён прыводзіў факт, што Гітлеру тады ўсе падыгрывалі. І тое, што пакт Рыбэнтропа — ​Молатава гэта адзін з апошніх пактаў, якія былі падпісаныя ў пляне разьдзелу-перадзелу.

Мюнхэнская змова была раней, калі Чэхаславаччыну падзялілі! І насамрэч палякі таксама там шматочак адарвалі для сябе, ня толькі Судэты, па-мойму… [Венядзіктаў падказвае: «Там Цешынскі раён быў».] Так, Цешынскі раён, там большасьць немцаў. Яны са згоды моцных сьвету гэтага… таго, хто там жыў і іншае».

Венядзіктаў перадаў Лукашэнку свой часопіс «Дилетант», прысьвечаны пакту Молатава — Рыбэнтропа. Лукашэнка сказаў, што часопіс цяпер будзе чытаць ягоны малодшы сын Мікалай.

Што напраўду было зь межамі Беларусі

Насамрэч у выніку змовы СССР і Нямеччыны межы Савецкай Беларусі не сфармаваліся ў цяперашнім выглядзе і не былі «адноўленыя». ​

Пасьля таго, як Сталін і Гітлер падзялілі тэрыторыю Польшчы, да БССР была далучаная Заходняя Беларусь — частка земляў, заселеных пераважна беларусамі. ​

Пасьля вайны ад тых земляў адлучылі і перадалі ў склад Польшчы Беласточчыну. Таксама ў выніку ў склад БССР не ўключылі Вільню і большую частку Віленшчыны (увайшла ў склад Літвы), населеныя пераважна беларусамі землі Смаленшчыны і Браншчыны (засталіся ў складзе РСФСР).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG