Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я не пацан». 19 цытатаў Лукашэнкі 2019 году

абноўлена

Галоўным і найчасьцейшым пасланьнем Аляксандра Лукашэнкі ў 2019 годзе было абяцаньне не здаваць незалежнасьць Беларусі ў перамовах аб «паглыбленьні інтэграцыі» з Расеяй. Але яно было далёка не адзіным. Свабода сабрала сотню выказваньняў Аляксандра Лукашэнкі ў 2019 годзе і склала зь іх суб’ектыўны топ-19.

Абноўлена, 24 лістапада. На наступны дзень пасьля выхаду гэтага артыкулу Лукашэнка даў інтэрвію «Эхо Москвы», у якім сярод іншага заявіў, што «Сталіну трэба паставіць помнік у Беларусі за пакт Молатава — Рыбэнтропа», а адносна зьнікненьня і меркаванага забойства ў 1999 годзе сваіх апанэнтаў Захаранкі і Ганчара спытаў, «што зьмянілася, калі ў Беларусі ня стала двух ці трох чалавек».

1. Бегчы за «монстрамі», каб не зрабілі «парабкамі, як у ВКЛ»

22 лютага. Лукашэнка заявіў, што Беларусі цяжка канкураваць з усясьветнымі дзяржавамі, якія «забясьпечваюць сябе прыроднымі рэсурсамі», а адставаць ад іх нельга, іначай «будзем чыёйсьці правінцыяй», таму патрэбны новыя тэхналёгіі і крыніцы энэргіі.

«Калі мы адстанем, мы загінем, — казаў Лукашэнка. — Таму патрэбна стабільнасьць. І ўвесь час трэба працаваць, увесь час трэба бегчы, каб ад гэтых „монстраў“ не адстаць, бо яны нас адной рукой прыхопяць, і будзем мы зноў парабкамі ў якім-небудзь Вялікім Княстве Літоўскім або Рэчы Паспалітай. Ня хочацца, асабліва для дзяцей, асабліва калі ўжо мы і вы адчулі, што такое сувэрэнітэт і незалежная дзяржава».

2. «Ужо наеўся прэзыдэнцтва»

1 сакавіка. Падчас «Вялікай размовы з прэзыдэнтам» карэспандэнт Свабоды Валянцін Жданко нагадаў, што сёлета 25 гадоў, як Лукашэнка прыйшоў да ўлады, — амаль ва ўсіх постсавецкіх краінах за гэты час адбылася зьмена прэзыдэнтаў. Які са шляхоў «транзыту ўлады» імпануе яму — нязьменнасьць улады, зьмена Канстытуцыі, перадача пасады спадкаемцу?

«Абяцаю, што на той сьвет з прэзыдэнцкага крэсла мяне не панясуць, — сказаў Лукашэнка. — І дзеля сваіх дзяцей ня буду ўтрымліваць уладу і перадаваць у спадчыну — асабліва што тычыцца малодшага сына. Не хачу казаць, што я пакутую — ніхто і не паверыць. Я наеўся прэзыдэнцтва, і загубіць краіну дзеля асабістых амбіцый — на такое ніколі не пайду. Не зьбіраюся працягваць палітычнае жыцьцё за кошт іншых. Усё будзе нармальна, згодна з нашымі законамі. Але я не змагу ня вылучыць кандыдатуру на пасаду прэзыдэнта, каб не абвінавацілі мяне ў баязьлівасьці, што зьбег».

3. Эканаміста Раманчука «трэба накіраваць у стратны калгас, каб ён там зазямліўся»

1 сакавіка. У час той жа «Вялікай размовы» Лукашэнку паскардзіліся, што на Радзе разьвіцьця прадпрымальніцтва палова часу адвродззіцца на разгляд прапановаў эканаміста і кандыдата ў прэзыдэнты на выбарах-2010 Яраслава Раманчука, «у яго другія 24 гадзіны на дзень».

«Проста Яраслава трэба накіраваць у стратны калгас, каб ён там „зазямліўся“», — парэкамэндаваў Лукашэнка.

Аднак гэтая прапанова (ці то жартам, ці то ўсур’ёз) так прапановай і засталася.

4. «Абаср...ная карова» ў калгасе-канцлягеры

26 сакавіка. Лукашэнка завітаў у малочны комплекс «Сьліжы» ў Шклоўскім раёне, які ўваходзіць у аргахолдынг «Купалаўскае». Там абурыўся ўмовамі, у якіх трымаюць жывёлу, і беспарадкам у вытворчых памяшканьнях.

«Калі чалавек не разумее, што гэта Асьвенцім, а вы яго ставіце кіраўніком холдынгу, я вас наагул не разумею», — перадавала словы Лукашэнкі ягоная прэс-служба.

Пазьней на дзяржаўнай тэлевізіі паказалі яшчэ адно выказваньне Лукашэнкі з кароўніка:

«Ты паглядзі на гэтую скаціну, яна ж уся абаср...ная. І на поўсьці ўсё закарэла», — паказваў ён на карову.

5. Айцішнікаў «сваімі рукамі, як умеў, стварыў»

12 красавіка. На сустрэчы з прадстаўнікамі ІТ-сфэры Лукашэнка паабяцаў Парку высокіх тэхналёгіяў далейшую падтрымку.

«Таму што, па вялікім рахунку, вы мае дзеці, — патлумачыў ён. — Я сваімі рукамі, як умеў, вас ствараў, а потым вы вырасьлі, пачалі прапаноўваць, як ісьці. Мы будзем рухацца ў гэтым кірунку настолькі эфэктыўна, наколькі вы гэтага захочаце».

6. Расеец не зразумее фразы «Выконвай хуткасны рэжым» і падумае «зноў пра рэжым Лукашэнкі»

19 красавіка. Лукашэнка выступіў з «традыцыйным» пасланьнем да беларускага народу і Нацыянальнага сходу. Частку прамовы ён чытаў з паперы, але бывала, што дадаваў «ад сябе» і, падобна, нават спрачаўся з напісаным.

«Зноў пайшла моўная хваля, — казаў ён «не з паперкі». — У нас дзьве дзяржаўныя мовы, спыніцеся! Да глупства даходзіць. Еду па дарозе. Вывесілі табло: „Выконвай хуткасны рэжым“. Ну мне як беларусу зразумела, што хацелі сказаць... Але едзе рускі чалавек або расейскамоўны беларус: няўжо, думае, зноў пра „рэжым“ Лукашэнкі? Што вы хацелі гэтым паказаць? 50% насельніцтва (з запасам кажу) зразумеюць, што патрабуе дарожнік або даішнік... Але астатнія ж не зразумеюць! Давялося вярнуць назву нармальную».

7. «Больш падобны да цяжкаатлета, чым да хакеіста»

23 красавіка. У звароце да беларускіх цяжкаатлетаў Лукашэнка расказаў, што ня любіць негульнявыя віды спорту, дзе трэба «пастаянна змагацца з сабой» — «нудна».

«Я праз тое, што часу бракуе, рэдка цалкам гляджу спаборніцтвы ў цяжкай атлетыцы, — расказваў Лукашэнка. — Шчыра кажучы, гэта ня мой від спорту, хоць я больш да цяжкаатлета падобны, чым да хакеіста. Але гэта для мяне заўсёды была самая агідная дысцыпліна, калі я пачынаў прафэсійна займацца спортам, калі трэба было шмат „качацца“».

8. «Ужо не памірае народ ад любові да нас»

11 чэрвеня. Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў «годна» правесьці перадвыбарчыя кампаніі і актыўна «працаваць з народам».

«Іншага народу няма, і не такі ўжо дрэнны ў нас народ. Трэба зь імі працаваць, — разважаў ён. — І я разумею, і вы разумееце, што ўжо не памірае народ ад любові да нас. Але народ выдатна разумее, што цяпер дзейная ў Беларусі ўлада — гэта адзіная нейкая ўнікальная зьява, ня толькі на постсавецкай прасторы, дзе мы ўсе зьвернутыя да народу. Што мы людзям не зрабілі, каб яны нас не падтрымлівалі? Усё зрабілі».

9. «Некаторыя ў пагонах прыбурэлі і абарзелі»

20 жніўня. Лукашэнка ўчыніў «разнос» на нарадзе з прадстаўнікамі праваахоўных органаў. Ён заявіў, што агучвае дэталі з «сакрэтнага дакладу» — праваахоўнікі злоўжываюць гвалтам і ўладай, кідаюць за краты невінаватых, падкідваюць наркотыкі, працуюць на статыстыку, а не бароняць інтарэсы грамадзянаў.

«Некаторыя ў пагонах прыбурэлі і абарзелі да таго, што яны ня проста не павінны іх насіць — гэтыя людзі павінны быць выключаныя з нашага грамадзтва ў першую чаргу; перш, чым тыя, справы якіх яны расьсьледуюць», — заявіў Лукашэнка празь месяц пасьля таго, як памяняў міністра ўнутраных справаў.

10. «Мы калечым дзяцей» школьнай нагрузкай

26 жніўня. Прымаючы даклад міністра адукацыі, Лукашэнка заявіў, што «галоўнае патрабаваньне» ў адукацыі — «дзеці павінны быць аднолькавымі».

«Я не кажу, што аднолькава адзетыя, але добра адзетыя, — удакладніў ён. — Хто таньней, хто багацей. Мы багатых не прымусім адзяваць сваіх дзяцей прасьцей».

Лукашэнка таксама адзначыў, што вучням даюць заданьні ў розных прадметах, «ад матэматыкі да гуманітарных», а «няма дзяцей, якія аднолькава ўва ўсіх гэтых навуках разьбіраюцца».

«На гэта таксама трэба зьвяртаць увагу і не перагружаць дзяцей, асабліва дома, — загадаў ён. — Ня трэба, каб яны 5-6 гадзінаў адпрацавалі ў школе і яшчэ столькі ж дома. Гэта ненармальна. Мы калечым дзяцей».

11. Tesla ад Ілана Маска? «Uh no»

2 верасьня. На адкрыцьці школы ў Менску Лукашэнка расказаў дзецям, што электрамабіль Tesla падарыў яму сам стваральнік кампаніі — бізнэсовец і вынаходнік Ілан Маск.

«У мяне ёсьць электрычная машына „Тэсла“, я часам яе тэстую, — расказаў Аляксандар Лукашэнка. — Маск падараваў. Убачыў мяне на матацыкле, „слухай, ён у вас на двухколавым езьдзіць“. Ёсьць самы любімы матацыкл мой — наш, менскі робіць завод — добрая штука. Вядома, ён не ляціць 180, як „Тэслы“, але вельмі прыемна. Я цябе ў гэтым падтрымліваю, і мы ўсё больш будзем пераходзіць на электрамабілі».

6 верасьня. Маск адказаў у Twitter на адно са шматлікіх пытаньняў пра тое, ці дарыў ён машыну Лукашэнку. Адказ складаўся з двух словаў: «Uh no» («Вой, не»).

12. «Праз два гады Менск стане сталіцай ЗША»

9 верасьня. Лукашэнка зьвярнуўся да спартоўцаў і публікі, якія сабраліся на менскім стадыёне «Дынама» на легкаатлетычны матч Эўропа — ЗША. Ён адзначыў, што праз два гады такі матч меў бы прайсьці ў Штатах, але там у гэты час будзе праводзіцца чэмпіянат сьвету, а правілы не дазволяць правесьці там яшчэ і матч Эўропа — ЗША. Таму Лукашэнка прапанаваў зноў правесьці яго ў Беларусі.

«Я абяцаю вам, што праз два гады Менск стане сталіцай Злучаных Штатаў Амэрыкі, — заявіў ён. — Удакладняю, каб не западозрылі ў нядобрым, быццам мы Амэрыку хочам далучыць. На гэтыя дні, калі вы нам даверыце, Менск стане сталіцай ЗША, бо ЗША павінны праводзіць гэты матч. З Дональдам Трампам мы дамовімся — у 21-м годзе ён пераможа на выбарах (насамрэч прэзыдэнцкія выбары з ЗША адбудуцца ў 2020 годзе. — РС) і, я думаю, зьявіцца на гэтым стадыёне сталіца чарговых легкаатлетычных гульняў— матчу стагодзьдзя».

13. «Галаву б адкруціў шчанюку нейкаму»

19 верасьня. Лукашэнка пракамэнтаваў канфлікт у гомельскай школе №15, дзе настаўніцу звольнілі пасьля публікацыі відэа, на якім яна з мацюкамі пагражае школьніку і замахваецца на яго партай, а затым на ягоны загад аднавілі на працы.

«Паехалі, учынілі разборкі, сабралі зьнізу даверху начальнікаў, — абураўся Лукашэнка рэакцыяй на відэа. — Абсікаліся, што іх, бачыце, у сацыяльных сетках разьмясьцілі. А абсікаўшыся, узялі і пакаралі гэтага беднага настаўніка. Ды я на месцы гэтага настаўніка галаву б адкруціў шчанюку нейкаму».

14. Трампы «ахкаюць і вохкаюць» ад беларускага лёну

21 верасьня. Лукашэнка, наведваючы прадпрыемства «Карэлічы-Лён» у Горадзенскай вобласьці, расказаў, як у атачэньні Дональда Трампа адрэагавалі на падарунак, перададзены зь Беларусі жонцы прэзыдэнта ЗША.

«Францыя, Бэльгія, Нямеччына, Польшча, мы і Расея — больш ніхто ня робіць тканіны з ільну. Можа, і робяць, але сыравіну купляюць у нас, — казаў ён. — Я нядаўна жонцы прэзыдэнта ЗША перадаў выраб з ільну — яны ахаюць і вохкаюць, пытаюцца: „А дзе гэта можна купіць?“ Гэта сьведчыць пра тое, што мы ня ўмеем прадаваць свой тавар. Давядзецца вучыць тых, хто павінен гэтым займацца», — заявіў Лукашэнка.

15. «Жанчына павінна быць 165–175 сантымэтраў»

21 кастрычніка. У час сустрэчы ў Акадэміі кіраваньня начальніца аддзелу адукацыі Ганцавіцкага райвыканкаму Надзея Здрок спытала Лукашэнку пра крытэры ацэнкі эфэктыўнасьці працы дзяржаўных органаў — той прапанаваў адказаць ёй самой на сваё пытаньне. Адказ Лукашэнку спадабаўся, і ён перапытаў, навошта яна пытае яго, калі сама ўсё ведае. Здрок сказала: «Вы ж разумееце, я маленькі чалавек, а вы…». Лукашэнка не пагадзіўся: адзначыў, што Здрок не маленькая, а нармальная, бо «жанчыне і ня трэба быць вышэйшай».

«Я ўвогуле не прыхільнік жанчын пад мой рост, пад два мэтры — навошта? — спытаў Лукашэнка. — Жанчына павінна быць 165–175 сантымэтраў, гэта нармальна для жанчын. Я, вядома, ня супраць высокіх-даўганогіх... Таму вы нармальны абсалютна чалавек — з майго пункту гледжаньня».

16. Ельцыну і Назарбаеву «па піва бегаў спачатку»

24 кастрычніка. Напярэдадні паездкі ў Казахстан Лукашэнка даў інтэрвію казахстанскаму інфармацыйнаму агенцтву «Хабар». Сярод іншага ён прыгадаў першую сустрэчу з былым кіраўніком Казахстану Нурсултанам Назарбаевым.

«Я сустрэўся зь імі, аксакаламі, — што я там, смаркаты, мне яшчэ 40 гадоў не было, я стаў прэзыдэнтам, — згадваў ён 1990-я. — Я прыходжу, а там аксакалы: Нурсултан, Барыс Мікалаевіч Ельцын, Ніязаў, Карымаў... Ну і што. Ну па піва бегаў спачатку, як у народзе кажуць: малады — пабяжыш па піва».

17. «На храна нам такі саюз?»

17 лістапада. Падчас сустрэчы з журналістамі на выбарчым участку Лукашэнка пракамэнтаваў пэрспэктывы пагадненьня аб паглыбленьні інтэграцыі з Расеяй і расказаў пра наяўныя праблемы.

«Калі ты ўступаеш у нейкае аб’яднаньне, на што разьлічваеш? — пытаў ён. — Што з кожным месяцам, годам будзе лепей. Што маем? Нам кожны раз падсоваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем. Прабачце, на храна патрэбен такі саюз? Я адкрыта гэта магу і Пуціну сказаць: дзе нам узяць 9 мільярдаў, каб пакрыць дэфіцыт у гандлі? Мы іх пакрываем за кошт іншых рынкаў!»

18. «Нас будуць мацаць з усіх бакоў. Моцна будуць мацаць. І вы нават не ўяўляеце, зь якога боку для нас небясьпека большая»

4 сьнежня. У час нарады з чыноўнікамі Менскай вобласьці 4 сьнежня Аляксандар Лукашэнка загадаў «сур’ёзным чынам навесьці парадак» у кадравай сфэры. Таксама ён заклікаў чыноўнікаў адказваць на просьбы людзей, каб тыя «палкамі ня кідалі або камяні ў вокны не закідвалі». Лукашэнка папярэдзіў: праз паўгода ўсіх чакае «галоўны экзамэн».

«Я часта вам намякаю, — казаў ён. — Я не магу гэта сказаць адкрыта і публічна: нас будуць мацаць з усіх бакоў. Моцна будуць мацаць. І вы нават не ўяўляеце, зь якога боку для нас небясьпека большая. І залог нашага посьпеху — гэта праца з чалавекам, звычайным чалавекам, якога мы паклічам на выбарчы ўчастак. Кошт вельмі вялікі, паважаныя сябры. Кошт вось гэтага мерапрыемства. Застанемся мы на гэтым кавалку зямлі гаспадарамі ці не? І ня толькі мы — нашыя дзеці».

19. «Я не пацан, які адпрацаваў 3-5 гадоў прэзыдэнтам»

5 сьнежня. Падчас звароту да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і чальцоў Савету Рэспублікі шостага і сёмага скліканьняў Лукашэнка запэўніваў, што ніхто ў Беларусі не зьбіраецца здаваць незалежнасьць і сувэрэнітэт краіны.

«Запомніце: я не пацан, які адпрацаваў тры-чатыры-пяць гадоў прэзыдэнтам, — нагадаў ён. — Мне хапіла вось так. І я не хачу перакрэсьліць усё, што зрабіў я разам з вамі, з народам, стварыўшы сувэрэнную, незалежную дзяржаву, каб цяпер яе ўкласьці ў нейкую скрыню з крыжам наверсе і кудысьці выкінуць ці перадаць. Гэтага пры мне ня будзе ніколі».

Бонус. Што яшчэ казаў Лукашэнка ў 2019 годзе

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG