Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ровар, «Майбах», карова, шапка... Што дарылі Лукашэнку


Падарункі Аляксандру Лукашэнку, ілюстрацыйная выява
Падарункі Аляксандру Лукашэнку, ілюстрацыйная выява

І што Лукашэнка дарыў кіраўнікам іншых дзяржаў і беларускаму народу.

Абноўлена: 31 ліпеня 2019 году Аляксандру Лукашэнку падарылі статую яго ў вобразе хакеіста.

Аляксандар Лукашэнка 1 чэрвеня катаўся з малодшым сынам Мікалаем пад Воршай на роварах. Tut.by высьветліў, што ровар як у Мікалая Лукашэнкі каштуе ня менш за 7,5 тысячы даляраў.

Прэс-сакратарка Натальля Эйсмант заявіла «Камсамольскай праўдзе», што ровары падарыў расейскі бізнэсовец, сябра Аляксандра Лукашэнкі Ігар Макараў.

Прэзыдэнту можна прымаць падарункі? Гэта не карупцыя?

У артыкуле 38 Закону «Аб прэзыдэнту Рэспублікі Беларусь» прапісаны лёс падарункаў, атрыманых падчас афіцыйных візытаў у іншыя дзяржавы, а таксама тых, што ўручаныя замежнымі прадстаўнікамі падчас іхніх афіцыйных візытаў у Беларусь. Гэтыя дары паводле закону — дзяржаўная маёмасьць і павінны захоўвацца ў рэзыдэнцыі прэзыдэнта або ў музэях краіны. А асабліва каштоўныя — у Нацыянальным банку. Пра падарункі на дзень народзінаў або іншыя сьвяты там не сказана нічога.

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

​Некаторыя падарункі Лукашэнку можна пабачыць у Музэі сучаснай беларускай дзяржаўнасьці. Там ёсьць выстава падарункаў прэзыдэнту і кіраўніцтву Беларусі. Іх два дзясяткі, палова — самому Лукашэнку. Які з тых прэзэнтаў найдаражэйшы, сказаць цяжка. Супрацоўнікі музэю на гэтае пытаньне адказваюць аднолькава: «Матэрыяльную ацэнку мы не праводзім, бо ўсе падарункі бясцэнныя».

«Майбах» і іншыя аўто ад невядомых людзей

Ровар ад Макарава — не адзіны транспартны сродак, які Лукашэнка атрымаў у падарунак. Напрыклад, у 2017 годзе на адкрыцьці заводу «БелДжы» яму падарылі электрамабіль Geely Emgrand EV.​

Майбах з нумарам 001 BY прыпаркаваўся ля кавярні на месцы для інвалідаў, 2016 год
Майбах з нумарам 001 BY прыпаркаваўся ля кавярні на месцы для інвалідаў, 2016 год

Самы вядомы з «аўтападарункаў» Лукашэнку — Maybach 62 ад невядомага расейца. У такім падарунку ад замежніка ў 2012 годзе прызнаўся сам Лукашэнка, але ад каго менавіта аўто — не сказаў.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька накіроўваў запыты ў Генэральную пракуратуру і падатковую інспэкцыю па Менску з патрабаваньнем разабрацца, за што Лукашэнку падаравалі Maybach, ці няма тут нейкага прыхаванага хабару і ці плаціў ён за гэты прэзэнт падатак. Але адказу яму не далі, «спаслаўшыся на нейкія другарадныя альбо падзаконныя акты».

Вядома таксама, што Лукашэнка езьдзіць на электрамабілі Tesla Model S P100D, машынах Rolls-Royce Phantom Coupe, Mercedes Pullman W221 і іншых нятанных аўто, але адкуль гэты транспарт і каму належыць, невядома.

Ці то верталёт, ці то толькі канцэрт ад Гуцэрыева

Кампанія «Слаўкалій» расейскага мільярдэра Міхаіла Гуцэрыева сёлета купіла VIP-верталёт AgustaWestland AW139 ня менш як за 12 млн эўра. Асаблівасьць гэтай куплі ў тым, што верталёт быў заўважаны ў афарбоўцы, уласьцівай авіяпарку Аляксандра Лукашэнкі, і яго бачылі над Астрашыцкім гарадком, дзе месьціцца рэзыдэнцыя Лукашэнкі.

Ці гэта падарунак Лукашэнку, ці «прэзыдэнцкая» афарбоўка на верталёце значыць нешта іншае, не вядома дакладна. Сам Гуцэрыеў сьцьвярджае, што здае верталёт у арэнду кампаніі «Белавія» і іншым ахвочым (і што ён каштаваў 14 млн даляраў).

Гуцэрыеў таксама абвяргаў, што дарыў Лукашэнку згаданы «Майбах» або іншыя падарункі па-за межамі пратаколу. Але заявіў, што зладзіў для Лукашэнкі канцэрт на «Стары Новы год» з удзелам расейскіх сьпевакоў Грыгорыя Лепса, Мікалая Баскава і Наташы Каралёвай. Паводле Гуцэрыева, ён атрымаў запрашэньне на прыём і «адразу патэлефанаваў некалькім знаёмым выканаўцам», а тыя пагадзіліся выступаць бясплатна.

Шапка ад Домрачавай, лыжы ад Курца

У лютым 2019 году Свабода вырашыла падлічыць, колькі каштавала адзеньне і спартовы рыштунак Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна — на фота зь іхнай сустрэчы ў Сочы было добра відаць, чым карыстаюцца кіраўнікі дзяржаў.

Пасьля гэтай публікацыі Лукашэнка заявіў, што большая частка адзеньня і рыштунку — падарункі ад кампаніяў-вытворцаў, для якіх гэта такі шлях рэклямы. У прыватнасьці, шапку яму падарыла біятляністка Дар’я Домрачава.

Празь месяц пасьля гэтай заявы фэдэральны канцлер Аўстрыі Сэбастыян Курц у межах свайго візыту ў Беларусь сустрэўся з Лукашэнкам і падарыў яму новыя лыжы (сам Лукашэнка тады падарыў Курцу ікону).

Ікона, ручнік, карова...

Часам Лукашэнка атрымлівае і недарагія, але сымбалічныя падарункі — прыкладам, іконы і карціны, ручнікі або карову. У час нядаўняга візыту ў Турэччыну ўсё, што публічна атрымаў Лукашэнка ад Рэджэпа Таіпа Эрдагана — гэта фотаальбом з найлепшымі момантамі паездкі.

Часам сымбалічныя падарункі бываюць і дарагімі, прыкладам, гадзіньнік Patek Philippe Calatrava 5120j, які каштуе ня менш за 11 тысячаў эўра — Лукашэнка казаў, што, як і «Майбах», гэта падарылі на дзень народзінаў.

Віно і пісталеты — бацьку і сыну

І Аляксандар Лукашэнка, і ягоны малодшы сын Мікалай атрымлівалі зброю і алькаголь. Але калі бацька мог бы адразу выпіць любую з 450 пляшак віна, падараваных прэзыдэнтам Малдовы ў 2014-м, то сыну давядзецца чакаць сваёй 400-літровай бочкі каньяку да вясельля (гэта было ўмовай падарунку, які зрабілі, калі Мікалаю было 6 гадоў).

Падобна, Аляксандар Лукашэнка не забараняе сыну Мікалаю ўжываць алькаголь да паўналецьця. Але бочку каньяку Мікалаю пакуль не аддадуць — такая была ўмова, калі дарылі
Падобна, Аляксандар Лукашэнка не забараняе сыну Мікалаю ўжываць алькаголь да паўналецьця. Але бочку каньяку Мікалаю пакуль не аддадуць — такая была ўмова, калі дарылі

Ці маюць права Аляксандар або Мікалай карыстацца падараванай ім зброяй, невядома. Шараговым беларусам дазваляюць валодаць паляўнічай, спартовай ці ўзнагароднай зброяй (падарункі за ўзнагароды ня лічацца), але не дазваляюць валодаць проста так ня тое што баявой, а нават траўматычнай зброяй.

У той жа час Аляксандар Лукашэнка мае як падарункі ад міністра абароны аўтамат Калашнікава, пісталеты ТТ і Mauser, а Мікалай Лукашэнка яшчэ ў 2009 годзе паказваў залацісты пісталет і казаў, што гэта падарунак ад Уладзіміра Пуціна (а яго бацька казаў, што зброю «пакуль не зарадзілі»).

Тагачасны прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў (зьлева), Аляксандар і Мікалай Лукашэнкі, 2009 год
Тагачасны прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў (зьлева), Аляксандар і Мікалай Лукашэнкі, 2009 год

Што дорыць сам Лукашэнка

Якімі дакумэнтамі рэглямэнтуюцца такія падарункі і зь якіх крыніцаў фінансуюцца, невядома.

Лукашэнка таксама час ад часу называе нейкія дзяржаўныя праекты падарункамі беларускаму народу. Так, на леташні Дзень кастрычніцкай рэвалюцыі Лукашэнка абвясьціў падарункам народу мадэрнізацыю Віцебскага футравага камбінату.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG