Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка вырашыў падарыць Вэнэсуэле 500 тонаў сухога малака


Прэзыдэнт Вэнэсуэлы Нікаляс Мадура (зьлева) і прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы ў Менску 5 кастрычніка 2017 году

Беларусь паставіць у Вэнэсуэлу 500 тонаў сухога неразьведзенага малака на бязвыплатнай аснове. Адпаведнае распараджэньне 11 верасьня падпісаў прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка, паведамілі БелТА ў прэс-службе кіраўніка Беларусі.

Гэтае рашэньне «накіравана на аказаньне падтрымкі стратэгічнаму партнэру Беларусі ў Лацінскай Амэрыцы ў складанай эканамічнай сытуацыі, а таксама на далейшую актывізацыю палітычнага і дзелавога супрацоўніцтва, умацаваньне даверу і дружалюбных адносін паміж дзьвюма краінамі і народамі», паведаміла прэс-служба прэзыдэнта Беларусі.

Малако вырабяць Лепельскі малочна-кансэрвавы камбінат і ААТ «Беллакт» паводле вэнэсуэльскіх стандартаў. Яно будзе ўтрымліваць вітаміны A і D.

Апошнім часам Вэнэсуэла перажывае глыбокі крызіс у эканоміцы. Гіпэрінфляцыя і дэфіцыт харчоў выклікалі і міграцыйны крызіс, які набліжаецца да «крытычнага моманту», параўнальнага з крызісам у Міжземнамор’і. За апошнія 3 гады з Вэнэсуэлы зьехалі больш як 1,6 млн чалавек.

У ліпені краіна перажыла буйную дэнамінацыю нацыянальнай валюты — ад курсу балівара «адрэзалі» цэлых пяць нулёў. Паводле ацэнкі Міжнароднага валютнага фонду, інфляцыя ў Вэнэсуэле ў 2018 годзе можа дасягнуць мільёна працэнтаў.

Сытуацыю ў краіне параўноўваюць зь Нямеччынай 1923 году або Зымбабвэ канца 2000-х, але яна можа аказацца нават горшай. Пасьля падзеньня ў 2014 годзе цэнаў на нафту, ад якіх моцна залежыць вэнэсуэльская эканоміка, цэны там расьлі шалёнымі тэмпамі, больш як на 100% за год.

Летась у Вэнэсуэле зафіксавалі інфляцыю 2600%. Узровень інфляцыі са жніўня 2017 па жнівень 2018 году дасягнуў 200 000%. Для параўнаньня, у крызіс 2011 году ў Беларусі інфляцыя склала «ўсяго толькі» 108,7%.

Прэзыдэнт краіны Нікаляс Мадура вінаваціць у крызісе Злучаныя Штаты і іхных саюзьнікаў, якія нібыта «абвясьцілі эканамічную вайну». Апазыцыя ж лічыць, што эканамічны крызіс – гэта вынік няправільных рашэньняў уладаў, у ліку якіх бескантрольнае павелічэньне грашовай масы пры кантролі афіцыйных курсаў.

У Вэнэсуэле ўжо ўвялі сыстэмы разьмеркаваньня харчоў, абвясьцілі надзвычайнае становішча, тут адбываліся шматлікія вулічныя пратэсты і галодныя бунты.

Як Мадура ўтрымаўся ва ўладзе ў Вэнэсуэле

Лукашэнка лічыць праблемы Вэнэсуэлы перабольшанымі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG