Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вэнэсуэла будзе разьмяркоўваць прадукты праз грамадзкія рады


Дэманстрацыя апазыцыі. 18 траўня 2016 году.

Дэманстрацыя апазыцыі. 18 траўня 2016 году.

Урад Вэнэсуэлы заявіў аб закупцы некалькіх тысяч тон харчаваньня, якое будзе разьмяркоўвацца праз грамадзкія рады.

Як заявіў міністар харчаваньня краіны Радольфа Марка, выступаючы на мітынгу ў Каракасе, такім чынам плянуецца разьмеркаваць каля 70% закупленых прадуктаў харчаваньня, паведамляе BBC.

Апазыцыйныя палітыкі ўжо выказалі асьцярогу, што ляяльныя ўладам рады могуць дыскрымінаваць прыхільнікаў апазыцыі.

Эканамічны крызіс у Вэнэсуэле ў апошнія гады прывёў да недахопу прадуктаў харчаваньня і дэфіцыту прадметаў першай неабходнасьці (у тым ліку туалетнай паперы), гіганцкіх чэргаў і марадэрства.

Апазыцыя Вэнэсуэлы абвінавачвае прэзыдэнта Нікаляса Мадуру і яго папярэдніка Уга Чавэса ў тым, што іх палітыка прывяла да эканамічнага крызісу, які абвастрыўся з-за нізкіх цэнаў на нафту.

У Вэнэсуэле ў траўні ўступіў у сілу загад прэзыдэнта Нікаляса Мадуры перавесьці гадзіньнікі на паўгадзіны наперад для эканоміі электрычнасьці. Гэты захад павінен спрыяць скарачэньню спажываньня электрычнасьці ў цёмны час сутак.

Раней на фоне ўзмацненьня дэфіцыту тавараў улады ў Вэнэсуэле абмежавалі наведваньне дзяржаўных харчовых крамаў двума разамі на тыдзень.

Вэнэсуэла валодае найбуйнейшымі нафтавымі радовішчамі ў сьвеце, аднак падзеньне коштаў на нафту апошнімі гадамі згубна адбілася на эканоміцы краіны.

XS
SM
MD
LG