Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэстыж краіны на чатырох колах


Maybach 57/62
Maybach 57/62
«Прэстыж краіны вызначаецца наяўнасьцю ракет, лікам залатых алімпійскіх мэдалёў і лімузынам прэзыдэнта», – казаў генэральны пракурор ЗША, малодшы брат прэзыдэнта Джона Кэнэдзі Робэрт.

Як паведаміла Эўрарадыё аўтамабіль «Майбах» ужо некалькі тыдняў езьдзіць па Менску ў картэжы кіраўніка дзяржавы.

Упершыню пра існаваньне «Майбаха» ў гаражах адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандр Лукашэнка згадаў падчас прэсавай канфэрэнцыі для расейскіх рэгіянальных СМІ 16 кастрычніка сёлета. Паводле Лукашэнкі, машыну яму падараваў на дзень народзінаў «адзін расеец», аднак кіраўнік Беларусі на ёй ня езьдзіць, каб «не выпячвацца».

Каштуе «Майбах 57/62» ад 367 да 432 тысяч эўра.
«Звычайны» Mercedes-Benz S-Class Лукашэнкі
«Звычайны» Mercedes-Benz S-Class Лукашэнкі

Сёньня на раскошных машынах езьдзяць прэзыдэнты нават самых бедных краінаў. Часопіс Forbes вывучаў, на якіх аўтамабілях езьдзяць лідэры сьвету.

Ангела Мэркель, Нямеччына – Audi A8

Кошт: ад € 160 500 (сэрыйная вэрсія Audi A8L W12); кошт браняванай вэрсіі – на запыт.
Audi A8
Audi A8

Самая ўплывовая жанчына сьвету, нямецкі канцлер вядомая тым, што аддае перавагу палітыцы эканоміі як у дзяржаўных пытаньнях, так і ў прыватным жыцьці. Ангела Мэркель жыве ў шматкватэрным доме і не саромеецца зьяўляцца ў тых самых вечаровых уборах па некалькі разоў. Што ж тычыцца службовага аўтамабіля, то яна перамяшчаецца не на спэцыяльна створаным для яе лімузыне, а на сэдане нямецкага канцэрну Audi. Вядома, што браняваная вэрсія Audi A8L здольная абараніць пасажыра ад стрэлаў з агнястрэльнай зброі і выбуху гранаты пад дном. Што да ўнутранага абсталяваньня службовага Audi A8 канцлера, то яно цалкам стандартнае для аўтамабіля клясы люкс і складаецца з мабільнага офісу і міні-бара зь лядоўняй.

Франсуа Алянд, Францыя – Citroen DS5

Кошт: ад € 40 200 (сэрыйная гібрыдная вэрсія)
Citroen DS5
Citroen DS5

У адрозьненьне ад свайго папярэдніка Нікаля Сарказі, які аддаваў перавагу аўтамабілям маркі Renault, цяперашні прэзыдэнт Францыі ў якасьці службовай машыны абраў Citroen DS5. Менавіта на ім 15 траўня ён прыехаў у Элізэйскі палац на сваю інаўгурацыю. Да Алянда на Citroen DS езьдзіў Шарль дэ Голь і нават перанёс у гэтай машыне замах 1962 году. Новы кіраўнік краіны адмовіўся ад лімузына на карысьць хэчбэка з гібрыднай устаноўкай, чым прадэманстраваў клопат пра навакольнае асяродзьдзе. Варта адзначыць, што на зьмене службовай машыны аўтамабільныя мэтамарфозы першай асобы Францыі не завяршыліся: Франсуа Алянд скараціў да двух колькасьць сваіх кіроўцаў, а таксама загадаў ім выконваць правілы дарожнага руху і спыняцца на чырвонае сьвятло.

Джорджа Напалітана, Італія – Lancia Thema

Кошт: ад € 39.900 (сэрыйная вэрсія)
Lancia Thema
Lancia Thema

Італьянская аўтамабільная прамысловасьць цяпер перажывае няпростыя часы: продажы машын падаюць, італьянцы адмаўляюцца ад чатырохколавых транспартных сродкаў на карысьць двухколавых. Праўда, прэзыдэнт краіны Джорджа Напалітана пакуль не перасеў на ровар і застаецца верным італьянскаму аўтапраму. У якасьці службовага аўтамабіля ён выкарыстоўвае цёмна-сінюю Lancia Thema, якая была прадстаўленая ў Жэнэве ў 2011 годзе і зьяўляецца двайніком мадэлі Chrysler 300С. Італьянскія прэзыдэнты аддаюць перавагу машынам маркі Lancia ўжо на працягу некалькіх дзесяцігодзьдзяў.

Дэвід Кэмэран, Вялікабрытанія – Jaguar XJ Sentinel

Кошт: ад $ 110 000 (базавая вэрсія), кошт браняванай вэрсіі – на запыт
Jaguar XJ Sentinel
Jaguar XJ Sentinel

На працягу вось ужо некалькіх дзесяцігодзьдзяў прэм'ер-міністры Вялікабрытаніі ў якасьці службовых выкарыстоўваюць машыны маркі Jaguar. Пачалося ўсё з Маргарэт Тэтчэр, якая перасела на аўтамабіль з эмблемай застылага ў скачку ягуара з «Ровэра», які ёй менш падабаўся. У гаражы цяперашняга кіраўніка кабінэту міністраў Дэвіда Кэмэрана – Jaguar XJ Sentinel цёмна-сіняга колеру. Варта адзначыць, што ад машын афіцыйнага чорнага колеру адмаўляліся і папярэднікі Кэмэрана. Так, Тоні Блэр езьдзіў на срабрыстым «Ягуары», а Гордан Браўн – на аўтамабілі зялёнага колеру.

Сі Цзіньпін, Кітай – FAW Hong Qi HQE

Кошт: ад $ 600 000 да $ 1,2 млн (дакладны кошт не агалошваецца)
FAW Hong Qi HQE
FAW Hong Qi HQE

Каб павысіць попыт на аўтамабілі айчыннай вытворчасьці, урад Кітаю ў лютым 2012 году забараніў мясцовым чыноўнікам езьдзіць на іншамарках, кошт якіх перавышае $ 28 500. Зрэшты, лідэры КПК і бяз гэтага даўно перамяшчаюцца на машынах, вырабленых на кітайскіх заводах. Цяперашні кіраўнік дзяржавы Сі Цьзіньпін, як і яго папярэднік Ху Цьзіньтао, у якасьці службовага аўтамабіля выкарыстоўвае лімузын FAW Hong Qi HQE. Дэбют машыны адбыўся ў кастрычніку 2009 году на ўрачыстасьцях у гонар 60-годзьдзя абвяшчэньня КНР. Дызайн браняванага лімузыну быў навеяны традыцыйнымі кітайскімі матывамі: так, краткі яго радыятара нагадваюць старадаўні вэер.

Есіхіка Нода, Японія – Toyota Century

Кошт: зьбіраецца на замову, цана паводле запыту
Toyota Century
Toyota Century

Японія зьяўляецца адной зь вядучых краін-аўтавытворцаў у сьвеце, таму няма нічога дзіўнага ў тым, што прэм'ер-міністар краіны аддае перавагу айчынным машынам. У яго гаражы знаходзяцца два службовыя аўтамабілі. Першы – Toyota Century – ужо на працягу некалькіх дзесяцігодзьдзяў зьяўляецца галоўным транспартным сродкам вышэйшага кіраўніцтва Японіі і імпэратарскай сям'і. Выпуск Toyota Century пачаўся ў 1967 годзе. Сэдан прадстаўнічай клясы зьбіраўся і зьбіраецца ўручную, а яго дызайн амаль не зьмяніўся за больш чым 40 гадоў. Яшчэ адзін службовы аўтамабіль у гаражы Есіхіка Ноды – гібрыдны Lexus LS 600h L (кошт сэрыйнай вэрсіі – ад € 153.600), выбраны прэм'ер-міністрам як магчымасьць прадэманстраваць дасягненьні японскага аўтапраму і клопат пра навакольнае асяродзьдзе.

Барак Абама, ЗША – Cadillac One

Кошт: ад $ 300 000 да $ 1 млн
Cadillac One
Cadillac One

Большасьць прэзыдэнтаў Амэрыкі ня езьдзілі на машынах сэрыйнай вытворчасьці. Першым спэцыяльна створаным для кіраўніка ЗША аўтамабілем стаў Ford Lincoln 413B. Машыну, якая першай у Амэрыцы была абсталяваная радыётэлефонам, кампанія Ford здавала ўраду за $ 500 на год. Цяперашні прэзыдэнт ЗША Барак Абама ў якасьці службовага аўтамабіля выкарыстоўвае раскошны лімузын Cadillac One, які называюць «Авальным кабінэтам на колах». Многія тэхнічныя характарыстыкі машыны не разгалошваюцца зь меркаваньняў бясьпекі, але вядома, што Cadillac One мае ўзмоцненую браню, здольную вытрымаць выбух гранаты, і абсталяваны спэцыяльным прыстасаваньнем для стварэньня непранікальнай дымавой заслоны, а ў салёне ёсьць усе неабходныя сродкі сувязі і нават запас донарскай крыві.

Уладзімір Пуцін – Mercedes Pullman

Кошт: каля $ 1 млн
Mercedes Pullman
Mercedes Pullman

Вясной 2012 году Ўладзімер Пуцін прапанаваў перасадзіць расейскіх чыноўнікаў на аўтамабілі айчыннай вытворчасьці. Каб паказаць ім прыклад, сам прэзыдэнт у хуткім часе зьбіраецца перасесьці на ўжо сабраны і выпрабаваны лімузын маркі ЗІЛ, а пакуль перасоўваецца на аўтамабілі нямецкай вытворчасьці. Зь сярэдзіны 90-х гадоў расейскія прэзыдэнты езьдзілі выключна на браняваных Mercedes Pullman, і Ўладзімер Пуцін ня стаў выключэньнем. Яго службовы Mercedes Pullman S600 Guard мае даўжыню больш за 6 м, яго браня абараняе ад стралковай зброі і гранат, ён абсталяваны сыстэмамі тушэньня агню і абароны ад газавай атакі, а салён уяўляе сабой камфортны офіс на колах.

Паводле парталу Delfi у гаражы прэзыдэнцкай адміністрацыі Літвы – 15 легкавых аўтамабіляў. Зь іх адзін возіць экс-прэзыдэнта Валдаса Адамкуса. Цяперашні прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ нядаўна перасела ў лімузын Дэпартамэнту аховы кіраўніцтва. У пачатку свайго прэзыдэнцтва Даля Грыбаўскайтэ езьдзіла на 'Mercedes-Benz S 500 L'.
BMW 760 Li
BMW 760 Li

Прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі таксама карыстаецца машынай нямецкай вытворчасьці BMW 760 Li.
Mercedes-Benz S-Class
Mercedes-Benz S-Class

А кіраўнік Украіны Віктар Януковіч аддае перавагу Mercedes-Benz S-Class.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG